Следчы камiтэт свае задачы выконвае

12 ВЕРАСНЯ 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 409 было створана самастойнае ведамства — Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Яно ўтварылася шляхам зліцця следчых падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржкантролю і пракуратуры. Больш падрабязна даведацца пра названую службу, а таксама пра задачы, над вырашэннем якіх яна працуе, якраз і дапаможа прапанаваная ніжэй гутарка з начальнікам раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандрам ЗЯМНІЦКІМ:

— Пачну з таго, што Следчы камітэт — адзіная і цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных праваахоўных органаў, якія з’яўляюцца органамі папярэдняга следства і ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці.

— Што ўяўляе сабой сёння раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і чым займаецца?

— Раённы аддзел Следчага камітэта нашай краіны пачаў сваю працу з 1 студзеня 2012 года. Сёння ў яго складзе 8 следчых, з якіх 4 — старшыя, інспектар групы рэжыму сакрэтнай дзейнасці і справаводства, загадчык гаспадаркі, начальнік і намеснік. Касцяк калектыву быў сфарміраваны адразу, што станоўча адбіваецца на выніках работы. А сёлета ў нашых радах папаўненне: пасля заканчэння акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь да нас прыйшла на пасаду следчага маладая супрацоўніца Аксана Роўда.

— Аляксандр Мікалаевіч, што вы можаце расказаць пра работу сваіх калег?

— Усе супрацоўнікі дасканала ведаюць свае службовыя абавязкі і старанна іх выконваюць. У мяне асабіста няма нараканняў на іх працу. Прыемна, што гэта заўважае і наша вышэйстаячае начальства, і раённая ўлада. Так, па выніках службовай дзейнасці за мінулы год старшы следчы маёр юстыцыі Міхаіл Сакалдынскі прызнаны лепшым следчым сярод супрацоўнікаў падраздзяленняў упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці III групы. А яшчэ Міхаіл Тадэвушавіч з’яўляецца “Лепшым работнікам праваахоўных органаў раёна”. На сходзе актыву Мя¬дзельшчыны, на якім падводзі¬ліся вынікі работы за мінулы год, яму было прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”. Акрамя таго, яго фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару. Мы вельмі рады за свайго калегу.

— Над якімі задачамі зараз працуеце?

— Прыярытэтным накірункам нашай дзейнасці з’яўляецца каардынацыя работы праваахоўных органаў на якасным выкананні пастаўленых задач па барацьбе са злачыннасцю. Для гэтага цесна супрацоўнічаем з падраздзяленнямі крымінальнай міліцыі і міліцыі грамадскай бяспекі па аператыўным выкрыцці вінаватых ва ўчыненых злачынствах, поўнай кампенсацыі шкоды, нанесенай злачыннымі дзеяннямі вінаватых асоб.

— Напэўна, такі падыход дае свой плён?

— Хачу зазначыць, што дзякуючы кампетэнтнасці і зладжанасці супрацоўнікаў у рабоце райаддзела з пачатку яго існавання не было дапушчана такіх негатыўных момантаў, як незаконнае прыцягненне грамадзян да крымінальнай адказнасці. Ніводнага разу пракурор раёна не вяртаў здадзеныя намі справы для правядзення дадатковых расследаванняў па ўчыненых злачынствах.

— Аляксандр Мікалаевіч, якія яшчэ можаце прывесці лічбы, што пацвярджаюць станоўчую працу райаддзела?

— З пачатку года ў нашу службу паступіла 257 заяў і зваротаў грамадзян. Па 158 з іх былі прыняты рашэнні аб узбуджэнні крымінальных спраў. Расследавана ўвогуле за названы перыяд 187 крымінальных спраў. Прыцягнута да крымінальнай адказнасці 79 вінаватых асоб, у адносінах да якіх судом былі вынесены абвінавачваемыя прыгаворы. Па справах, накіраваных у суд, злачыннымі дзеяннямі вінаватых асоб нанесены ўрон на суму 157107000 рублёў. Дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і органа ўнутраных спраў па справах, накіраваных у суд, урон кампенсаваны на 93%. Дарэчы, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Мінскай вобласці. З мэтай забеспячэння грамадзянскага іску ў судзе накладзены арышт на маёмасць абвінавачваемых на суму больш за 236000000 рублёў. Значная ўвага ўдзяляецца розным суб’ектам гаспадарання па прафілактыцы злачынстваў. Для гэтага следчымі з пачатку бягучага года вынесены 52 прадстаўленні, накіраваныя на ўхіленне прычын і ўмоў парушэнняў закона. Немалаважную ролю па пытаннях прававога выхавання насельніцтва адыгрываюць выступленні супрацоўнікаў раённага аддзела Следчага камітэта на старонках раённай газеты і мясцовага радыё.

— Умовы працы задавальняюць вашых супрацоўнікаў?

— Напачатку наша служба знаходзілася ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, дзе сапраўды было цеснавата. Аднак дзякуючы разумнай пазіцыі кіраўніцтва раёна, якое ўважліва ставіцца да пытанняў барацьбы са злачыннасцю, было прынята рашэнне аб размяшчэнні райаддзела на трэцім паверсе ў памяшканні раённага вузла паштовай сувязі, дзе мы зараз і працуем. Наша вышэйстаячае начальства дапамагло з рамонтам, набыццём новай мэблі. Цяпер умовы для работы ў нас сапраўды выдатныя. Працуем у светлых, утульных кабінетах, у якіх з большасці вокнаў адкрываецца цудоўная панарама возера Мястра. Ва ўсіх на рабочых сталах устаноўлены кам’ютары.

— Ну і апошняе пытанне, Аляксандр Мікалаевіч. З якім настроем сустракаеце чарговую гадавіну дзейнасці Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь? Над вырашэннем якіх задач збіраецеся працаваць надалей?

— За час сваёй работы Следчы камітэт паказаў сябе як самастойная праваахоўная структура, здольная ўсебакова, поўна, аб’ектыўна і аператыўна расследаваць злачынствы ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, праводзіць праверкі па заявах і зваротах насельніцтва, забяспечваць прынцып прэзумпцыі невінаватасці, надзейна абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, арганізацый, у тым ліку грамадства і дзяржавы. А таму і надалей будзем актыўна працаваць у гэтым накірунку, удасканальваць следчую работу, укараняць у практыку сваёй дзейнасці дасягненні навукі і тэхнікі, станоўчы вопыт калег, выяўляць парушэнні закона, прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, прынімаць меры па іх ухіленні, што, урэшце, і дазволіць аказаць дзейсны ўплыў на стан крымінагеннай абстаноўкі як у нашым рэгіёне, так і ў рэспубліцы ўвогуле.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь (злева направа): следчыя Ірына Берняковіч, Марына Байко, інспектар групы рэжыму сакрэтнай дзейнасці і справаводства Таццяна Купрэвіч (1 рад), старшы следчы Міхаіл Сакалдынскі, следчы Ігар Садоўнікаў, намеснік начальніка Аляксандр Штура, начальнік райаддзела Аляксандр Зямніцкі, старшыя следчыя Андрэй Ардынец і Максім Валеўка (2 рад).

Фота Георгія Прысмакова.



11 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька на Блакітных азёрах        _dsc1133-3 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела