Вопыт адказнасцi i самастойнасцi

ПАБЫВАЦЬ у Слабодскай СШ імя Адама Гурыновіча давялося якраз тады, калі там праводзіўся Дзень вучнёўскага самакіравання.

Зоя Эдуардаўна Вайцяховіч, кіраўнік установы, патлумачыла:

— Правесці Дзень самакіравання прапанавалі вучні — мы толькі падтрымалі іх ініцыятыву. Старшакласнікі загадзя пракансультаваліся ў настаўнікаў, падрыхтаваліся. Сёння зранку правялі лінейку, дзе прадставілі новы педкалектыў. І ўсё пайшло сваім парадкам: дзеці самі і ўрокі праводзяць, і ў групе падоўжанага дня працуюць, і на калідорах дзяжураць, і званкі даюць. І веды ацэньваюць (праўда, адзнакі выстаўляюць толькі ў дзённікі — класныя журналы дамовіліся не выкарыстоўваць). Адзіная структура, якая не падпала пад самакіраванне — школьная сталоўка.

Зоя Эдуардаўна прадставіла нам дзесяцікласніка, якому на адзін дзень саступіла дырэктарскае крэсла — Дзмітрыя Жаўнерку.

— Загадзя падрыхтаваў расклад урокаў, — расказвае юнак. — Цяпер хаджу, правяраю, ці ўсё добра. Канфліктных сітуацый пакуль не было. А яшчэ інфарматыку выкладаю. Паспеў правесці ўрок у сёмым класе.

Дзесяцікласніцу Аліну Паўлаву ў гэты дзень вучні з павагай называюць Алінай Максімаўнай. Яна ў захапленні ад сваіх першакласнікаў:

— Вельмі добрыя дзеткі, працаваць з імі лёгка, — кажа. — Канчаткова не вызначылася з выбарам прафесіі, але быць настаўніцай пачатковых класаў мне падабаецца.

А вось яе цёзка і аднакласніца Аліна Крыўко толькі крыху старэйшая за сваіх вучняў. Але гэта не замінае дзяўчыне выкладаць геаграфію і ставіць аб’ектыўныя адзнакі.

Не выключаю: можа, нехта са слабодскіх старшакласнікаў у гэты дзень вырашыў стаць настаўнікам. Але нават калі гэтага не здарылася, вопыт адказнасці і самастойнасці нікому з гэтых маладых людзей лішнім не будзе.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымках: 1. Два дырэктары: Дзмітрый Жаўнерка і Зоя Вайцяховіч; 2. Урок у першым класе вядзе Аліна Паўлава.

Фота Георгія Прысмакова.



23 кастрычнiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-170     Паруснікі                          img_4257 Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела