Бывайце, канікулы! Прывітанне, школа!

ЯК заўсёды, хутка праляцела лета. Закончыліся спякотныя дзянькі, напоўненыя водарам летніх кветак, ягад, новымі ўражаннямі і адчуваннямі. Школьнікі зноў селі за парты і яшчэ доўга будуць дзяліцца ўспамінамі пра канікулы з аднакласнікамі, сябрамі.

Каб летні адпачынак для дзяцей завяршыўся на вясёлай ноце, напрыканцы мінулага тыдня ў райцэнтры прайшло свята пад назвай “Прывітанне, школьная пара!”. У гарадскі Дом культуры з’ехаліся вучні з розных школ Мядзельшчыны. Настрой крыху сапсавала надвор’е, бо з-за дажджу мерапрыемства давялося перанесці ў памяшканне. Але гэта не перашкодзіла атрымаць задавальненне ад святочнага канцэрта, які прапанавалі гледачам вучні Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ. Вядучыя Паліна Шкадун і Аляксандр Лаўрыновіч, якія пераўвасобіліся ў казачніцу і чараўніка, дапамаглі акунуцца ў атмасферу фантастычнага казачнага свету. А шматлікія артысты даказалі, што зоркі бываюць не толькі на небе.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганна Падгол адзначыла работу членаў валанцёрскага археалагічнага атрада на тэрыторыі паўвострава Замак. За добрасумленную працу граматы атрымалі Дар’я Кімстач, Таццяна Кабак, Ілья Пруднікаў і Рыгор Рудачэнка з гімназіі-інтэрната горада Мядзела.

Чым жа яшчэ займалі дзяцей у гэты дзень? Тут жа, у Доме культуры, працавала выстава-кірмаш “Творчы вернісаж”, школьнікам прапаноўвалі майстар-класы па вырабу лялек з нітак, рабоце з тканінай і лепцы з цеста. Можна было паўдзельнічаць у літаратурным лато “Падарожжа па кніжным лабірынце”, паспяваць пад караоке… У фае спынілася каля стала з надпісам “Благачынная акцыя “Падаруй кнігу сябру”. Каця Прахаровіч і Алеся Вярбіцкая з ДУА “Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі” прымалі кнігі, якія прывезлі вучні са школ раёна. А Лілія Вярбіцкая, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, патлумачыла, што гэта мерапрыемства — працяг рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай». Сабраную літаратуру (атрымалася 37 асобнікаў) перададуць у раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр.

У спартыўнай зале гімназіі-інтэрната працавала гульнявая пляцоўка. Пераможцам уручалі прызы. Лепш і не прыдумаеш.

А ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Мядзел” для дзяцей была арганізавана спартландыя. Правялі эстафету з элементамі язды на веласіпедзе, спаборніцтвы па настольным тэнісе, адначасовай гульні ў шашкі. Падышла да групкі школьнікаў са Старагабскага ВПК дзіцячы сад-СШ, якія з балкона назіралі за спартландыяй. Яны падзяліліся, што мерапрыемства спадабалася, толькі спартыўных касцюмаў з сабой не было — больш актыўна б паўдзельнічалі ў свяце. А браты Максім і Вадзім Пятровічы ўпершыню трапілі ў ФАЦ і засталіся вельмі задаволеныя ўбачаным.

За забавамі непрыкметна праляцеў час. Нехта павёз дадому атрыманыя прызы, нехта — зробленыя сваімі рукамі вырабы, а нехта — цудоўны настрой і прыемныя ўражанні. Вось такі апошні акорд лета. Да сустрэчы, канікулы!

Іна ЯРЧАК.

На здымках: 1. Вядучыя канцэрта Паліна Шкадун і Аляксандр Лаўрыновіч; 2. Майстар-клас “Умеем самі — навучым вас”; 3. Удзельнікі акцыі “Падаруй кнігу сябру” Каця Прахаровіч і Алеся Вярбіцкая; 4, 5. Удзельнікі валанцёрскага археалагічнага атрада Таццяна Кабак, Ілья Пруднікаў і Рыгор Рудачэнка; 6. Спявае Вікторыя Машко.

Фота Георгія Прысмакова.



05 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах від на Мядзел wjx6x-f4hhi _06-040

Пабрацімы Мядзела