Амстэрдам — Брусель — Парыж…

ЯШЧЭ нядаўна «Нипутёвые заметки» Дзмітрыя Крылова былі накшталт тэлевізійнай казкі. Дакладней, нерэальна прывабнай здавалася работа журналіста. Дзясяткі краін, сотні гарадоў, новыя знаёмствы і ўражанні — пра гэта рэгіянальнаму карэспандэнту заставалася толькі марыць. Прайшлі гады… і (дзякуй лёсу, а таксама мужу) сёння хачу даць старт новай рубрыцы для пачынаючых турыстаў. Праўда, уласнага вопыту хопіць пакуль толькі на пару-тройку публікацый. Але ж спадзяюся на вас, паважаныя чытачы: упэўнена, у кожнага падарожніка знойдуцца свае парады дэбютантам.

Зараз вельмі папулярнымі сталі аўтобусныя туры па Еўропе. Яно і зразумела: за адносна невысокую плату ў сціслы тэрмін можаце наведаць тры-пяць краін і атрымаць максімум карыснай інфармацыі. Камфорту ў такой паездцы, мабыць, каму і не хопіць: але ж яго вам ніхто і не гарантуе ў кампаніі 40-50 чалавек. Для гэтага існуюць індывідуальныя авіятуры за тысячу-другую ўмоўных адзінак…. але зараз пра больш надзённае. Дык вось, адразу настройцеся, што побач тыдзень, а то і больш, будуць дзясяткі незнаёмых людзей, з рознымі густамі, поглядамі і патрабаваннямі. Пры гэтым пастаяннае пачуццё лёгкай зморанасці зробіць вас куды больш успрымальнымі да навакольных. Таму першая парада: адпраўляйцеся ў падарожжа «сваёй кампаніяй» альбо прыхапіце аўдыёплэер, ноўтбук, планшэт.

Як правіла, нумар пасадачнага месца браніруецца падчас пакупкі пуцёўкі: чым раней адважыцеся на падарожжа — тым бліжэй будзеце да гіда і падзей у аўтобусе (а гэта немалаважна). Як не другарадная справа і тое, якімі будуць вадзіцелі і суправаджальнік (маю на ўвазе прафесіяналізм). Дарэчы, запомніце іх знешнасць, імёны і нумар транспартнага сродку — у патоку машын і людзей апазнавальнымі стануць любыя дробязі. Забягаючы наперад, прывяду прыклад: пад хмелем парыжскіх пейзажаў у мітусні спраў і падзей на зваротным шляху да аўтобуса мы ўпэўнена кіраваліся адным толькі надпісам «Миноблавтотранс» (здавалася, пад Эйфелевай башняй лепшага арыенціру не знайсці) і селі… у адзін з чатырох(!) аўтобусаў-блізнят з беларускімі нумарамі (якімі мы, дарэчы, напачатку і не пацікавіліся).

Што датычыцца харчавання: то ўключаныя ў кошт тура сняданкі задавальнялі не ўсе густы (дакладней, апетыты). Напрыклад, у польскіх гатэлях чамусьці толькі на рускай мове папярэджвалі: браць не больш дзвюх сасісак. А нашым мужчынам гэта, як кажуць, на адзін зуб. Затое французскія афіцыянты ў колькасці не абмяжоўвалі, праўда, прапаноўвалі ўсё тыя ж мясныя вырабы. Чай, кава, выпечка больш хвалявалі жанчын — раніцай яны задавальняліся імі цалкам. Страўнік нагадваў пра сябе бліжэй да вечара, калі паслуга «ўсё ўключана» закончылася яшчэ зранку, штраф за карыстанне чайнікам-кіпяцільнікам страшыў нулямі, а цэны на вячэру ў мясцовых рэстаранах-кафэ на інстынктыўным узроўні параўноўваліся з тыднёвым сямейным бюджэтам. Але ж на тое яна і наша айчынная мама, каб пакласці дзецям у чамадан кавалак сала, каўбасы…

Вельмі важным момантам за мяжой з’яўляецца абмен грошай. У многіх краінах ёсць свае нюансы ў выглядзе так званых камісій, якія незразумелым для нас чынам здольны знізіць бюджэт турыста ледзь не на палавіну. Таму перш, чым скарыстацца паслугай абменніка, пракансультуйцеся з гідам. Ён дакладней за ўсіх падкажа адрас надзейнага пункта абмену валюты. І ні ў якім разе не спадзявайцеся на словы саміх работнікаў «грашовага кіёска». На наша пытанне наконт камісій яны гучна вымавілі: «Ноў!» і… не далічылі больш трыццаці працэнтаў ад сумы.

А зараз непасрэдна пра экскурсійную праграму. Магчыма, для першага разу хапіла б знаёмства з больш блізкай і зразумелай Польшчай ці Чэхіяй, але душа патрабуе рамантыкі. Пры тым дзіўна, што першае ўражанне ад Парыжа было не такім ужо і яскравым. Пачуццё настальгіі накрыла праз тыдзень-другі пасля падарожжа. Хто ведае, мабыць, у гэтым і ёсць разынка французскай сталіцы?

Дык вось, рухаемся ў накірунку Амстэрдам — Брусель — Парыж. Гістарычныя факты і даты пакінем за межамі дадзенай публікацыі (па-першае, баюся памыліцца, па-другое, падчас збораў у дарогу больш актуальнымі будуць бытавыя моманты). Аднак, самую цікавую, на мой погляд, інфармацыю агучу: каб у будучым ведалі, на што звярнуць увагу.

У Амстэрдам трапілі каля шасці гадзін раніцы ў панядзелак. Горад якраз прачынаўся пасля выхадных. Пры гэтым час сутак і дзень тыдня ўказала недарэмна: бо толькі тады можна было зразумець, чаму вуліцы ў заходняй краіне адмываюць шампунем. Хаця дэмакратыя адчувалася не толькі ў адносінах парадку. У Нідэрландах афіцыйна дазволена ўжыванне наркотыкаў і ўзаконена прастытуцыя. Пры гэтым жанчыны вольных паводзін працуюць як індывідуальныя прадпрымальнікі: адлічваюць грошы ў пенсійны фонд, за іх дзейнасцю сочаць санітарныя і падатковыя службы. Дарэчы, для цікаўных турыстаў па вуліцы Чырвоных ліхтароў праводзяць экскурсіі: праўда, людзям з правільным маральным укладам туды лепш не хадзіць. Як не варта спакушацца і на наркатычныя далікатэсы — рэальна мець справу з медыкамі (калі не ўтрымаліся самі) ці з работнікамі мытні (калі вырашылі набыць падарунак знаёмым). А вось наведаць адну з брыльянтавых фабрык можна, і нават трэба: там не толькі пакажуць працэс агранкі каменя, навучаць вызначаць якасць брыльянта, але і прапануюць набыць упрыгожанне па параўнальна невысокай цане. Напрыклад, гадзіннік са швейцарскім механізмам і брыльянтавым асколкам у якасці дэкарацыі для цыферблата можна купіць за 100 еўра. Не адмаўляйцеся і ад дададковай паездкі да сыравараў: акрамя таго, што набудзеце сапраўдны галандскі сыр, іх нацыянальны драўляны абутак (кломпаны), дык яшчэ пабачыце, як жывуць тамтэйшыя «вяскоўцы». Напрыклад, на вокнах іх дамоў адсутнічае цюль. Павялося гэта даўно, каб суседзі маглі бачыць, хто чым займаецца.

У Бруселі давялося пабыць усяго толькі пару гадзін. Але і таго хапіла, каб пагадзіцца са знаўцамі: плошча Гранд-Палас — самая прыгожая ў Еўропе. Нават не знаходжу эпітэтаў, каб перадаць яе хараство. Ды і ці варта? Шэдэўры готыкі трэба бачыць сваімі вачамі. Гэтак жа як і толькі згодна з уласным густам можна ацаніць смак бельгійскай вафлі, знакамітага на ўвесь свет шакаладу. Дарэчы, апошні не спяшайцеся скупляць оптам: многім айчынная «Камунарка» падасца смачнейшай. А вось вафлі паспрабаваць раю. Як не лішнім будзе падысці да скульптуры Пісаючага хлопчыка. Хаця б для таго, каб падзівіцца яе памеру: у вышыню архітэктурная славутасць усяго толькі 61 сантыметр — а колькі легенд!

Згодна з экскурсійным распарадкам у сталіцы Францыі гасцявалі тры дні. На той момант гэтага хапіла з лішкам. Эйфелева башня расчаравала падабенствам з вялізнай арматурай, Луўр прыглушыў цягу да прыгожага знешняй шэрасцю і панурасцю, а крывавыя факты з гісторыі сярэдневяковага Парыжа і ўвогуле прагналі рамантыку прэч. Аднак не спяшайцеся рабіць высновы. Сёння з усіх пабачаных мною гарадоў вярнуцца хочацца менавіта ў Парыж. Наведаць зноў, каб паблукаць уздоўж Сены, выпіць кубачак кавы ў адным з вулічных кафэ, паслухаць акардэон і зразумець – вось яна сапраўдная Францыя. Пры гэтым ні ў якім разе не выкрэсліваю з карты маршруту мясцовыя славутасці. Напрыклад, Эйфелеву башню добра паглядзець у начны час, калі яна набывае колер соцень-тысяч жаўтлявых агеньчыкаў. У Луўр лепш пайсці з вялікім запасам часу: могуць быць чэргі, а можна і заблукаць у пошуках знакамітай Мона Лізы ці Венеры Мілоскай. Што датычыцца Нотр-Дам дэ Пары — абавязкова зайдзіце ў сярэдзіну сабора: толькі там адчуеце яго велічнасць і на імгненне паверыце ў гісторыю Віктора Гюго, якую аўтар выдумаў дзеля папулярызацыі архітэктурнага шэдэўра і яго выратавання ад зносу. Увогуле, экскурсійная праграма па Парыжы вельмі насычаная. Не адмаўляйцеся ні ад адной з дадатковых паездак: у гэтым горадзе на кожным кроку — гісторыя. І калі сёння назвы Монмартр, Монпарнас, Дом Інвалідаў вам нічога не гавораць — пасля раскажуць многае. Вядома ж, цікавым будзе і знаёмства з сучасным ладам жыцця парыжан. Праўда, сустрэць іх у гістарычным цэнтры горада (дзе вы ў асноўным і будзеце знаходзіцца) даволі праблематычна, з-за вялікай колькасці імігрантаў. І ўсё ж калі на вашым шляху патрапілася хударлявая, бледнатварая, у вельмі стрыманым на колер адзенні жанчына — вам пашанцавала: гэта францужанка. Дарэчы, сакрэт стройнасці і даўгалецця жыхары Францыі бачаць у адсутнасці «супоў на костачцы» і працяглым, размераным ужыванні ежы. Абедаюць і вячэраюць яны на працягу дзвюх гадзін, пры гэтым у адзін і той жа час без спазнення. Затрымаўся на хвілін сорак — атрымай толькі дэсерт. Як правіла, гіды прапаноўваюць арганізаваную вячэру, каб пас¬прабаваць на смак ежу доўгажыхароў і адчуць атмасферу вячэрняга Парыжа. Пагаджайцеся, за 20-25 еўра атрымаеце вялізную порцыю ласося ці індычкі, салату з морапрадуктаў, дэсерт на выбар. Віно дазволяць піць у неабмежаванай колькасці і без дадатковай платы. Перакусіць самастойна гамбургерам будзе танней, але ж не так смачна, ды і не па-французску гэта. Як і няправільна застацца без шопінга: папесціць вока можаце на Елісейскіх палях, а прыдбаць якаснае адзенне па даволі ўмеранай цане лепш у сеткавых магазінах накшталт Zara, C&A, H&M.

Вось, бадай, і ўсё. Гэта быў інфармацыйна-бытавы экскурс па адным з самых рамантычных і цікавых маршрутаў еўрапейскага накірунку. І хоць аповед вёўся ад адной толькі асобы — упэўнена, мае суб’ектыўныя парады стануць карыснымі для ахвотных пабачыць свет.

Юлія КАЗЛОВА.

На здымках: 1 Храм Сакрэ-кёр у Парыжы; 2. Кавалачак Амстэрдама; 3. Скульптура Пісаючага хлопчыка.

Фота аўтара.



18 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ Лебедзі на Нарачы 1-12 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела