Вершы

На Будслаўскім фэсце 

Да Маці Будслаўскай —

з надзеяй і ласкай

Я шлях свой пачаў.

У храме чароўным

пад спеў малітоўны

І я памаўчаў…

Хоць позна, ды венчаны —

і я там укленчыў

На момант які.

У неба ў абдымках —

мая пілігрымка

Ляціць праз вякі!

Цягнік на Парыж 

Убачыць Парыж і памерці,

Адбыўшы, што дадзена звыш…

І грукае стомлена сэрца:

Ты дзе, мой цягнік на Парыж?!

 

Стаіш мо на рэйках іржавых,

Як помнік былому, застыў.

А некалі бегаў ты жвава,

Свістаў, грукатаў і дыміў.

 

О, колькі вакзалаў і станцый,

У шоргаце тым праляцеў…

Я вырас даўно з падшыванца,

Ды толькі ці стаў, кім хацеў?

 

І зараз жыву ў паняверцы,

Нясу сваю долю, свой крыж…

А недзе чакае Парыж.

Убачыць яго — і не ўмерці!

Споведзь

Каментарыі тут ці патрэбны:

Мудрагеліста як ні пішы —

У паэтаў ёсць вечнае неба

І бясконцая споведзь душы…

 

Перамелюць касмічныя жорны

Лёсы нашыя ў пыл зямны —

І часцінкаю станем міжзор’я,

Абудзіць каб той свет нямы!

***

Віруе навокал кастрычнік,

І золатам клёнаў пячэ.

І сэрца спявае яшчэ

Самотаю нот настальгічных.

 

Як быццам бы восені клічнік,

Дзе разам надзея і боль.

І падае зноўку ў далонь

Кляноваю зоркай кастрычнік!

Гульня ў “танкі”

А мо і не было нічога,

Як і цяпер яго няма?!

І свет, што за маім парогам —

Нябыт, адвечная мана.

 

І летні гром, і ціш альтанкі,

Душы і сэрца неспакой —

Як і камп’ютарныя танкі,

Дзе аватары рвуцца ў бой…

 

Жывём як ёсць у віртуале,

Гудзім, бы пчолы мы ў вуллі.

Ды Той, хто пляскае па “клаве” —

Калісьці выйдзе ён з гульні!

Твайму агню

Т. Б.

Вясна струменіць дабрыню…

І да растання

Маліцца буду я агню

Твайго кахання.

 

Ты, як на споведзі вякоў

Заледзянелых,

Мая надзея і любоў,

Чаканы бераг.

Што абяцаюць, не згадаць,

Нябёсы свету.

А мне б гадоў тых не аддаць —

З табою спетых.

 

Вясна струменіць дабрыню

І сонцам ззяе.

І я — каля твайго агню,

Што не згасае.

 Аляксандр БЫКАЎ.



12 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

06-043 Рэчка Нарачанка            Паруснікі                          _06-040

Пабрацімы Мядзела