Вучыцца вучыць

СТАРЛЫГСКАМУ ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя І. Аніські ў гэтым навучальным годзе пашанцавала: да іх прыйшлі ажно тры маладыя спецыялісты. Дырэктар навучальнай установы Святлана Тацэвіч рада такім абставінам. Расказвае, што Іну Кляўкову, Яўгена Купрэвіча і Таццяну Круцель добра прынялі ў настаўніцкім калектыве. Першая чвэрць закончылася, і ўжо можна казаць, як праявілі сябе маладыя педагогі. Святлана Лявонаўна не расчаравалася:

— Канечне, з-за адсутнасці вопыту даводзіцца сутыкацца з пэўнымі цяжкасцямі. Але яны малайцы: актыўныя, ініцыятыўныя, старанныя, не саромеюцца пытацца і звяртацца за дапамогай да старэйшых калег, да мяне.

Знаёмлюся. Іна Уладзіміраўна — матэматык-інфарматык, скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. У Старлыгі прыехала са Свіры. Дома бывае часта, чаму вельмі рада. Ёй далі класнае кіраўніцтва ў 5-м класе і палову стаўкі педагога-арганізатара.

— З дзяцінства марыла стаць настаўніцай. І вось я ў школе. Мае пяцікласнікі, якіх шэсць чалавек, такія шчырыя, цікаўныя, патрабуюць пастаяннай увагі. Стаўку педагога-арганізатара падзялілі з Яўгенам Сяргеевічам. Але мне больш падабаецца праца настаўніка-прадметніка.Яўген Сяргеевіч па спецыяльнасці фізік-матэматык. У свой час скончыў Мядзельскую гімназію-інтэрнат, потым — БДПУ імя М. Танка. Акрамя ўрокаў, мае класнае кіраўніцтва ў 9-м класе. Уражаннямі аб працы ў школе дзеліцца па-мужчынску сціпла:

— Усё мне тут падабаецца.

Пасля заканчэння дашкольнага факультэта БДПУ імя М. Танка прыехала Таццяна Уладзіміраўна. Яе пасада — выхавальнік дзіцячага садка рознаўзроставай групы. Працаваць з малышамі падабаецца. Ды і за парадай, калі што трэба, заўсёды можна звярнуцца да вопытнай Надзеі Уладзіміраўны Куркуль, з якой працуе разам.

Жывуць маладыя спецыялісты ў доме на тры пакоі, які для іх здымае і аплачвае ўстанова. Ужо прызвычаіліся, ладзяць між сабой. Яўген Сяргеевіч нават дровы сячэ, печкі цепліць. У будныя дні вечарам шмат часу патрабуе падрыхтоўка да наступнага працоўнага дня. Таму сумаваць не даводзіцца. А на выхадныя ездзяць дадому. З разуменнем да моладзі адносяцца старэйшыя калегі. Асаблівую ўвагу і падтрымку адзначаюць маладыя педагогі з боку настаўніц беларускай мовы і літаратуры Алены Казіміраўны Сурвіла і рускай мовы і літаратуры Ірыны Эдуардаўны Шпінёвай.

Самы складаны перыяд адаптацыі, напэўна, прайшоў. Сустрэча з рэальнасцю не расчаравала маладых настаўнікаў. Тым больш, што і матэрыяльную падтрымку яны маюць: атрымалі пад’ёмныя, штомесячна выплачваецца пэўная даплата з бюджэту і 20-працэнтная надбаўка згодна з калектыўным дагаворам як маладым спецыялістам, бясплатнае жыллё.

Як складзецца далей іх лёс — жыццё пакажа. Галоўнае, каб знайшлі сябе ў абранай прафесіі, змаглі рэалізавацца і не згубіць жадання ісці наперад, стаць прыкладам для сваіх вучняў.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: маладыя спецыялісты Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Іна Кляўкова, Яўген Купрэвіч і Таццяна Круцель.

Фота Георгія Прысмакова.



31 кастрычнiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

img_4257 _dsc1133-3 Касцёл у Мядзеле  06-043

Пабрацімы Мядзела