Аўтакемпінг «Нарач»

ТЫЯ, хто лічыць, што адпачываць у аўтакемпінгу «Нарач» можна толькі летам, памыляюцца. Тут рады прыняць турыстаў круглы год. І для гэтага створаны ўсе ўмовы. Прычым даволі камфортныя.

Аўтакемпінг належыць Нацыянальнаму парку «Нарачанскі». 1 верасня 2012 года была здадзена ў эксплуатацыю гасцініца «Нарач».

— Хто шукае цішыню і спакой, знойдзе менавіта тут. Лепшага месца, каб адпачыць ад гарадскога шуму і мітусні, не знойдзеш. Больш таго, у нас працуюць шчырыя, добразычлівыя людзі, — зазначае старшы адміністратар гасцініцы Ірына Купрэвіч.

— Што сабой сёння ўяўляе ваша база адпачынку? — цікаўлюся ў вядучага інжынера, выконваючага абавязкі начальніка аўтакемпінга Яўгена Гампера.

— Гэта двухпавярховая гасцініца, аднапавярховы модуль эканом-класа, два летнія домікі з усімі выгодамі і 20 стаянак. Акрамя таго, за намі замацавана база адпачынку «Пронькі». Гаспадарка ладная, — адказвае ён.

Яўген Анатольевіч згадзіўся паказаць нам гасцініцу, пазнаёміць з умовамі пражывання. Забягаючы наперад, скажу — усё цудоўна. У гасцініцы 12 аднапакаёвых двухмесных нумароў і адзін трохпакаёвы чатырохмесны класа «Lux». У кожным нумары сучасная мэбля, тэлевізар, санвузел, душ. Драўляная абліцоўка сцен надае пакоям своеасаблівую прыгажосць, нестандартнасць і ўтульнасць. У нумарах на другім паверсе адметная столь, што таксама прыцягвае ўвагу. Словам, умовы для адпачынку выдатныя.— Хто адпачываў у нас летам, той амаль на кожныя выхадныя зноў імкнецца сюды прыехаць. Многія адразу цікавяцца, ці свабодны люкс. Ён карыстаецца попытам, — расказвае Яўген Анатольевіч. — Усяго гасцініца разлічана на 28 чалавек. Але ў аднапакаёвых нумарах ёсць канапа, якую пры неабходнасці можна раскласці, і тады ўмяшчальнасць павялічваецца да 40 чалавек.

— А колькі ўсяго адпачываючых адначасова можа прыняць аўтакемпінг? — пытаюся.

— Гасцініца — 40 чалавек, модуль — 39, два гасцявыя катэджы — па 4 асноўныя і два дадатковыя месцы кожны. Гэта без уліку палатачнікаў. А колькі палатак на турыстычных стаянках, раз на раз не прыходзіцца. Можа на стаянку прыехаць адна машына, а іншы раз прыязджае кампанія на 5 аўтамашынах, — чую ў адказ. — Усяго дваццаць стаянак.

Суразмоўца расказаў, што катэджы аднапавярховыя. У іх — кухня-сталовая, электрапліта, посуд, тэлевізар, халадзільнік, дзве двухмесныя спальні і дадатковае месца — раскладная канапа. Акрамя гэтага, ёсць санвузел, душ, падведзена гарачая вада. Побач з катэджамі прадугледжана паркоўка для аўтамабіляў, пабудавана альтанка, абсталявана вогнішча, ёсць мангал. Размешчаны катэджы ў лесе, непадалёку ад возера.

На турыстычных стаянках — таксама альтанкі, абсталяваны вогнішчы. Сюды пастаянна завозяцца дровы. Ёсць кантэйнеры для смецця. Модуль уключае два двухмесныя, дзевяць трохмесных і адзін чатырохмесны нумары, у якіх ёсць халадзільнікі. У двухмесных — устаноўлены тэлевізары.

У гасцініцы працуе кафэ на 48 месцаў, бар. Свая кухня. Цудоўны балкон. Таму не толькі можна адпачываць, але і ладзіць розныя карпаратыўныя мерапрыемствы.

— А ў нас рэгулярна заказваюць кафэ для правядзення вяселляў, юбілеяў, іншых мерапрыемстваў. Летам ніколі не пустуе і тэраса, — зазначае Яўген Анатольевіч.

У нумарах цёпла і ўтульна. З размовы даведаўся, што ёсць свая кацельня, якая працуе на дрывах. Устаноўлены тры катлы, два працуюць, адзін у рэзерве.

— Катлы вельмі эканамічныя. За месяц летам расходуем 15 кубоў дроў, даём гарачую ваду, зімой — да 30 кубоў. Катлы магілёўскага завода. Ніколькі не шкадуем, што іх набылі. Па цане за тры катлы заплацілі столькі, колькі давялося б выкласці за адзін чэшскай вытворчасці, — кажа выконваючы абавязкі начальніка аўтакемпінга. — А на перспектыву ёсць задума пабудаваць лазню, зараз праект знаходзіцца на ўзгадненні.

— Тэрыторыя, бачна, не малая, але паўсюдна чысціня. Хто яе падтрымлівае? — цікаўлюся.

— Сапраўды тэрыторыя ладная — 33 гектары. Летам бяром сезонных работнікаў, у зімовы час абавязкі па ўборцы тэрыторыі ўскладаем на вартаўнікоў. Для іх закуплена спецыяльная тэхніка, — адказвае Яўген Анатольевіч.

Калектыў аўтакемпінга невялікі — 16 чалавек, дружны і зладжаны. Таму начальніку і выдзеліць кагосьці асобна складана.

— Усе працуюць добра, — кажа ён. — Але хачу адзначыць старшага адміністратара гасцініцы Ірыну Купрэвіч, адміністратараў Маю Цыцорыну, Аксану Шышко, пакаёўку Валянціну Чарапок, качагараў Аляксандра Шабана, Аркадзія Багуцкага.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: адміністратар гасцініцы аўтакемпінга «Нарач» Мая Цыцорына.

Фота Георгія Прысмакова.



24 снежня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Сядзіба Максіма Танка  223_ лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела