“Звонкая раніца” ў Мядзеле

НА мінулым тыдні ў Мядзельскім ГДК прайшоў адбор на конкурс юных вакалістаў “Звонкая раніца”. Сёлета кастынгі адбыліся ў дванаццаці райцэнтрах. Паўдзельнічаць маглі вучні 7-11 класаў. Фіналістаў у студзені запросяць у НДЦ “Зубраня”, дзе іх чакаюць майстар-класы і сустрэчы з зоркамі айчыннай эстрады. А на гала-канцэрце падвядуць вынікі: дзесяць фіналістаў стануць пераможцамі, а адзін з іх атрымае гран-пры.

Уладзімір Фалалееў, кіраўнік “Зорнай раніцы”, расказаў:

— Наш праект — нават больш адукацыйны, чым конкурсны. Юныя вакалісты праходзяць праз публічны кастынг, атрымліваюць парады, чуюць, што рэкамендавана іншым удзельнікам. Кастынгі ніколі не праводзім у Мінску ці абласных цэнтрах: не сакрэт, што ў вялікім горадзе і так шмат магчымасцей. Мы шукаем таленавітых дзяцей у глыбінцы.

Задоўга да пачатку кастынгу ў фае Дома культуры было шматлюдна, бо амаль кожны ўдзельнік прывёў “групу падтрымкі” (хто — бацькоў, хто — сяброў, хто — класнага кіраўніка, а хто — і ўсіх разам). Па-рознаму выглядалі юныя вакалісты. Адны — апрануты досыць будзённа, іншыя — у вячэрніх сукенках. Быў і хлопец у нацыянальным касцюме. Многія — не навічкі на сцэне, таму асабліва не хваляваліся. Ахвотна расказвалі, хто дапамагаў рыхтавацца (настаўнікі, бацькі або загадчык клуба).

І вось арганізатары расказалі, як будзе праходзіць адбор. Удзельнікі запоўнілі анкеты і атрымалі нумары (у Мядзеле “нумарацыя” пачалася са 150-ці). У журы — кіраўнік праекта Уладзімір Фалалееў, педагог па вакалу Аліна Дзямідава, адміністратар Вадзім Гаджэеў і выкладчык Мядзельскай школы мастацтваў Кацярына Цурганава.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел сорак два чалавекі. Дзесяць — з Мядзела, шэсць — з к. п. Нарач. Менш — са Свіры, Занарачы, Будслава, Слабады, Сватак, Сырмежы, Старлыг, аграгарадка Нарач і іншых населеных пунктаў Мядзельшчыны. Былі нават удзельнікі з іншых раёнаў: Вілейскага, Пастаўскага, Докшыцкага, Шаркаўшчынскага.

Кастынг — не канцэрт і не экзамен. У адпаведнасці з атрыманымі нумарамі ўдзельнікі выходзілі на сцэну. Журы працавала прафесійна. Парады — кароткія, зразумелыя і, як кажуць, “па тэме”. Да юных вакалістаў звярталіся на “Вы”. Адных адпускалі хутка, іншых — доўга трымалі на сцэне, прасілі яшчэ што праспяваць, а то і станцаваць. Усё фіксавала відэакамера. Не сакрэт — для поспеху вакалісту патрэбен не толькі чысты голас, але і вытрымка.

Пасля больш як чатырохгадзіннага кастынгу Уладзімір Фалалееў аб’явіў вынікі. У фінал трапілі мядзяльчане Кацярына Ардынец і Аляксандр Нікіценка. Пасля завяршэння кастынгаў у іншых гарадах прафесійнае журы перагледзіць відэазапісы і адбярэ іншых фіналістаў. Сярод тых, хто мае высокія шанцы таксама трапіць у фінал, былі названы Дзіяна Масцяніца з Камарова, Марына Крамок з Петрачкоў, Мікіта Сямітка і Ілья Семяненка з Мядзела.

Неўзабаве выступленні фіналістаў (відэазапісы кастынгаў) будуць змешчаны на сайце конкурсу (www.zr.ng-press.by.). Тады ж будзе запушчана СМС-галасаванне — так што зможам падтрымаць упадабаных удзельнікаў. А ў астатніх вакалістаў ёсць час папрацаваць, каб прыйсці на кастынг “Звонкай раніцы” праз год.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымках: удзельнікі кастынгу Аляксандр Нікіценка, Усціння Каўрус.

Фота Георгія Прысмакова.



06 лiстапада 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Касцёл у Засвіры   0-170

Пабрацімы Мядзела