Пра русалку

АДНАГО разу прыехаў юнак на Нарач, пахадзіў навокал, паглядзеў на блакіт неба, сінь вады, зеляніну берагоў, падыхаў смалістым водарам сасновага бору, паслухаў шэпт хваль, песні салаўёў і — палюбіў Нарач. Не мог спаць па начах. Як толькі ўзыходзіў месяц, бег да Нарачы, кідаўся ў возера. Гадзінамі плаваў і ныраў, а калі зусім стамляўся, засынаў на хвалях. Яны адносілі яго да берага і ахоўвалі ад начной прахалоды.

Аднойчы спаткаў на беразе дзяўчыну-русалку. Пасля яны сустракаліся кожную ноч, купаліся ў вадзе, бегалі ў тумане па росах лугоў, сядзелі на пушыстым блакітным дыване з моху. Русалка падаравала юнаку каралі з жоўтага і чырвонага бурштыну і сказала пры гэтым, што жоўты бурштын — яе слёзы, а чырвоны — кроў, што каралі засцерагуць яго ад няшчасцяў і пакуль яны будуць цэлыя, будзе жыць іх каханне.

Запрасіў юнак русалку на танцы ў вёску.

Яна прыйшла ў чаравіках з ракавін. Туфлі выклікалі агульную ўвагу, да яе пачалі прыглядацца, заўважылі, што ў дзяўчыны незвычайнае адзенне, убачылі водарасці ў валасах.

— Русалка! — крыкнуў нехта.

І тут здарылася нечаканае — дзяўчына выскачыла з хаты і знікла ў возеры.

— Утапілася, утапілася! — закрычалі навокал. Хлопцы кінуліся ў ваду ратаваць яе. Прыехалі на лодках рыбакі з сеткамі, пачалі ўсюды шукаць тапеліцу.

Але хто калі знаходзіў русалку ў возеры?

— Аднойчы, калі туманнай ноччу юнак шукаў і клікаў на нарачанскіх берагах русалку, яна падплыла да берага і сказала, што з вады ёй цяпер ніколі не выйсці, а калі ён яе кахае, няхай ідзе назаўсёды ў возера. Пачала русалка юнака пад ваду клікаць. Кінуўся да русалкі ў возера, а яна далей адплыла, пад месяцам мыецца, прыхарошваецца, глядзіцца ў люстэрка вады. Так некалькі гадзін юнак на возеры за той русалкай плаваў, а як зусім стаміўся, дабраўся да берага, не хацелася яму тапіцца. А русалка побач, сваволіць, у вочы яму зазірае.

— Не ідзі ад мяне! — просіць.

Але юнак адштурхнуў русалку, яе падарунак — каралі — у ваду кінуў.

Возера хвалямі юнака ўдарыла, зваліўся ён у непрытомнасці на пясок. На возеры бура пачалася. Русалка закрычала тужліва і назаўсёды знікла. Вось з таго часу некаторыя шчасліўцы знаходзяць на Нарачы бурштын.

Па матэрыялах Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка.



21 лiстапада 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  dsc_5774-3 84 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела