Прага — Дрэздэн — Вена…

“ЧАЛАВЕКА робяць шчаслівым тры рэчы: каханне, цікавая работа і магчымасць падарожнічаць”. Так сказаў Іван Бунін і ў многім меў рацыю. Калі на вяршыню гэтага пераліку паставіць здароўе сваё і сваіх блізкіх, то вандроўкі і сапраўды могуць стаць удалым пацвярджэннем шчасця і дабрабыту. А другі з вядомых сцвярджаў: “Падарожжы вучаць больш, чым што іншае. Часам адзін дзень, праведзены ў іншым месцы, дае больш, чым дзесяць гадоў жыцця дома”. Пагаджаюся цалкам.

І вось, ці то ў пацвярджэнне асабістага шчасця, ці дзеля самаадукацыі, а хутчэй з мэтай адпачыць ад будзённых клопатаў мы едзем у Прагу, а разам з ёй у якасці дадатковых маршрутаў выбіраем Дрэздэн і Вену. Від транспарта — усё той жа, аўтобус на 50 месцаў. Значыць, усё тыя ж паўсотні характараў, меркаванняў і патрабаванняў (гэта я пра дыскамфорт аўтобусных тураў і нядаўні аповед пра падарожжа ў Парыж). А побач з намі — граматны, чулы і вопытны суправаджаючы (гэта я пра плюс групавога выезду “ў свет”).

Дарэчы, рысы характару гіда падкрэсліваю нездарма. Толькі граматны чалавек здольны весці за сабой цікаўны натоўп турыстаў, толькі чулы можа забяспечыць душэўны камфорт кожнага, толькі вопытны ў стане абмежаваць даверлівых падарожнікаў ад недарэчных страт і канфліктаў. А яшчэ — літаральна за дзесяць хвілін папоўніць слоўнікавы запас пяці дзясяткаў чалавек добрым багажом неабходных у краіне прыбыцця слоў. Праўда, сёння з усіх вывучаных на той момант замежных выразаў памятаецца толькі чэшская “ездынка” (“праязны талон” па-нашаму), бо ў Празе групавая экскурсія заканчвалася рана, і ў гатэль вярталіся паасобку на грамадскім транспарце. Забыцца пра “ездынку” было роўна таму, што застацца на тым жа месцы, дзе цябе пакінулі. Мабыць, крыху і прыбаўляю, але няхай адчуюць свае недапрацоўкі тыя, хто не сябруе з замежнымі мовамі (асабіста я пашкадавала пра гэта неаднойчы).

Мы — у Празе. Гістарычныя факты, даты, этапы развіцця і станаўлення горада — усё гэта справа экскурсавода. А я — звычайны падарожнік і, у дадзены момант, аўтар сотні-другой радкоў пра магчымыя бытавыя недарэчнасці і асабістыя парады для будучых вандроўнікаў. Таму не буду блукаць ва ўласных успамінах і прасторах інтэрнэта, каб загрузіць вас дакладнымі лічбамі і назвамі, а скажу: верыць трэба толькі сваім вачам і зыходзіць з уласнага густу. Асабіста мяне, напрыклад, сталіца Чэхіі не ўразіла настолькі, каб трызніць ёю дзень і ноч (як гэта робяць многія). Так, прыгожа. Так, незвычайна. Але мне не хапіла прасторы, нейкай сучаснасці. Хаця ў тым і “фішка” Прагі: набыткі дваццаць першага стагоддзя паўсюдна схаваны пад знешнасцю даўніны (маю на ўвазе гістарычны цэнтр горада). Ды і будзь усё па-іншаму: наўрад ці б, да месца былі дзясяткі містычных легенд з гісторыі горада, больш чым прымітыўны смак нацыянальнага дэсерту “трдло” і безліч піўных з экстравагантнымі для нашага часу назвамі: напрыклад, “Морг” (калісьці там на самай справе была трупярня, а зараз пункт грамадскага харчавання). Дарэчы, сваю самабытнасць чэхі захоўваюць не толькі ў знешнім афармленні горада, але, напрыклад, і пры падачы той жа закускі да піва. Калі афіцыянт ля вашага століка голай рукой дастане з вялізнага слоіка сіняватую каўбаску — не крыўляйцеся: гэта спецыяльныя мясныя вырабы, вымачаныя ў расоле, з гаварлівай назвай “тапельцы”. Хаця, што датычыцца рэстараннай ежы — тут усё вельмі прыстойна: і ў плане падачы, і кошту (у параўнанне з іншымі еўрапейскімі краінамі). Так за порцыю чырвонай ры¬бы з гарнірам, салаты “Цэзар”, вафельны дэсерт і шклянку соку вы заплаціце штосьці каля ста тысяч беларускіх рублёў. А калі закажаце іх традыцыйную свіную “рульку” — дык кошт будзе яшчэ меншым, а пад’есці можна за дваіх (такія вялікія порцыі).

І ўсё ж у Прагу мы едзем не сілкавацца. І нават не для таго, каб паспрабаваць сапраўднае чэшскае піва (хаця аматары пеннага напою адзначаюць значнасць і гэтага моманту). У планах — знаёмства са славутасцямі горада. Маршрут любога падарожніка абавязкова пройдзе праз Карлаў мост, які быццам быў пабудаваны ў змове з нячыстай сілай. Легенда сцвярджае, што за вечную надзейнасць каменнага збудавання праз раку Влтаву д’ябал патрабаваў душу першага, хто пройдзе па мосце. Ім стаў чорны певень, які і сёння ў Празе накшталт нашага чорнага ката. І ўсё ж, калі вы больш схіль ныя да рамантыкі (а не да фантастыкі), прыпыніцеся ля вулічных мастакоў, і ў якасці сувеніра прывязіце дамоў уласны партрэт. Пры тым яго каштоўнасць будзе не ў выяве на белым аркушы паперы (вас там можа ніхто і не пазнаць), а ў эмоцыях і пачуццях, якія авалодаюць вамі падчас работы з майстрам.

Вядома ж, асобнымі пунктамі ў карце маршруту па Празе будуць знакаміты на ўвесь свет астранамічны гадзіннік, Залатая вулачка, Старамесцкая плошча і дзясяткі іншых турыстычных аб’ектаў. Але не рыхтуйцеся да сустрэчы з імі, як з нечым уражваючым, вялізным. У тыя часы, подых якіх так беражліва Прага захоўвае сёння, усё вымяралася зусім іншымі велічынямі. Гэтак жа як і не спадзявайцеся на тое, што ў якасці падарунка блізкім абавязкова прывезяце сапраўдны чэшскі гранат: рынак запаланілі іншыя краіны-вытворцы.

І ўсё ж адной толькі Прагай у Чэхіі сыты не будзеш. Адзін з экскурсійных дней абавязкова адведзены для знаёмства з якім-небудзь замкам на тэрыторыі краіны. І гэта не пазнавальная дзвюхгадзінная экскурсія па мураваным умацаванні, а цэлы дзень блуканняў па калідорах і вулачках з багатай і вельмі цікавай гісторыяй.

Як ужо гаварыла напачатку, у якасці дадатковых гарадоў для наведвання мы выбралі Дрэздэн. І ні на хвіліну не пашкадавалі пра гэта. Мабыць таму, і хутчэй за ўсё, што за тыдзень вандровак засумавалі па Радзіме: а там “русский дух, там Русью пахнет”. Там на плошчы — Дом культуры накшталт мінскага Палаца спорту, там жыллё — нашы “хрушчоўкі” з замацаванымі ліфтамі збоку. Там шмат выхадцаў з былога СССР, і гэта адчуваецца. А яшчэ ў Дрэздэне — карцінная галерэя, самыя непасрэдныя адносіны да якой маюць нашы савецкія войскі: менавіта яны ў гады Вялікай Айчыннай вайны вывезлі ў Маскву значную частку экспанатаў і такім чынам выратавалі тую ж “Сексцінскую мадонну” Рафаэля ад магчымага знішчэння. Дарэчы, у адрозненне ад Луўра, дзе галоўная “зорка” музея “Мона Ліза” месціцца ў яго далёкім пакоі, у Дрэздэнскай карціннай галерэі “Сексцінская мадонна” сустракае вас літаральна на ўваходзе. І гэта ўражвае. Таму ні ў якім разе не высвятляйце сваіх адносін з жывапісам, а проста на правах цікаўнага падарожніка завітайце ў галерэю. Магчыма, ад сустрэчы з шэдэўрам цяга да прыгожага прачнецца сама сабой.

А калі і гэтага вашаму рамантычнаму сэрцу будзе мала, уваж¬ліва прыслухайцеся да гіда: у адзін з момантаў прагулкі па гістарычным цэнтры Дрэздэна ён абавязкова раскажа душашчыпальную гісторыю кахання караля польскага і курфюрста Саксонскага Аўгуста ІІ і графіні Ганны-Канстанцыі. Яе кульмінацыя ў тым, што, паабяцаўшы сваёй фаварытцы пажыццёвае забеспячэнне, кароль не адмовіўся ад сваіх слоў: і калі яго сэрца пакарыла чарговая прыгажуня — графіню фон Козель змясціў у адзін з замкаў, дзе тая ў адзіноце правяла астатнія 49 год свайго жыцця. Дарэчы, гэта была адна з самых прыгожых жанчын свайго часу.

І яшчэ, калі па шляху з Прагі ў Дрэздэн вам прапануюць наведаць прыродны парк Бастай — не адмаўляйцеся. Гэты горны масіў з пясчанікавых скал называюць Саксонскай Швейцарыяй. Назва такая ж прыгожая, як і пейзаж з вышыні птушынага палёту на Эльбу. Праўда, перадаць усіх эмоцый ад наведвання прыроднай славутасці не магу. У тых, хто адважыўся прайсці па каменным мосце над шматметровай безданню, іх было значна больш. Я аддала перавагу глядзельнай пляцоўцы ўдалечыні ад экстрыму.

Зваротны шлях з Чэхіі праходзіў праз Вену, сталіцу Аўстрыі. Для мно¬гіх гэты еўрапейскі горад атаясамліваецца з Оперным балам, які штогод праводзіцца ў будынку Венскай оперы. Для ін¬шых з імёнамі вялікіх кампазітараў: тут жылі і стваралі Моцарт, Шуберт, Штраус. Многіх уражвае 20-мільённая калекцыя экспанатаў музея прыродазнаўства, іншых — увогуле, колькасць музеяў у горадзе. Асабіста мяне здзівілі адносіны венцаў да хатняй жывёлы (мяркую, вас здзівяць не менш). Так, каб узяць у кватэру тое ж кацяня, трэба сабраць шэраг папер: аб плошчы жылога памяшкання, наяўнасці на вокнах спецыяльных рашотак, заработнай плаце. А калі вы ўжо “прапісалі” жывёліну — дык паклапаціцеся пра яе камфортнае жыццё: для сабак, напрыклад, існуюць спецыяльныя кінатэатры, прадаецца марожанае са смакам ялавічыны альбо курыны, на вуліцах стаяць ёмістасці з вадой (каб у летнюю спякоту чатырохногія сябры не пакутавалі ад смагі).

Аднак, давайце пра больш нам зразумелае. Не спяшайцеся аддаваць 20-30 еўра за кубачак кавы і кавалачак знакамітага торта “Захер”. Апошні нагадае айчынны пернік, а ад кавы добра калі застанецца пасудзіна на ўспамін (у адным з кафэ ёсць такая ўмова: калі заказваеце пэўны від кавы — атрымліваеце кубак у падарунак). І увогуле, не пакідайце пакупку сувеніраў на той дзень, калі будзеце ў Вене: гэта вельмі дарагі горад. Абавязкова наведайце які-небудзь музей (згодна з вашымі інтарэсамі), пагуляйце па Народным садзе з трыма сотнямі відаў руж, звярніце ўвагу на архітэктуру Парламента, Ратушы, Дзяржаўнай оперы. І не трэба глядзець на навакольны свет увесь час толькі праз аб’ектыў фотаапарата. Запэўніваю: нікому, акрамя вас саміх, здымкі цікавымі не будуць. Лепш атрымайце асалоду ад прыгожага і падзяліцеся асабістымі ўражаннямі ад убачанага.

А я заканчваю і зноўку звяртаюся да выказванняў вядомых. “Я б з ахвотай правёў сваё жыццё ў падарожжах, каб у мяне было яшчэ адно жыццё, каб правесці яго дома”. Брыліант Эшлі.

Юлія КАЗЛОВА.

На здымках: 1. Від на Эльбу з прыроднага комплексу “Бастай” — не пабачыць гэта немагчыма; 2. Адна са славутасцей Прагі — знакаміты на ўвесь свет астранамічны гадзіннік; 3. Вось такая прыгожая архітэктура ў Вене.

Фота аўтара.



07 кастрычнiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  на Блакітных азёрах            Паруснікі                          0-178

Пабрацімы Мядзела