Новы віток жыцця Наносаў

НАША газета не раз пісала, што ў вёсцы Наносы неўзабаве запрацуе этнаграфічны комплекс для турыстаў. Днямі давялося там пабываць. У размове з “прымаючым бокам” наўмысна абмінала тэмы інвестыцыйнага праекта, паслуг для турыстаў, поўнага пераліку і падрабязнага апісання аб’ектаў — гэта больш цікава аўтарам і чытачам іншых рубрык раёнкі. А вось старадаўнімі традыцыямі — пацікавілася. На пытанні адказаў

Павел ГОЛУБ — адзін з каманды архітэктараў, што працуюць над стварэннем турыстычнага комплексу.

— Разумею: задача перад стваральнікамі этнаграфічнай вёскі стаяла няпростая. З аднаго боку — паказаць традыцыйны побыт беларусаў. З іншага — забяспечыць пэўны ўзровень камфорту, бо наўрад ці сучасны пераборлівы турыст захоча жыць у курной сялянскай хатцы ўзору ХІХ стагоддзя. Як удалося спалучыць гэтыя супрацьлеглыя моманты?

— Мы і не ставілі мэтай дасягненне абсалютнага гістарызму. На тое шмат прычын. Па-першае, зямля. Каб будынкі традыцыйнага падворку былі размешчаны граматна і паўнацэнна, кожны павінен мець добры кавалак зямлі. Нам жа трэба было размясціць больш хатак для пражывання, эфектыўна выкарыстаць надзел — гэта бізнес, так ці інакш. Па-другое, сучасныя санітарныя і пажарныя патрабаванні да такога тыпу будынкаў абмяжоўваюць і знешнюю архітэктоніку, і ўнутраны склад, і ўмовы прыгатавання ежы. Таму пастаянна даводзілася адшукваць нейкія кампрамісныя варыянты паміж аўтэтычнымі элементамі і камфортным знаходжаннем сённяшняга турыста. Мэту гэту, лічу, дасягнулі максімальна.

Імкнуліся, вядома, выкарыстоўваць сапраўдныя экспанаты ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў, на нашай зямлі вырабленыя.

— У адрозненне ад наведвальнікаў традыцыйнага музея, госці этнаграфічнай вёскі змогуць не толькі даведацца пра даўнейшы побыт, але і папрацаваць, як кажуць, па тагачасных тэхналогіях. Так, на тэрыторыі комплексу ёсць вадзяны млын. Ён сапраўды будзе дзейнічаць?— Там размесціцца музей хлеба. Камплектуецца ён толькі аўтэнтычнымі экспанатамі — усе паходзяць з даўніх часоў — ад ХVІІІ да сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Працэс памолу зерня адноўлены на 100%. Шукаем чалавека, які зоймецца эксплуатацыяй млына — і будзе гэтым жыць.

За памяшканнем з жорнамі знаходзіцца пякарня. Адпрацоўваем рэцэпты, вучымся ў мясцовых майстроў. Вельмі прыемна, што людзі ідуць насустрач, дапамагаюць, падказваюць, як не нарабіць памылак. Хаця разумеем, што дакладна так, як на адной кухні — на іншай не атрымаецца. Так ці інакш, у нас будзе па-свойму.

— Ды і ці магчыма, дакладна захоўваючы традыцыйныя “бабуліны” тэхналогіі, выканаць сучасныя санітарныя патрабаванні?

— Мы ж не будзем займацца вытворчасцю прадуктаў харчавання. А толькі прапануем гасцям паўдзельнічаць у прыгатаванні хлеба. Калі захочуць — змогуць забраць тое, што атрымалася. Таму хлеб тут хутчэй сувенір, чым ежа.

— Бачыла на тэрыторыі комплексу ветракі. Раскажыце пра іх, калі ласка.

— Вялікую каштоўнасць уяўляе ветраны млын, прывезены з Ляхавіч Брэсцкай вобласці. Яму пашчасціла ў свой час не быць упрыгожаным шыльдай “гісторыка-культурная каштоўнасць”. Чаму так кажу? Калі ездзіў у камандзіроўку ў Брэсцкую вобласць, звярнуў увагу на некалькі панскіх фальваркаў, на якіх вісіць такая шыльда. Разрабаваныя, расцягнутыя — проста ў жахлівым стане. А гэты вятрак 1876 года пабудавання захаваўся. Да жорнаў падвялі электракабель ад слупа. Калі нашчадак былога гаспадара памёр, нікому не перадаўшы майстэрства (у яго не было сыноў), вятрак стаяў без выкарыстання. Пахіліўся, лопасці адгнілі… Знешне нагадваў сіласную вежу. Ён гатовы ўжо быў паміраць… А ўнутранае начынне захавалася ідэальна. Канструкцыя козлавага меха¬нізма ўнікальная і абсалютна аўтэнтычная. Яна апісана ў беларускіх падручніках па архітэктуры.

А вось жорны ў гэтым млыне — ужо савецкага перыяду, бетонныя. Але мы вырашылі іх пакінуць — захаваць, як было. Зразумейце правільна: жорны — расходны матэрыял, яны зношваюцца. Не могуць служыць сто ці дзвесце гадоў.

Мы не будзем “запускаць” вятрак: для бяспекі турыстаў патрэбна, каб там нічога не хісталася.

Ёсць яшчэ адзін млын — аглядавы. У ім размесціцца музей самагонных апаратаў.

— Побач з вёскай для турыстаў знаходзіцца вёска, так бы мовіць, сапраўдная. І з этнаграфічнага пункту гледжання цікавая: у Наносах прадстаўлены хрэстаматыйны прыклад пагоннай забудовы двароў. З даўніх часоў надзелы з пабудаванымі ў адзін рад хатамі і гаспадарчымі памяшканнямі цягнуцца да Нарачы… Як ужывуцца вёска сапраўдная і этнаграфічна-турыстычная? Не будуць перашкаджаць адна адной?

— На полі за Наносамі па сезону будуць праводзіцца рыцарскія рэканструкцыі: баі, захопы замкаў… Пастараемся не парушыць цішыню жыцця вёскі. Аднак спадзяёмся, што мясцовым лю¬дзям таксама будзе цікава… Цікава ўжыцца ў гэты рух. Турысты ж захочуць павезці з сабой сувеніры (з дрэва, керамікі, шкла, іншых матэрыялаў), якія б мелі нейкія тутэйшыя асаблівасці. Не ведаю толькі, ці пажадаюць мясцовыя жыхары заняцца вырабам такой прадукцыі…

Спадзяюся, тутэйшым людзям наша суседства будзе прыемным: гэта ж не смерць вёскі, а яе аднаўленне. Новы віток жыцця…

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымках: 1. Архітэктар Павел Голуб; 2. Вадзяны млын.

Фота Георгія Прысмакова.



11 снежня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 _dsc1133-3 лебедзі на Мястры dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси