Няма калі старэць настаўнікам

У КАСТРЫЧНІКУ адзначаецца шмат розных свят. Самае адметнае з іх, на мой погляд, — Дзень настаўніка. Сама прырода сустракае гэту дату прыгожымі асеннімі кветкамі, пазалотай лісцяў, якія кружацца ў паветры і ціха падаюць на зямлю, утвараючы пад нагамі стракаты дыван. І тым самым, як бы разам з намі аддае даніну пашаны людзям цудоўнай, мірнай прафесіі, якія штодзённа вядуць сваіх вучняў па непаўторнай Краіне ведаў, выхоўваюць іх сапраўднымі грамадзянамі незалежнай беларускай дзяржавы, рыхтуюць да самастойнага жыцця.

Школа кожнаму з нас дала пуцёўку ў дарослы свет. І ў тым, кім сталі, мы шчыра ўдзячны сваім бацькам, а таксама настаўнікам, якія давалі нам не толькі грунтоўныя веды па прадмеце, які выкладалі, але і дарылі часцінку ўласнай душы. Радаваліся разам з намі і хваляваліся, падтрымлівалі, дапамагалі. Для мяне асабіста гэта педагогі на той час Куцькаўскай васьмігадовай і Свірскай сярэдняй школ, якіх усіх-усіх памятаю (нават тых, каго ўжо няма на гэтай зямлі) і вельмі паважаю, люблю. Так, кожны з вас і сёння жыве ў сэрцах сваіх вучняў. Пра вас мы памятаем у святы і будні. Вам адрасуем віншаванні і найлепшыя пажаданні. Да вас звяртаемся часам за парадай як да самага блізкага чалавека і знаходзім яе.

Прыемна было бачыць знаёмыя твары педагогаў азёрнага краю, у тым ліку і сваіх землякоў, на традыцыйнай сустрэчы, прысвечанай Дню настаўніка, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў актавай зале гімнізіі-інтэрната г. Мядзела. На яе сабраліся лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі Мядзельскай зямлі — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, для якіх работа з дзецьмі — творчасць, жыццёвае прызванне.

Напачатку мерапрыемства да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Алегавіч Бароўка. Ён вельмі цёпла павіншаваў педагогаў з іх прафесійным святам. Падзякаваў за старанную, самаадданую працу, вынікам якой з’яўляюцца дасягненні вучняў на прэстыжных конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, трывалыя веды, паказаныя падчас цэнтралізаванага тэсціравання, высокі працэнт паступлення выпускнікоў у прэстыжныя навучальныя ўстановы. Пажадаў здароўя, дабрабыту, цярпення, новых творчых перамог і, вядома ж, таленавітых і ўдзячных вучняў. Выканаў Алег Алегавіч і прыемную місію: уручыў узнагароды асобным “сейбітам” педагагічнай нівы. Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама атрымала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Генадзьеўна Ефімава. Граматамі раённага выканаўчага камітэта была адзначана праца настаўніка фізічнай культуры і здароўя Сырмежскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Аляксандра Анатольевіча Плешака, намесніка дырэктара гімназіі-інтэрната г. Мядзела Людмілы Альфрэдаўны Цяляк, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Мікалаеўны Кундры, а падзякамі старшыні райвыканкама — загадчыцы дзіцячага садка аграгарадка Княгінін Святланы Вячаславаўны Шырко, намесніка дырэктара Нарацкай СШ №1 Святланы Аляксееўны Валодзька, настаўнікаў пачатковых класаў Сваткаўскай сярэдняй школы імя М. Танка Таццяны Міхайлаўны Клямяціч і Занарацкай сярэдняй школы Алы Канстанцінаўны Кот, музычнага кіраўніка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці к. п. Нарач Марыны Іванаўны Януковіч.

Са шчырымі вітальнымі словамі звярнулася да сваіх калег начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Генадзьеўна Ефімава. Яна назвала педагогаў рухавікамі прагрэсу і мела рацыю. Сапраўды, менавіта дзякуючы ім не толькі ўдасканальваецца сістэма адукацыі, павышаецца якасць ведаў, але і змяняецца сам чалавек, а значыць, у нейкай ступені і навакольны свет. Настаўнік працуе на будучыню, і ён у адказе за яе. Прамоўца падзякавала кіраўнікам устаноў адукацыі за вялікую і вельмі адказную работу, якую яны выконваюць як у сваіх педагагічных калектывах, так і па развіцці матэрыяльнай базы, навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. Акрамя таго, уручыла граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама шэрагу педагогаў Нарачанскага краю. Сярод узнагароджаных настаўнікі-прадметнікі, педагогі-арганізатары, спецыялісты аддзела, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Хто адзначаўся за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, хто — за мэтанакіраваную выніковую работу з адоранымі вучнямі, хто — за высокія спартыўныя дасягненні выхаванцаў, а асобныя, наогул, за поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення.

Павіншавала калег са святам і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Васільеўна Глінская. Пажадала моцнага здароўя, творчых поспехаў і натхнення. Пры гэтым зазначыла, што настаўнікі павінны паважаць сябе самі і інтэлектам, культурай паводзін, інтэлігентнасцю даказваць сваю годнасць перад дзецьмі, іх бацькамі. Прамоўца падкрэсліла важнасць развіцця і ўмацавання сацыяльнага партнёрства паміж адміністрацыяй устаноў адукацыі і прафсаюзнымі камітэтамі, асабліва ў пытаннях павышэння прэстыжу адукацыі, сацыяльнага статусу работнікаў галіны. Нездарма і былі заахвочаны напярэдадні прафесійнага свята некаторыя прафсаюзныя актывісты. Так, Ганаровай граматай Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі быў узнагароджаны за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2014 года настаўнік Будслаўскай сярэдняй школы імя П. Мядзёлкі Уладзімір Віктаравіч Талкановіч. Падзяку Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза атрымала Вольга Мікалаеўна Лётка, настаўніца Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа, грамадскі інспектар — за выніковую работу па арганізацыі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства па ахове працы. А Ганаровай граматай Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі была ўзнагароджана старшыня прафкама Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Галіна Іванаўна Ярчак — за актыўную работу па стварэнні аптымальных умоў для работнікаў установы адукацыі.

Вельмі эмацыяльна, шчыра віншавала сваіх калег з прафесійным святам настаўніца рускай мовы і літаратуры Занарацкай сярэдняй школы Вольга Мікалаеўна Стома, якая, дарэчы, у ліку іншых педагогаў раёна была адзначана на ўрачыстасці за добрасумленную шматгадовую працу ў сістэме адукацыі Мядзельшчыны. Жадала шчасця, поспехаў на рабоце і ў асабістым жыцці, натхнення, а самае галоўнае — не хварэць і душою не старэць.

Свята ўвогуле прайшло на адным дыханні. Ледзьве пачалося, як тут жа закончылася. Яно атрымалася вельмі шчырым. Не было на гэты раз доўгіх дакладаў, вялікай канцэртнай праграмы. Затое чуліся добрыя словы ў адрас незвычайных, неабыякавых людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё школе, дзецям. Для якіх прафесія настаўніка стала не проста любімай работай, але і прызваннем. Менавіта ім прысвячаліся і задушэўныя музычныя нумары. Не адна я пакідала сцены гімназіі-інтэрната горада з прыўзнятым настроем. Сапраўды, было вельмі прыемна бачыць, з якой пашанай і захапленнем ушаноўваліся людзі высакароднай прафесіі, колькі слоў удзячнасці і прызнання іх заслуг было ім адрасавана. Кветкі і апладысменты ў той перадсвяточны дзень былі таксама толькі ім. Як мне здалося, цёпла і хораша было ўдзельнікам традыцыйнай настаўніцкай сустрэчы. А самае галоўнае, што ў іх сэрцах, не зважаючы на восень, адчувалася вясна.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Педагогаў раёна віншуе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Генадзьеўна Ефімава; 2. У ліку ўзнагароджаных — настаўніца рускай мовы і літаратуры Заранацкай сярэдняй школы Вольга Мікалаеўна Стома.

Фота Георгія Прысмакова.



10 кастрычнiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        на Блакітных азёрах        Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела