У свеце чароўнага

У РАМКАХ правядзення раённых мерапрыемстваў, прысвечаных Тыдню маці, райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізаваў для прыёмных бацькоў Нарачанскага краю цікавую экскурсійную паездку ў Глыбокскі раён, дзе захавалася шмат унікальных археалагічных і архітэктурных помнікаў.

Наш экскурсавод Ядвіга Савельеўна Чарняўская пазнаёміла ўдзельнікаў гэтага цудоўнага падарожжа з гісторыяй і маляўнічым сілуэтам гістарычнай часткі горада Глыбокае, сфарміраванай Троіцкім касцёлам, строгія формы якога заварожваюць, і манастыром кармелітаў, пабудаваным у XVII-XVIII стагоддзях у стылі ранняга барока. Зачаравала сваёй дзіўнай прыгажосцю і царква Ражства Багародзіцы, якая таксама з’яўляецца помнікам архітэктуры. Затым прайшліся па падзямеллях, якія знаходзяцца пад будынкамі касцёла і манастыра. З цікавасцю наведалі міні-заапарк.

Наступны прыпынак — Удзела. Тут нас чакала батлейка на біблейскую тэму. Уражанні, па праўдзе кажучы, засталіся ад прагляду міні-спектакля вельмі моцныя. Зачараваў сваёй веліччу касцёл Нявіннага зачацця Дзевы Марыі і манастыр.Пабывалі ў той дзень і ў Мосары. Гэты населены пункт вядомы далёка за межамі Глыбоччыны. А праславіўся ён касцёлам Святой Ганны і архітэктурна-ландшафтным ансамблем вакол храма. З густам, адметна і ўнікальна аформлена вялізная тэрыторыя: ставы, скульптуры, кампазіцыі, створаныя з кветак і каменя, дапаўняюць адна адну. Пры касцёле намаганнямі ксяндза Юзафа Булькі створаны музей і алея цвярозасці. Гэта — разыначка Мосара. На ўзгорку побач з населеным пунктам устаноўлены самы высокі ў Беларусі крыж.

Мы прагуляліся па парку і, як мне здалося, адчулі тыя пачуцці, якія прыводзяць чалавека да Бога. А гэта: смутак і расчараванні, боль і страты, радасць і любоў… Падняліся на “мост закаханых”, набралі гаючай вады з крыніцы каля каменнага крыжа з анёламі, пабывалі ў музеі з цікавымі, рэдкімі экспанатамі…

Мосар — маленькі куточак раю на зямлі. Усё там зроблена з вялікай любоўю і з густам. Таму і не дзіўна, што мы адпачылі душой, зарадзіліся пазітыўнай энергіяй, атрымалі шмат незабыўных уражанняў і эмоцый, цэлы дзень не пераставалі здзіўляцца і радавацца. Экскурсія прайшла ўвогуле выдатна, цікава, душэўна. Крыху стомленыя, але затое радасныя, з прыўзнятым настроем вярталіся вечарам дадому.

За выдатны адпачынак хочацца ад душы падзякаваць арганізатару паездкі, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірыне Васільеўне Глінскай, а таксама нашаму экскурсаводу Ядвізе Савельеўне Чарняўскай, якая шмат ведае сама і ўмела даносіць інфармацыю іншым. На працягу паездкі ў групе панавала атмасфера дабрыні і ўтульнасці. Мы змаглі забыцца на праблемы, якія прыпадносіць жыццё, на стомленасць і часовыя цяжкасці і адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі. І чакаем запрашэння на новыя экскурсіі, такія ж цікавыя, карысныя, пазнавальныя.

С. КУЗЬМЯНКОВА.

Старшыня клуба прыёмных бацькоў.



16 кастрычнiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела