Калінінград

ДА Калінінграда, як кажуць, рукой падаць: усяго-нічога, чатыры з невялікім сотні кіламетраў. На машыне — шэсць-сем гадзін, самалётам — хвілін сорак пяць. Мы абралі паветраны від транспарта: так і хутчэй, і валакіты з паперамі пазбеглі (маю на ўвазе Шэнгенскую візу для транзіту па Літве). Ды і пейзажы з вышыні ў некалькі тысяч метраў куды больш прыгожыя, чым з аўтамабіля. Праўда, за мабільнасць і рамантыку заплаціць давядзецца ў разы даражэй, асабліва калі авіябілет вырашылі набыць за тыдзень-другі да падарожжа (пра гэта трэба клапаціцца за месяцы чатыры).

Калінінградская вобласць — самы заходні рэгіён Расійскай Федэрацыі, геаграфічна аддзелены ад асноўнай тэрыторыі краіны Літвой. Гэта зямля з еўрапейскім мінулым і расійскім сучасным. Да 1946 года з’яўлялася часткай Усходняй Прусіі з цэнтрам у Кёнігсбергу, а пасля згодна з рашэннем Патсдамскай канферэнцыі ўвайшла ў склад Расіі. Такім чынам, агульная гісторыя вобласці налічвае больш сямі стагоддзяў.

Сёння гэта курортная тэрыторыя на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Улюбёнае месца адпачынку расіян і грамадзян замежжа, для якіх тэмпература марской вады не мае асаблівага значэння і шведскі стол не ў прыярытэце. Праўда, у тым жа ліпені-жніўні і Балтыка бывае цёплай, лагоднай, і настольніцы-самабранкі ў пяцізоркавых гатэлях таксама ёсць. Але не за гэтым едуць сюды людзі. А каб палюбавацца прыгожымі пейзажамі, удыхнуць гаючага паветра, паблукаць у пошуках цікавага па мясцовых музеях. А іх як у вобласці, так і ў самім Калінінградзе не злічыць.

Пачну з горада. І ў якасці галоўнай славутасці сучаснага Калінінграда назаву будынак гарадской мэрыі. Дакладней, ён там меркаваўся быць, але ўжо больш дваццаці год высачэзным шматпавярховым будынкам-прывідам узвышаецца над горадам. Яго асноўная функцыя сёння — арыенцір для заблукаўшых турыстаў. Таму і назвала яго першым, каб у галавакружэнні ад безлічы калінінградскіх славутасцей змаглі адшукаць сябе і дарогу дадому, зірнуўшы на шэры “недабуд”.

Што ж, першай кропкай экскурсійнага маршруту пазначу Кафедральны сабор — візітную картку гістарычнага цэнтра горада. Датай яго нараджэння лічаць 13 верасня 1333 года (згодна з першым узгадваннем у дакументах). Але не ў даўгалецці справа: тут жылі і пахаваны вялікія дзеячы. Напрыклад, Эмануіл Кант. Пагадзіцеся, цікава паглядзець, дзе жыў, на чым сядзеў, спаў знакаміты філосаф. Словам, пабачыць і паслухаць ёсць што. Таму калі будзеце ў Калінінградзе — распачніце знаёмства з горадам менавіта адсюль.

Не палянуйцеся зайсці ў музей Сусветнага акіяна, у якім месцяцца экспазіцыі, прысвечаныя судаходству, марской флоры і фаўне, геалогіі і гідралогіі. Там жа наведайце навукова-даследніцкае судна “Касманаўт Віктар Пацаеў”, падводную лодку “Б-413”, павільён “Кашалот”. Абавязкова зазірніце ў музей бурштыну. Дарэчы, стварэнне апошняга было абумоўлена тым, што на тэрыторыі Калінінградскай вобласці знаходзілася і знаходзіцца буйнейшае ў свеце месцанараджэнне каштоўнай смалы. Калі ў падарожжа паедзеце з дзецьмі — не абмініце заапарк: малыя паглядзяць на звяроў, а вы папесціце вока архітэктурай.

Мабыць, зараз скажу не да месца, але для большасці і гэта заўвага падасца слушнай. У якасці апошняга прыпынку для экскурсійнага маршруту па Калінінградзе (калі ён прыпадае на апошні дзень вашага прабывання ў Расіі) на ўсялякі выпадак пазначце харчовы рынак. Вядома ж, маю на ўвазе рыбны павільён. Ну як вярнуцца з Балтыкі без такога пачастунку? І нават калі не з’яўляецеся аматарам морапрадуктаў — зайдзіце, ад убачанага асартыменту слінавыдзяленне распачнецца і ў вас.

Паўтаруся, гэту справу пакідаем на апошні дзень падарожжа. А пакуль рухаемся далей. Выязджаем за горад. Калі будзе час — завітайце ў маленькія курортныя гарадочкі, накшталт Светлагорска ці Зяленаградска. Хаця б для таго, каб параўнаць з нашай Нараччу. Калі дні абмежаваны — мэтанакіравана едзем у Дзяржаўны Нацыянальны парк “Куршская каса”, размешчаны на вузкай пясчанай паласе між Балтыйскім морам і залівам. Гэта прыроднае ўтварэнне — унікальнае, яно не мае аналагаў у свеце. Урэшце, і сам Нацыянальны парк асабіста мне падаўся незвычайным: там на кожным кроку — эмоцыі. Здаецца, ідзеш сабе, ні пра што не думаеш — і тут… ах, якая прыгажосць! Возера Лебедзь. Калі глядзець з вышыні, то гэты вадаём выступае невялікай кропляй над узроўнем бязмежнага заліва. Крочым далей — ого… які прастор! Гэта пясчаныя дзюны, папулярнае месца для аматараў прыгожай фатаграфіі. Працягваем шлях — нічога сабе… якія дзівосы! “Танцуючы лес”. Сосны бы замерлі ў руху. Прусы лічылі, што закручаныя ў кольцы дрэвы з’яўляюцца варотамі ў свет духаў, а сучасныя навукоўцы прытрымліваюцца версіі, быццам прычына такіх цудаў прыроды — пастаянныя моцныя вятры, якія дэфармуюць маладыя неакрэплыя ствалы дрэў. Ідзём на выхад, марым, атрымліваем асалоду… мамачкі мае! Дзікі кабан. Усё жыццё ад такой нечаканай сустрэчы ўзгадалася ў дробязях. Як пасля патлумачылі супрацоўнікі парку, самавольна блукаючая жывёліна — гэта іх “фішка”. Ну, каму “фішка”, а каму і лепшы сродак ад праблем з памяццю.

На жаль, наша знаёмства з заходнім рэгіёнам Расіі на гэтым было завершана. Не, не з-за сустрэчы ў лесе, як многія маглі б пажартаваць. Проста цудоўнага, як вядома, павінна быць пакрышачку. А ўсё, чаго не пабачылі — застанецца на наступны раз.

Юлія КАЗЛОВА.

На здымках: 1. Гарадскі пейзаж Калінінграда; 2. Возера Лебедзь; 3. “Танцуючы лес”.

Фота аўтара.



16 кастрычнiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Засвіры   06-012

Пабрацімы Мядзела