На сямі ўзгорках

ДУМАЕЦЕ, вандроўкі — толькі для маладых і багатых? Або ўвесь год збіраеце грошы на тыдзень “пляжнага” адпачынку на беразе турэцкім ці экскурсійны тур галопам па Еўропе? Але ж можна падарожнічаць па сваёй краіне — эмоцый і ўражанняў таксама будзе нямала. І, нават калі адправіцеся ў такую вандроўку ўсёй сям’ёй, гэта не нанясе сур’ёзнага ўрону вашаму бюджэту. Не давядзецца надоўга пакідаць дзяцей-бацькоў-мужа-жонку (калі яны не паедуць з вамі) і хату-кватэру-гаспадарку (у любым выпадку).

Напрыканцы вясны пабывала ў Магілёве. У выдатнай кампаніі — з экскурсійнай групай, аснову якой складалі настаўнікі гісторыі і геаграфіі з нашага раёна. Дзякуючы Ганне Саўчык (на той час загадчыцы метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама), якая арганізавала паездку, усё прайшло, як кажуць, “на дзясятку”.

Вядома, за адзін дзень дасканала пазнаёміцца з горадам немагчыма. На нешта паглядзелі зблізку, нешта — убачылі з акна аўтобуса, а пра нешта толькі пачулі ад экскурсавода. Многія падрабязнасці, вядома, сцёрліся з памяці за час, што аддзяляе майскі дзянёк (калі была ў паездцы) ад позняга студзеньскага вечара (у які пішу гэты матэрыял).

Увесь дзень ішоў дождж: то крыху паціхаў, то ператвараўся ў сапраўдны лівень. У выйгрышы былі тыя, хто загадзя пацікавіўся магілёўскім надвор’ем у інтэрнэце — і прыхапіў парасон.

Першы прыпынак — Плошча Славы на высокім беразе Дняпра. У яе цэнтры — мемарыял воінам Вялікай Айчыннай і Вечны агонь. Тут усё велічна і ўрачыста. Месца для мемарыяла выбрана выдатнае: з вышыні добра бычны Дняпро (тут яго шырыня каля ста метраў) і ладны абсяг горада. Магілёў жа размешчаны не на раўніне. Нездарма жыхары горада жартуюць, што стаіць ён “на семи холмах, аки Рим”.

Наведалі Свята-Мікольскі жаночы манастыр. Агульнавядома: у храм жанчыне трэба апранаць доўгую сукенку ці спадніцу і завязваць хустку. Але, збіраючыся ў паездку, пра гэта згадала не кожная з нас. Таму давялося перад уваходам на тэрыторыю манастыра завязаць квяцістыя хусткі і апрануць (абгарнуць вакол таліі і замацаваць адмысловымі матузкамі) стракатыя спадніцы. “Як ансамбль які,”— гледзячы на нас, трапна заўважыў адзін з мужчын-экскурсантаў. Але ўражанні ад святыні былі такімі моцнымі, што на адзенне потым ніхто не зважаў.

Бо няпростай была гісторыя манастыра, як і самога Магілёва. Адной з самых жахлівых для гэтых мясцін стала Паўночная вайна (тая самая, падчас якой Пётр І “у Еўропу прасякаў акно”). Магілёў у той час уваходзіў у склад Рэчы Паспалітай, якая адразу ваявала на баку Маскоўскай дзяржавы, а потым перайшла на бок Швецыі. Свае і чужыя рабавалі і накладалі павіннасці. А потым Пётр І, баючыся, каб шведы не зрабілі горад апорным пунктам, загадаў падпаліць Магілёў… (Выпадак у гісторыі не выключны. Варта ўзгадаць хаця б Маскву, якую спалілі праз стагоддзе, каб не пакідаць Напалеону.)

…З гэтымі мясцінамі звязаны лёс сям’і апошняга расійскага імператара. З 1915 года Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена ў “тылавы Магілёў”. І калі праз Мядзельшчыну праходзіла лінія фронту Першай сусветнай, у Магілёве “з’явілася выдатная тэатральная трупа, актыўна працавалі два кінематографы”. Гараджане былі ў захапленні ад царскіх дачок, якія без аховы шпацыравалі па вуліцах… Пасля лютаўскай рэвалюцыі Мікалай ІІ адразу ж паехаў у Пецярбург. Вярнуўся ў Магілёў не імператарам, а палкоўнікам Раманавым — каб развітацца. А ў наступным годзе царская сям’я прыняла пакутніцкую смерць…

…14 жніўня 2000 года (якраз у дзень кананізацыі царскай сям’і на Архіерэйскім саборы ў Маскве) у Магілёве пры рамонце старога будынка знайшлі партрэт Мікалая ІІ. І хаця выява не з’яўляецца кананічнай, партрэт перанеслі ў манастыр і шануюць як абраз.

…У 1930-ыя гады манастырскім будынкам знайшлі іншае прымяненне: спачатку там была перасыльная турма, а потым — кніжная база. Калі ж у пачатку 1990-ых сталі аднаўляць манастыр, на тэрыторыі знайшлі вялікае пахаванне. Не выключаюць, што гэта ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Аднак большасць навукоўцаў лічыць: там знайшлі апошні спачын людзі, якія загінулі падчас “Магілёўскага цунамі” ў красавіку 1942-га… Мела месца такая стыхія ў далёкім ад акіянаў горадзе. Праз раку Дубравенку здаўна была пракладзена чыгунка (зроблены насып, а сама рачулка на гэтым участку схавана ў трубу). Падчас вайны трубу пашкодзілі, і ў нізіне перад ёй утварыўся вялікі вадаём. Вясной, калі пачаў таяць снег, узровень вады стаў крытычным. Узнялася хваля вышынёй восем метраў, якая, змятаючы ўсё на сваім шляху, панеслася да Дняпра… Яшчэ два тыдні ніжэй па цячэнні магутнай ракі збіралі людскія целы. Загінула каля тысячы чалавек. Ша¬кіраваныя трагедыяй, акупацыйныя ўлады нават аказалі “гума¬нітарную дапамогу”, не надта, праўда, шчодрую (захавалася адпаведная справаздача: “…17-ці пацярпеўшым ад разводдзя сем’ям выдадзены 22 кілаграмы грэчкі, 32 кілаграмы ячменю, 20 яек…”).

Цяпер манастыр дзейнічае. У ім побач мінулае і сучаснасць. Бо калі для экскурсантаў войны, цунамі і дзесяцігоддзі бязвер’я — ужо гісторыя, хай сабе трагічная і балючая, то манашкі, здаецца, жывуць усім гэтым і сёння.

Адна з новых выдатных мясцін горада — скульптурная кампазіцыя “Астролаг”. Перш на яе месцы быў звычайны сонечны гадзіннік. Цяпер жа ў цэнтры кампазіцыі — сяміметровы астро¬лаг, які глядзіць у тэлескоп. Вакол — дванаццаць крэслаў з сімваламі знакаў Задыяка. З’явілася і легенда, быццам Уладзімір Жбанаў (стваральнік кампазіцыі) раіўся з прафесійнымі астролагамі, як паставіць скульптуру. А таму, кажуць, варта сесці ў крэсла ў адпаведнасці са сваім знакам Задыяка, загадаць жаданне — і яно абавязкова збудзецца. А калі яшчэ і дацягнуцца да пальца Астролага, дык поспех ва ўсім гарантаваны. Я так і не адважылася сесці ў мокрае крэсла (дождж жа амаль не сціхаў). Таму ці праўдзі¬вая легенда — не ведаю. А вось многія “калегі па экскурсіі” жаданні загадалі.

Самы чаканы этап экскурсіі — мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”.

Не аднойчы на гэтым месцы былі крывавыя баі. У ХVІ стагоддзі паўстанцы і казакі біліся з войскам магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1812 годзе — рускія войскі з французамі.

Аднак сучаснікі больш ведаюць пра жорсткія баі за Магілёў, што ішлі тут у 1941-ым. Ля вёскі Буйнічы быў пярэдні край савецкай абароны, дзе супрацьтанкавы роў падыходзіў да Дняпра. Насмерць стаялі абаронцы Магілёва… Пабываў тут і карэспандэнт газеты «Известия» Канстанцін Сіманаў — пісьменнік, які потым расказаў пра падзеі на Буйніцкім полі ў рамане “Мёртвыя і жывыя” і дзённіку “Розныя дні вайны”.

Адметна, што мемарыяльны комплекс абаронцам Магілёва “Буйніцкае поле” адкрыты 9 Мая 1995 года — ужо ў суверэннай Беларусі. Ён пачынаецца аркай, якая алеяй злучана з капліцай. У цэнтры капліцы — “Маятнік Фуко”. Пад ёй — склеп для перапахавання астанкаў чырвонаармейцаў, што загінулі ў наваколлі Магілёва. Ад капліцы алеі вядуць да “Возера Слёз” і памятнага каменя Канстанціну Сіманаву, прах якога быў развеяны над Буйніцкім полем. Вакол — узоры ваеннай тэхнікі 1940-ых гадоў. Недалёка відаць супрацьтанкавы роў… Тут разумееш, як важна данесці да моладзі праўду пра вайну.

Наступны аб’ект наведвання — заасад. Хоць не з’яўляюся прыхільнікам утрымання жывых істот у няволі, прызнаю: умовы тут створаны добрыя. Жывёлы не сядзяць за кратамі ў цесных клетках, а свабодна шпацыруюць па такіх вялізных надзелах, што і вальерамі назваць язык не паварочваецца. Упершыню ў жыцці пабывала ў сафары-парку. Толькі два кіламетры ў “цацачным” цягнічку — а ўражанняў мноства. І ад паездкі “з ветрыкам” у адкрытым вагончыку, і ад колькасці ўбачаных жывёл. Праўда, “пасвіліся” яны не ля самай чыгункі, а крыху воддаль — толкам не разгледзіш.

Наступны этап экскурсіі — комплекс “Этнаграфічная вёска ХІХ стагоддзя”. Прыгажосць, скажу я вам… Вядома, гэта ў пэўнай ступені шарж: цяжка ўявіць сабе ў сапраўднай вёсцы ХІХ стагоддзяў дарожкі з тратуарнай пліткі, фантаны і экзатычныя расліны… Этнаграфічны комплекс у вялікай пашане ў расійскіх турыстаў. Ды і “профі” ў кветкаводстве з ліку нашых настаўнікаў экзатычнымі раслінкамі захапляліся і нават фатаграфавалі. На тэрыторыі комплексу шмат сувенірных крамак: хаткі ганчара, ткачыхі, пекара, цесляра, каваля, самагоншчыка… Там можна не толькі набыць адметны сувенір, але і паглядзець, як яго ствараюць. Праўда, часу на тое зусім мала. Ажыўлена было ў хатцы самагоншчыка. Праз шкло можна назіраць за працэсам вырабу напою. Не з’яўляюся знаўцам у гэтай галіне, таму не магу сказаць, наколькі захавана старадаўняя тэхналогія. Самі прылады — новыя, бліскучыя — мусіць, з нержавейкі. Так што сучасныя патрабаванні (калі пра такія можна казаць у адносінах да самагонаварэння), пэўна ж, выконваюцца.

З паездкі заўсёды прыемна прывезці нешта на ўспамін пра наведаныя мясціны… Спадабалася сувенірная талерка. Прыгожая і зроблена з толкам: хочаш — на сцяну вешай, хочаш — за шкло ці на камін стаўляй (ёсць і “вяшак”, і адмысловая падстаўка). З роспісам талерачка, рэльефная: на пярэднім плане — мясцовы тэатр, воддаль — манастыр, зверху — герб горада, пад ім напісана: “Могилёв”, унізе на ручніку: “Беларусь”. Каштаваў сувенір не сказаць каб танна, але ж такі прыгожы… Ужо дома на этыкетцы, прыклеенай са зваротнага боку, прачытала: “Made in China”. Не дзіва, што сёлета першай эканомікай свету стала кітайская…

Узгадаўшы, што лепшы сувенір — ядомы, зайшла ў прадуктовую краму. Але нейкага адметнага гасцінца — такога, што не купіш у Мядзеле — не знайшла. З аднаго боку — шкада, канечне. А з іншага… Ды дзякуй Богу, што мінулі часы, калі з паездак везлі “гарадскі” хлеб ды вязкі абаранак, якія ў вёсцы лічыліся за ласункі!

Так, за адзін дзень дасканала пазнаёміцца з горадам немагчыма. Таму хочацца з’ездзіць у Магілёў сям’ёй: схадзіць у тэатр, пабываць у музеях, пакатаць малога на “цацачнай” чыгунцы, ды і жаданне ля Астролага, нарэшце, загадаць.

Р. S. А калі настаўнікі возьмуць яшчэ ў якую вандроўку па Беларусі — з задавальненнем паеду!

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымках: 1. Фрагмент скульптурнай кампазіцыі “Астролаг”; 2. Узоры ваеннай тэхнікі мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”; 3. Мемарыял воінам Вялікай Айчыннай вайны на Плошчы Славы.



08 Студзень 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах        від на Мядзел возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела