Якія гаспадары, такія і двары

ПРЫЕМНА зайсці ў двор, пад’езд, калі там чысціня і парадак. Адразу складваецца ўражанне, што тут жывуць акуратныя, прыстойныя людзі. А калі сітуацыя супрацьлеглая? Як характарызуе жыхароў бруд і неахайнасць? І калі з уласным падворкам усё зразумела (ёсць гаспадар ці гаспадыня, якія адказваюць за парадак), то з пад’ездамі і дварамі шматкватэрных дамоў часта ўзнікаюць пытанні. Жывуць тут людзі рознага ўзроўню культуры, з рознымі патрабаваннямі і звычкамі. Адны фіранкі на вокны вешаюць, кветкі ставяць на падаконнікі, а іншыя кідаюць недакуркі ў вазоны, на клумбы, размалёўваюць непрыстойнымі словамі сцены і паштовыя скрыні. Ёсць у жыхароў шматкватэрных дамоў агульныя пытанні і больш сур’ёзныя. Як і кім яны вырашаюцца? Напрыклад, у доме № 19 А па вуліцы 1 Мая ў Мядзеле цяжар гэтай ношы ўзяў на сябе старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва Андрэй Гаммель.

— Як усё пачыналася, Андрэй Артуравіч?

— Як і многія, у свой час вырашыў уступіць у ЖБК, каб займець кватэру, — расказвае ён. — Наш кааператыў ствараўся на базе заяў з Мядзельскага аддзялення “Беларусбанка” і раённай бальніцы. Адсюль і назва адпаведная — “ААБ-Медык”. Прапанаваў мяне на пасаду старшыні Іван Валянцінавіч Мехавіч (ён тады ўзначальваў аддзяленне “Беларусбанка”, а я працаваў там у службе бяспекі). Так я і прыйшоў. Сам жа палічыў, што ў гэтай справе дапаможа мой вопыт работы на будоўлях: працаваў з бацькам Артурам Францавічам, брыгадзірам комплекснай брыгады, у “ПМК-215”, потым быў электрыкам. Словам, уяўленне пра будаўніцтва меў, ды і асабістая зацікаўленасць, канечне, была: тут і мне квадраты адводзіліся.

Жыхары ў 20-кватэрны будынак засяліліся ў 2009 годзе. Але пытанні эксплуатацыі дома, таксама як і будоўлі, патрабуюць аператыўнага вырашэння і адказнасці. Для таго, каб абслугоўваць цеплавузлы, электрыку, дваровую тэрыторыю, лесвічныя пляцоўкі і іншае, кааператыў мае, акрамя старшыні і бухгалтара, свайго электрыка і тэхніка. З імі заключаны дагаворы, яны атрымліваюць зарплату, больш таго, яны — члены ЖБК. Таму, калі ўзнікае якое пытанне, дастаткова яго агучыць старшыні. Усё выконваецца тэрмінова і якасна.— Калі на сходзе падымалася пытанне ўборкі пад’езда, — далей расказвае Андрэй Артуравіч, — вырашылі прыбірацца самі па чарзе. Распрацавалі і вывесілі графік. Тым, хто “забывае” выйсці з венікам на лесвічную пляцоўку, суседзі абавязкова нагадаюць. Рашэнне ж агульнае. А каля дома прыбірае тэхнік, сумяшчаючы абавязкі дворніка. Зноў жа, па рашэнні схода жыхароў.

— На ўваходзе ў пад’езд вашага дома вісіць шыльда “Увага! Вядзецца відэаназіранне”. Наколькі сябе апраўдала сучаснае новаўвядзенне?

— Наш кааператыў адзін з першых у раёне ўсталяваў камеры відэаназірання. Пасля таго, як падрапалі машыну ў двары. Павесілі тры штукі: дзве глядзяць у двор, яшчэ адна “назірае” за пад’ездам. А пра тое, як з іх дапамогай удалося раскрыць злачынства з крадзяжом паліва з бензабакаў аўтамабіляў, пісалі нават у газеце. Стаянка наша добра асвятляецца, таму твары зладзеяў і іх дзеянні былі добра бачны. Гэты выпадак дапамог запэўніць у правільнасці рашэння і тых, хто першапачаткова быў супраць ўстаноўкі камер.

Карысць відэаназірання, па словах Андрэя Гаммеля, яшчэ і ў тым, што яно моцна дысцыплінуе, прычым як дзяцей, так і дарослых. Ніхто ўжо са сваіх не нашкодзіць у двары, падумае, перш чым кінуць пад дзверы недакурак ці залезці з нагамі на лаўку. Дарэчы, дзіцячая пляцоўка, дзе няма камеры, пакутуе ад візітаў няпрошаных гасцей, якія вядуць сябе, мякка кажучы, не культурна. Камеры дазваляюць менш хвалявацца, калі даводзіцца на доўгі час пакідаць кватэру. Ды і веласіпеды, якія зараз дорага каштуюць, пад надзейнай вартай.

Закранаючы самы далікатны фінансавы бок ЖБК, старшыня тлумачыць, што і тут удалося дамовіцца. Штомесячна ўладальнікі кватэр адлічваюць пэўныя сумы на капрамонт згодна з тарыфамі Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь (сёння гэта 600 рублёў за квадратны метр) і на тэхнічнае абслугоўванне (670,6 рубля за квадратны метр). Таксама аплочваецца членскі ўзнос, зацверджаны на агульным сходзе, і можа ён быць розным у залежнасці ад абгрунтавання затрат (зарплата, падаткі, дагаворы і інш.).

— Галоўнае, каб людзі ведалі, куды ідуць грошы, — дзеліцца сакрэтам старшыня. — Тады і размаўляць лягчэй. Стараюся сваю зарплату адпрацоўваць. Для мяне не зразумела, калі ў некаторых ЖБК і старшыня ёсць, і грошы за гэта атрымлівае, а пытанні застаюцца нявырашанымі. Напрыклад, для таго, каб закрыць праблему абкосу тэрыторыі, купілі трымер. І ў ЖБК “Мядзел”, які па просьбе яго членаў стаў узначальваць з верасня гэтага года, таксама набылі сучасную мотакасу. Сезонная праблема такім чынам знята, людзі задаволены.

Па ўсім бачна, Андрэй Артуравіч выдатна спраўляецца з ускладзенымі абавязамі. Як доказ яго прафесіяналізму — сертыфікат аб павышэнні кваліфікацыі на абласным навучальным семінары старшынь ЖБК, атрыманы ў 2011 годзе. Да яго звяртаюцца за парадай калегі — нікому не адмаўляе. Ды і сам не саромеецца пытацца, калі што не ведае.

Не за гарамі Новы год. Усе, каму даводзіцца хадзіць праз гэты двор, ведаюць, што тут напярэдадні святаў з’яўляецца прыбраная ёлка, якая цёмнымі зімовымі вечарамі зіхаціць рознакаляровымі агеньчыкамі і стварае настрой не толькі гаспадарам дома. Андрэй Гаммель запэўніў, што і сёлета набудуць лясную прыгажуню, каб радавала вока і дзяцей, і дарослых. Некаму ж трэба і пра гэта клапаціцца.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва “ААБ-Медык” Андрэй Гаммель.

Фота Георгія Прысмакова.

Раіса Курцэвіч, намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы, член ЖБК “ААБ-Медык”:

— Лічу, нам вельмі пашанцавала са старшынёй кааператыва. Андрэй Артуравіч вельмі адказны, ініцыятыўны. Патрэбныя аб’явы вывесіць, усіх пакватэрна абыдзе, любое пытанне вырашыць. Напрыклад, набыў кусты, а потым арганізаваў жыхароў, каб дапамаглі іх пасадзіць. Відэакамеры — таксама яго ідэя, пясок на зіму закупляе, каб было чым пасыпаць тратуар. Мы бачым яго гаспадарскі падыход да справы, а таму падтрымліваем. У выніку робім агульную справу — наш двор заўсёды чысты і ўтульны.

 



19 снежня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Будаўніцтва

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Рэчка Нарачанка        Лебедзі на Нарачы dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси