Да пакупніка — з увагай | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Да пакупніка — з увагай

У МАГАЗІНЕ «Родны кут», што ў гарадскім пасёлку Крывічы, працуе прадаўцом Таццяна Будзько — жанчына сціплая, шчырай і адкрытай душы, з напоўненымі добрай цеплынёй вачамі. Яна падзялілася сваім сакрэтам, як працаваць з людзьмі і для кожнага заўсёды знаходзіць усмешку.

— Перш за усё, трэба любіць сваю работу, тады яна будзе найбольш карысная грамадству. Мне падабаецца выкладваць тавар на паліцы, гутарыць з людзьмі. Калі тавару ў краме багата, шмат пакупнікоў наведваецца — так і дзень хутка прабяжыць, і сумаваць няма калі. А каб быць добрым прадаўцом, трэба ўмець падысці да кожнага чалавека, падказаць са шчырай усмешкай, параіць. Не мае ніякай розніцы, хто з’яўляецца пакупніком: малады ці стары, багаты ці бедны. Да любога чалавека трэба заўсёды ісці з дабром, і гэта будзе, хоць і крышачку, узаемна. Трэба быць ветлівым, ураўнаважаным, спакойным, як бы не было ў гэты час ва ўласным жыцці. А сам прадавец павінен быць, у першую чаргу, сумленным. Таксама важна мець добрыя стасункі і ў калектыве — умець дзесьці прамаўчаць, саступіць, іншы раз пажартаваць. Ад лаянкі і чорнай крыўды, якая будзе нараджаць помсту, ніякага дабра не будзе. Мае калегі мне, можна сказаць, сябры. Чалавеку ўвогуле трэба ва ўсім імкнуцца жыць у ладзе і згодзе, — расказвае Таццяна Станіславаўна.

Нельга не пагадзіцца з яе довадамі. Тым больш, што за плячыма ў яе багаты жыццёвы і працоўны вопыт.

У свой час Таццяна набыла прафесію бухгалтара. Сямнаццаць гадоў адпрацавала ў бухгалтэрыі колішняй «Сельгасхіміі». Аднак арганізацыю расфарміравалі, патрэбна было шукаць новае месца работы. У Крывічах асабліва няма куды падацца. Вось і ўладкавалася ў бальніцу на пасаду повара. Дзесяць гадоў яна з дня ў дзень рыхтавала ежу для хворых. Толькі добрыя, шчырыя словы падзякі гучалі ў яе адрас ад кіраўніцтва бальніцы, ад пацыентаў.

Год таму вырашыла жанчына памяняць прафесію. Неяк завітала ў магазін «Родны кут» і пацікавілася ў загадчыцы, маўляў, ці патрэбны вам людзі, хачу да вас на працу.

— Калі ласка, прыходзь, з задавальненнем прымем, — пачула яна ў адказ.

— 16 снежня споўніўся роўна год, як Таццяна Станіславаўна ўлілася ў наш невялікі і дружны калектыў, — расказвае загадчыца Святлана Курыловіч. — Яна прадавец чацвёртага разраду. Усяго ў нас шэсць прадаўцоў, фасоўшчыца, прыбіральшчыца і грузчык. Кожны добрасумленна выконвае службовыя абавязкі. А пра Будзько скажу, што гэта адказны, шчыры, добрасумленны работнік. Ні адной скаргі не было ў яе адрас ад пакупнікоў…

Магазін «Родны кут» знаходзіцца ў Крывічах у вельмі зручным месцы, у цэнтры пасёлка. Менавіта таму тут заўсёды шматлюдна. Тут багаты асартымент харчовых тавараў. А галоўнае, як мне здаецца, ёсць жаданне абслужыць як мага лепш свайго пакупніка. Найбольш напружаныя гадзіны — калі людзі ідуць на абед або вечарам, пасля работы. Калі запытаў у загадчыцы, колькі прыкладна за дзень кліентаў наведвае магазін, спачатку яна разгубілася, але потым сказала, што больш за 300. Мне здалося, што гэта не так і многа. Аднак, калі на кожнага пакупніка затраціць у сярэднім тры хвіліны, атрымаецца цэлых 900 хвілін ці 15 гадзін працы.

Загадчыца расказала, што кожны прадавец мае ў магазіне «свой куток». Таццяна Станіславаўна, напрыклад, адказвае за аддзел, дзе размешчаны малочныя прадукты і чай.

— Тут заўсёды добрая выкладка, парадак. Прадавец уважліва сочыць за тэрмінамі рэалізацыі тавараў. Словам, заўваг ніякіх няма, — кажа Святлана Пятроўна.

— Вось вы працуеце ў магазіне год. Ці выбралі б зноў гэту ж прафесію? — пытаюся ў Таццяны Будзько.

— Для мяне нічога не можа быць лепш за работу з людзьмі. Цяжкавата, але не надакучыла. А як можа надакучыць, калі кожны новы дзень не падобны на папярэдні? І калі заўсёды адчуваеш, наколькі твая работа патрэбна іншым. Вось вы, скажам, сабраліся ў магазін. На што пры гэтым разлічваеце? На тое, што пакінеце яго задаволеным: і пакупку патрэбную зрабілі, і абслужылі вас ветліва. Пакупнік для прадаўца — гэта чалавек, якому ты павінен быць рады заўсёды, нягледзячы ні на яго кепскі настрой, ні на яго празмерную прыдзірлівасць, — чую ў адказ.

Адна з пакупніц так ахарактарызавала Таццяну Будзько: «Прадавец ветлівы, прыязны, як чалавек шчыры, умее так прапанаваць тавар, што абавязкова яго купіш!». А другая дадала: «Гэта вельмі ўважлівы гандлёвы работнік. Неаднойчы я забывалася ў хаце акуляры і без іх была ў магазіне як без рук, не магла ўбачыць цэнаў, разабрацца, які салат купіць, бо не давала рады прачытаць, з чаго ён прыгатаваны. Таццяна Станіславаўна, як заўсёды і кожнаму, ахвотна дапамагала мне зрабіць пакупкі. Дзякуй ёй за ўсё».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: прадавец магазіна «Родны кут» г. п. Крывічы Таццяна Будзько.

Фота Георгія Прысмакова.



31 снежня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Касцёл у Засвіры   возера Мястра  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси