Калі хата дзецьмі багата

НА Мядзельшчыне сёння 223 сям’і, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей. Менавіта такія валодаюць статусам мнагадзетных і маюць магчымасць карыстацца пэўнымі льготамі. Напрыклад, у іх ёсць, згодна з існуючым заканадаўствам, пазачарговае права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў. Максімальны тэрмін, на які прадастаўляюцца такія крэдыты, — 40 гадоў (пад адзін працэнт гадавых).

У аграгарадку Княгінін знаёмлюся з мнагадзетнай сям’ёй Вапручковых, якія ў жніўні гэтага года заклалі фундамент пад сваю новабудоўлю. Зараз яны пражываюць у трохпакаёвым доме, які сям’і выдзеліла мясцовая гаспадарка. Святлана Юсуфжэнаўна расказвае, што ім вельмі цесна — як-ніяк шасцёра дзетак. Самай старэйшай Людміле споўнілася 15 год. А яшчэ ёсць сямігадовы Аляксей, чатырохгадовая Аляксандра, трохгадовая Анастасія, Варвара, якой споўніліся два годзікі, і самая маленькая — сямімесячная Сафія. Таму новы дом будзе прасторны — 139 метраў квадратных агульнай плошчы, з мансардай. Для будаўнічых работ заключылі дагавор з ПБУП “ФСК-Буд”, якое асвойвае выдзеленыя дзяржавай грошы і трымае справаздачу перад банкам. Сям’я таксама кантралюе будоўлю: Святлана разам з мужам Анатолем, часам з дзецьмі, стараюцца кожны вечар наведацца сюды, паглядзець, што зроблена, прыбрацца, да нечага прычыніцца і самім. Уся сям’я чакае заканчэння будоўлі, але на сёння яшчэ нават дах не перакрыты, таму давядзецца набрацца цярпення.

Будзе на ўчастку і хлеў, бо гаспадары трымаюць вялікую гаспадарку: восем коз, каля 50-ці трусоў, парасяты, куры, качкі… А яшчэ ў планах агарод і абавязкова кветнік, каб прыгожа было.Суседзі кажуць, што сям’я дружная, працавітая, а дзеткі прыгожыя і дагледжаныя. Гэта якраз той выпадак, калі жанчына разам з мужам сэнс жыцця бачаць у моцнай сям’і, у дзецях і не гоняцца за фантастычнымі марамі, а трымаюцца надзейнага, традыцыйнага ладу жыцця.

Сям’я Аўгусціновічаў з Пруднікаў таксама вырашыла скарыстацца дапамогай дзяржавы, каб палепшыць умовы жылля. Але пераязджаць з купленай хаты не захацелі, таму вырашылі правесці ў ёй рэканструкцыю. У Пятра і Наталлі тры дачушкі — Крысціна, Паліна і Юля. Таму, расказвае гаспадар, яны аформілі крэдыт у памеры 550 млн рублёў на 40 гадоў пад адзін працэнт гадавых (астатнія 75 працэнтаў ад кошту будаўніцтва пагашае дзяржава) і летам прыступілі да рэалізацыі праекта. І калі раней у іх было 56 квадратаў агульнай плошчы, з якіх жылой — 24, то зараз агульная плошча павялічылася да 71 метра. На гэты час ужо ёсць дзве прыбудовы, дом уцяплілі звонку і абшылі блокхаўсам, поўнасцю замянілі дах, хутка будзе санвузел і зманціравана сістэма ўнутранага ацяплення.

Як і вышэйзгаданая, гэта сям’я таксама выбрала варыянт мець свой кавалак зямлі і свой дом. І, вядомая справа, трымаць гаспадарку. На іх падворку — карова, куры. Ёсць трактар, каб апрацоўваць 30 сотак бульбы і агарод.

Вапручковы, як і Аўгусціновічы, з радасцю выкарыстоўваюць магчымасць, якую ім дае дзяржава, каб палепшыць умовы жыцця. Не пашкадавалі часу для афармлення дакументаў, не пабаяліся складанасцей, якія бываюць падчас будаўніцтва. Але нязручнасці скончацца, а свой дом застанецца.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: Пётр Аўгусціновіч каля свайго дома.

Фота Георгія Прысмакова.



06 лiстапада 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы возера Глубелька від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела