Поспех мядзельскай гімназіі

ГІМНАЗІЯ-інтэрнат горада Мядзела стала пераможцай абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў развіцця адукацыі ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі метадычнай і кадравай работы”. Кубак і дыплом уручылі дырэктару Вячаславу Клімовічу падчас абласной педагагічнай канферэнцыі. А асабіста Вячаславу Пятровічу аб’яўлена падзяка начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Пра гэту працоўную перамогу — наша гутарка з дырэктарам гімназіі-інтэрната.

— Вячаслаў Пятровіч, раскажыце пра спаборніцтва, у якім перамагла гімназія.

— Штогод упраўленне адукацыі аблвыканкама арганізуе такое спаборніцтва. Праводзіцца яно ў два этапы. Першы — на ўзроўні раёна. Там мы сёлета сталі лепшымі адразу ў трох намінацыях: інфарматызацыя адукацыі, арганізацыя метадычнай і кадравай работы, выхаваўчага працэсу. Так сталі ўдзельнікамі абласнога этапа, дзе і перамаглі ў адной з намінацый.

— Па якіх крытэрыях ацэньвалася арганізацыя метадычнай і кадравай работы, якія паказчыкі параўноўваліся?

— Ацэньваліся паказчыкі забяспечанасці кадрамі, цякучасці кадраў, працэнт педагогаў з вышэйшай адукацыяй, з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, выкананне плана павышэння кваліфікацыі. А таксама абагульненне перадавога педагагічнага вопыту, правядзенне раённых і абласных мерапрыемстваў (семінараў, майстар-класаў), выніковасць удзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, рэалізацыя педагагічных праектаў.— Чыёй заслугай найперш з’яўляецца перамога ў спаборніцтве?

— Асноўны ўнёсак тут зрабілі педагогі, што павышалі сваю кваліфікацыю. Гэта Раіса Іванаўна Балюк і Людміла Канстанцінаўна Шчалкунова, якія пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. А таксама Лідзія Міхайлаўна Анішкевіч і Вячаслаў Станіслававіч Саўчык — яны сталі першымі ў раёне настаўнікамі-метадыстамі. Педагогі гімназіі заўсёды паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсе прафмайстэрства. У раённым этапе і ў гэтым навучальным годзе настаўніца замежнай мовы Аксана Іванаўна Міхневіч заняла першае месца. Хочацца асабліва адзначыць намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Людмілу Альфрэдаўну Цяляк: якраз яна і займаецца арганізацыяй метадычнай работы. Удзячны за творчую працу і ўсім астатнім педагогам гімназіі.

— Падзяліцеся: што адчувалі, атрымліваючы ўзнагароду?

— Было прыемна і некалькі нечакана. Пачэсна атрымаць кубак і дыплом з рук начальніка ўпраўлення адукацыі абл¬выканкама Галіны Мікалаеўны Казак і старшыні абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Мікалаевіча Башко. На сцэне адчуваў гонар за ўвесь наш калектыў, які творча і дружна працуе ўсе дзесяць год, што існуе гімназія. А ўвогуле такая ўзнагарода перад пачаткам новага навучальнага года — добры стымул для далейшай працы.

— Вячаслаў Пятровіч, чаго пажадаеце педагогам у пачатку навучальнага года?

— Цярпення. Удачы. Творчых поспехаў. Удзячных вучняў. Энтузіязму і жадання працаваць творча.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымку: дырэктар ДУА “Гімназія-інтэрнат горада Мядзела” Вячаслаў Клімовіч.

Фота Георгія Прысмакова.



04 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

    Паруснікі                          Сядзіба Максіма Танка  Лебедзі на Нарачы возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела