Зноў званок паклікаў на ўрок

1 ВЕРАСНЯ пералівісты званок зноў паклікаў за парты вучняў. Закончыліся летнія канікулы, пачаўся чарговы паход у Краіну ведаў. Для кагосьці гэта першая прыступка на шляху ў чароўнае падарожжа, для некага — другая, трэцяя… А для адзінаццацікласнікаў — апошняя. Для іх гэта, як ні сумна, апошні навучальны год.

З нагоды Дня ведаў ва ўсіх установах адукацыі Мядзельшчыны адбыліся традыцыйныя лінейкі. Не стала выключэннем і Нарацкая СШ №2. Яшчэ задоўга да ўрачыстасці на пляцоўцы за школай чуліся ажыўленая гамонка, смех, гучала музыка. Пра свята нагадвала мноства кветак. Адчувалася яно і па ўбранні школьнага дворыка, і па радасных тварах дарослых і дзяцей.

Гучаць фанфары. Вядучыя — вучні 9 “А” класа Ксенія Ганчар і Дзмітрый Шыбко — шчыра вітаюць усіх з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года. Яны запрашаюць на мерапрыемства галоўных віноўнікаў урачыстасці — першакласнікаў: 62-х хлопчыкаў і дзяўчынак разам з іх класнымі кіраўнікамі. З гэтага моманту дзівосны Свет пад назвай “Нарацкая сярэдняя школа №2” стаў для іх вялікай і дружнай сям’ёй.

Прысутным прадстаўляюцца госці мерапрыемства: намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Юшкевіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна Барыева, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Давыдок.Святочная лінейка, прысвечаная Дню ведаў, аб’яўляецца адкрытай. Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь на пляцоўку ўрачыста ўносіцца Дзяржаўны сцяг нашай міралюбівай сінявокай краіны.

Слова прадастаўляецца дырэктару школы Генадзію Крыштафовічу:

— Дарагія дзеці, бацькі, настаўнікі, госці ўрачыстасці! Ад імя адміністрацыі школы і сябе асабіста шчыра і сардэчна віншую вас з Днём ведаў. Бліскуча і цудоўна прайшлі школьныя канікулы, аздараўленчая кампанія, а гэта сведчыць пра тое, што больш паўтысячы юных жыхароў курортнага пасёлка гатовы да чарговага паходу за новымі ведамі. У добры шлях!

Далей Генадзій Віктаравіч падкрэсліў, што па выніках раённага спаборніцтва за мінулы навучальны год Нарацкая СШ №2 прызнана лепшай па арганізацыі навучальнага працэсу. А гэта заслуга педагогаў, якія з’яўляюцца энтузіястамі абранай справы, людзьмі творчымі, неардынарнымі, якія свае веды і вопыт аддаюць навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення. Выказаў удзячнасць кіраўнікам летнікаў за змястоўную арганізацыю аздараўленчага працэсу школьнікаў, а таксама вучням, якія падчас знаходжання ў працоўным лагеры ўнеслі значны ўклад у добраўпарадкаванне роднага пасёлка. Зачытаў дырэктар установы адукацыі загад аб залічэнні вучнямі першакласнікаў і дзесяцікласнікаў. Быў і момант узнагароджання. Па выніках мінулага навучальнага года лепшыя вучні былі заахвочаны граматамі, падзякамі і грашовымі прэміямі. А дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымалі пераможцы раённага этапа навукова-практычнай канфэрэнцыі: вучаніца 10 “А” класа Дар’я Лемяза — у секцыі геаграфіі, а таксама вучні 9 “А” класа Дзіна Пашкова і Аляксандра Палюшкевіч — у секцыі гісторыі.

З прывітаннем да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч.

— Дарагія сябры! Ад імя абласнога выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста віншую вас з Днём ведаў. На жаль, учора быў апошні дзень лета, а сёння на радасць усім настаў першы дзень восені. Менавіта на яго прыпадае пачатак новага навучальнага года, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Безумоўна, самыя шчаслівыя людзі на гэтай школьнай урачыстасці — першакласнікі. Падраслі, сталі на год старэйшымі і астатнія вучні. Ад душы жадаю плёну ў працы, натхнення педагогам, шчасця, здароўя, аптымізму і цярплівасці бацькам, бабулям і дзядулям, асабліва першакласнікаў, а ўсім школьнікам — поспехаў у вучобе, здароўя, добрых адзнак і новых надзейных сяброў.

Адбылося на святочнай лінейцы і знаёмства прысутных з новымі настаўнікамі школы: з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Святланай Сіваковай, педагогам-псіхолагам Вольгай Гурынай, настаўнікам матэматыкі і фізікі Віктарам Ожалем, настаўнікам пачатковых класаў Людмілай Бабкевіч. Для іх гэты першы вераснёўскі дзень таксама асаблівы і адметны. Спадзяюся, што запомніцца ён ім на ўсё жыццё.

У цэнтры ўвагі на лінейцы былі, вядома, першакласнікі — прыгожыя, крыху ўсхваляваныя і разам з тым шчаслівыя. Усё для іх было незвычайна, сэрца кожнага перапаўнялі светлыя эмоцыі і новыя ўражанні. Ды і як жа інакш: яны адкрылі для сябе новую і цікавую краіну, імя якой — “Школа”. А з якім гонарам яны называлі сябе вучнямі, радаваліся, што, нарэшце, падраслі, сталі першакласнікамі. Гучала з іх вуснаў і абяцанне:

“Мы сегодня обещаем

Всем примером быть во всём.

Выпускник, мы точно знаем,

Мы тебя не подведём.

Так что, школа, не волнуйся,

Мы — твои ученики!

Знания для нас найдутся,

Здравствуйте, школьные деньки!”.

Пранікнёным было і выступленне мамы першакласнікаў Вольгі Жалкоўскай. Вольга Чаславаўна пажадала дзецям добрага плавання ў Краіну ведаў разам са сваімі капітанамі — першымі настаўнікамі. Каб вучоба стала для іх прыемным заняткам, каб званне вучня неслі з гонарам па жыцці. А бацькам, бабулям з дзядулямі параіла быць сябрамі сваіх дачушак і сынкоў, унучачак і ўнучкаў, іх надзейнымі памочнікамі на гэтым няпростым шляху.

З наказам да малышоў звярнуліся адзінаццацікласнікі. Яны падзяліліся з імі правіламі, якія дапамогуць першакласнікам хутчэй пасталець і стаць лепшымі вучнямі школы. Галоўныя з іх наступныя:

“Чтоб могли тобой гордиться,

Должен много ты трудиться!

Будь открытым и весёлым,

Дорожи законом школы,

Младшим подавай пример:

Больше делай добрых дел!”.

А раз Свята ведаў прыпала на знамянальны для нашай краіны год, у які адзначалася слаўная дата: 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то ганаровым госцем школьнай урачыстасці стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Чарняўскі. Міхаіл Трафімавіч звярнуўся з прывітаннем да школьнікаў, іх настаўнікаў, бацькоў. Асабліва цёпла выказаўся ў адрас самых юных удзельнікаў лінейкі — першакласнікаў. Пажадаў усім прысутным моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў, а вучням — глыбокіх ведаў. А яшчэ быць сапраўднымі прадаўжальнікамі справы сваіх дзядоў і бацькоў, вывучаць гісторыю роднай мясцовасці, радавацца і ганарыцца тым, што жывём пад мірным небам.

Нарэшце настаў самы доўгачаканы момант свята: зазвінеў першы ў гэтым навучальным годзе званок. Яго перазвон гучна абвясціў дзецям і дарослым пра пачатак заняткаў. Дарэчы, права даць яго выпала вучаніцы 1 “В” класа Юліі Дзятлавай і вучню 11 “А” класа Андрэю Бародзічу.

Лінейка аб’яўляецца закрытай. Зноў гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, і з пляцоўкі выносіцца Дзяржаўны сцяг нашай краіны. Ганаровае права першымі пакінуць мерапрыемства прадастаўлена першакласнікам і адзінаццаціклас¬нікам. Затым адбыўся першы ўрок. А называўся ён “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. З пачаткам новага навучальнага года віншуе намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч; 2. Першы званок даюць вучні 1 “В” класа Юлія Дзятлава і 11 “А” класа Андрэй Бародзіч; 3, 6. Галоўныя ўдзельнікі ўрачыстай святочнай лінейкі — перша¬класнікі; 4. Выступае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Чарняўскі; 5. Сустрэча школьных сябровак.

Фота Георгія Прысмакова.



04 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах лебедзі на Мястры на Блакітных азёрах        Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела