Лазня карыстаецца попытам

СЁННЯ многія гаспадары маюць лазні на ўласных падворках. Але гэта не азначае, што роля грамадскіх лазняў прыніжана. Не, як і раней, яны карыстаюцца попытам, асабліва сярод аматараў пары і веніка. Шмат гадоў працуе лазня ў гарадскім пасёлку Свір. Як зазначыў майстар вытворчага ўчастка «Свір» РВУП «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка» Сяргей Казлоў, у пасёлку лазня ніколі не пустуе.

— У гэтым вялікая заслуга машыніста-качагара кацельні лазні Івана Абромчыка, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — Па сумяшчальніцтву ён выконвае абавязкі лазеншчыка. Васемнаццаць гадоў працуе качагарам у камунгасе. Спачатку завіхаўся ў цэнтральнай кацельні. З адказнасцю выконваў даручаную справу. Калі ўзнікла неабходнасць кагосьці накіраваць у кацельню лазні, прапанавалі Івану. Згадзіўся. Мы ведалі, што і на гэтым адказным пасту ён не падвядзе. Гэта вельмі шчыры і працавіты, адказны і дысцыплінаваны чалавек.

— Колькі разоў на тыдзень жыхары пасёлка маюць магчымасць скарыстацца паслугай лазні? — пытаюся ў Івана Абромчыка.

— Лазня працуе раз на тыдзень. У нас ёсць два аддзяленні: мужчынскае і жаночае, — расказвае Іван Тадэвушавіч. — Цепліць яе пачынаю ў пятніцу. А ў суботу — з ночы, каб да дзвюх гадзін дня ўсё было гатова. Папулярнасцю карыстаецца парылка, асабліва ў мужчын. Можа адзін з дзесяці чалавек яе не наведвае.

— Вы і білеты ў лазню прадаяце? — цікаўлюся.

— Не. Ёсць касір. Гэту пасаду займае Рэгіна Дубатоўка, — чую ў адказ.

— Дык вы ўдваіх абслугоўваеце аматараў папарыцца ў лазні? — задаю чарговае пытанне.

— Не. У жаночым аддзяленні лазеншчыцай працуе Марыка Дубенька. Яна і за парадкам сочыць, і прыбірае. Лазня працуе з дзвюх гадзін дня да дзесяці вечара. Самі разумееце, за гэты час некалькі разоў патрэбна прыбраць і ў парылцы, і ў мыючым аддзяленні. У жаночым — падтрымлівае парадак яна, у мужчынскім — я, — гаворыць Іван Абромчык.

З далейшай размовы даведаўся, што наведваюць лазню зараз чалавек 60-70. — Раней больш за сотню прыходзіла памыцца. А вось калі білеты падаражэлі (зараз наведванне лазні абыходзіцца ў 30 тысяч рублёў, а было дзевятнаццаць тысяч чатырыста рублёў), дык і людзей менш стала. Пакуль прывыкнуць да новых расцэнак, — усміхаецца Сяргей Казлоў.

— Калі больш жадаючых наведаць лазню і парылку: зімой ці летам? — пытаюся ў лазеншчыка.

— Як не парадаксальна — летам, — чую ў адказ. — І мясцовыя жыхары, і шматлікія адпачываючыя.

Жадаючыя маюць магчымасць на месцы купіць венік, мыла, мачалку. Раней і мінеральную ваду прадавалі, квас. Венікі нарыхтоўваюць работнікі ўчастка.

— Амаль усе прыходзяць са сваімі венікамі, а хто не мае, то, калі ласка, купляйце тут. Людзям гэта зручна, яны задаволены такой паслугай, — тлумачыць Іван Абромчык. — Да зімы, як заўсёды, рыхтуемся грунтоўна. Вось і сёлета зрабілі касметычны рамонт, падладзілі печы. На будучае кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі абяцала зрабіць капітальны рамонт. Адназначна магу сказаць, што ў Свіры лазня карыстаецца попытам.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: лазеншчык Іван Абромчык.

Фота Георгія Прысмакова.



27 лiстапада 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Жыллёва-камунальная гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Касцёл у Шэметава   _dsc1133-3 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела