“Мы сустрэчы гэтай рады!”

ПА-РОЗНАМУ прыходзяць людзі ў літаратуру. Хтосьці, як вядомы паэт Мар’ян Дукса, колішні трактарыст калгаса імя Горкага ў азёрным краі, надрукуе свой першы верш у раённай газеце ў сямнаццаць год, а затым нібыта віхор уварвецца ў вабны і таямнічы свет творчасці. Калі гартаеш падшыўку “Нарачанскай зары” пачатку шасцідзясятых мінулага стагоддзя, то даволі часта сустракаеш гэта прозвішча сярод аўтараў цёплых замалёвак пра ўвішных і гасцінных вяскоўцаў Мядзельшчыны. Міне няшмат часу, і яго, ужо на дваццаць шостым годзе жыцця, якраз перад заканчэннем філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, прымуць у Саюз пісьменнікаў. Творчасць Мар’яна Дуксы надзіць тонкім адчуваннем прыроды, навакольнага жыцця:

Нарачанскія тоні чысцей, чым крыніца.

У ваду пазіраю, нібы ў акно:

Прад вачыма маленькі каменьчык свіціцца,

І нырае акунь на пясчанае дно…Выпадае і такое, што ледзь прыкметная сцяжынка да творчага шляху пачынаецца з неспадзяванай сустрэчы з сапраўднымі пісьменнікамі. Менавіта так надарылася ў Генадзя Пашкова, таленавітага паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Будучы вучнем Войстамскай сярэдняй школы на Смаргоншчыне, пасля заканчэння навучальнага года ён патрапіў разам з аднакласнікамі на возера Нарач. У заахвочвальную паездку адправіліся на адкрытым грузавіку. І хаця ў кузаве аўтамабіля на тагачаснай шашы было не зусім камфортна, дзеці весяліліся, спявалі песні. Калі прыехалі ў Купа, дзівіліся велічы Нарачы, а потым усчалі гуляць у футбол. Адзін з хлопцаў з усяе сілы ўдарыў па імправізаваных варотах, аднак прамазаў, і мяч з пагорка пакаціўся да возера. Следам кінуўся Генадзь, і хлапчуку ўдалося падхапіць яго ўжо ля самай вады. Задаволены, узняў галаву і ўбачыў паблізу вялікую купку дзяцей, якія акружылі двух паважных мужчын. Міжволі зрабіў колькі крокаў у іх бок і пачуў, што старэйшы распавядае пра аповесць “Міколка-паравоз”. Генадзь раней слухаў радыёкампазіцыю па гэтым літаратурным творы, але, тым не менш, заслухаўся, забыўшыся і пра мяч, і пра футбол…

Аказалася, што якраз тым летнім дзяньком са школьнікамі сустракаліся ля вогнішча непадалёку ад сваіх лецішчаў на Нарачы знакамітыя на ўвесь белы свет пісьменнікі Міхась Лынькоў і Максім Танк. Той дарунак лёсу застаўся ў памяці Генадзя Пашкова на ўсё жыццё. І, канечне, тады падлетак і не марыў нават, што з гадамі закончыць школу, універсітэт, пачне на прафесійнай аснове творча працаваць і будзе мець асабістыя стасункі з гэтымі вялікімі класікамі беларускай літаратуры. Пра тую неспадзёўку і ўзгадаў Генадзь Пятровіч, першы сакратар Саюза пісьменнікаў краіны, на пачатку нядаўняй творчай сустрэчы ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе напярэдадні Дня беларускага пісьменства ладзілі свята Кнігі. Яму кожную летнюю змену папярэднічалі літаратурныя віктарыны, конкурсы чытальнікаў вершаў, юных паэтаў. У бібліятэцы праводзіліся пазнавальныя гульнявыя праграмы, працавала літаратурная гасцёўня. Не стала выключэннем і апошняя жнівеньская змена. Такім вось актыўным чынам у цэнтры падтрымалі акцыю “Лета з добрай кнігай”, ініцыятарамі якой сёлета сталі Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сур’ёзна прычынілася таксама да папулярызацыі друкаванага слова загадчыца мясцовай бібліятэкі Аліна Сіскевіч. І яе рупнасць не засталася незаўважанай. Аліна Зіноўеўна, як і апантаны добрымі справамі калектыў цэнтра “Зубраня”, заахвочана дыпломам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Генадзь Пятровіч з цеплынёй распавёў шматлікай аўдыторыі ў Доме дзіцячай творчасці і пра цудоўных літаратараў, якія прыехалі разам з ім на сустрэчу. У іх ліку Міхаіл Пазнякоў, празаік і паэт, старшыня сталічнага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Міхаіл Паўлавіч выдаў больш за паўсотні кніг, лаўрэат адзінаццаці літаратурных прэмій. Яго творы для дзяцей уключаны ў школьныя падручнікі і дапаможнікі для пазакласнага чытання. Выступаючы перад юнымі чытачамі, Міхаіл Пазнякоў расказаў пра ўласны шлях у літаратуру, прачытаў некалькі сваіх вершаў, эмацыянальна падкрэсліўшы: “кнігу ў нашым жыцці нішто не заменіць!”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Добры надрукаваны твор па-іншаму ўспрымаецца, у яго ёсць душа. Такая кніга выклікае светлыя пачуцці, прымушае глыбей разважаць, хвалявацца, марыць і радавацца паўсядзённасці, у звычайным бачыць штосьці адметнае, робіць чалавека больш мудрым. У нашай газеце ёсць пастаянная рубрыка “Кнігалюбы азёрнага краю”, пад якой друкуюцца невялікія допісы самых актыўных заўсёднікаў бібліятэк. Дык вось, такую ж думку выказваюць як дарослыя, так і моладзь. “У пачатковых класах мама і бабуля прымушалі мяне чытаць, — дзеліцца, у прыватнасці, дзевяцікласніца з Мядзела Яна Падрэз. — Цяпер самі адгаворваюць: хвалююцца, каб зрок не сапсавала. Люблю класіку, дэтэктывы таксама падабаюцца. Не заўсёды хапае таго, што ёсць у школьнай бібліятэцы — даводзіцца хадзіць у гарадскую. Лічу, што чытаць мастацкую літаратуру цікавей і карысней, чым праводзіць час ля тэлевізара ці за камп’ютарам, бо кнігі даюць не толькі новыя веды, але і ўсебаковае развіццё”.

Багата цікавых твораў і ў асабістых скарбонках астатніх удзельнікаў сустрэчы — празаікаў Барыса Далгатовіча, Анатолія Смалянкі. Першы з іх — карыфей ваенна-гістарычнай навукі. Барыс Дзмітрыевіч — кандыдат гістарычных навук, у якасці дацэнта ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ рыхтуе афіцэраў для Узброеных Сіл нашай краіны. Альбо такі цікавы факт. Да 2005 года ў падручніках, навукова-папулярнай літаратуры сцвярджалася, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах ваявалі 217 генералаў і адміралаў з ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. А Барыс Далгатовіч, шчыра і цярпліва папрацаваўшы ў архівах, пераканаўча даказаў — іх больш за чатырыста! Вядомая справа, выступленне такога пісьменніка дзятва слухала з захапленнем. Апладысментамі быў стрэты і Анатоль Смалянка, аўтар паўтара дзясятка дакументальных і мастацкіх кніг. Анатоль Уладзіміравіч паведаў аўдыторыі, што першую заметку ў абласную газету ён напісаў у дзявятым класе, за якую атрымаў па тым пасляваенным часе 80 капеек ганарару. З гэтымі грашыма Анатоль і накіраваўся з аднакласнікамі ў мясцовую вясковую краму, дзе прадаўшчыца насыпала ў згорнуты з паперы ражок просценькіх цукерак. Умяўшы “падушачкі” ў імгненне вока, радасныя падлеткі падхвальвалі Анатоля. Маўляў, не саромся, часцей пішы ў газету…

І Смалянка пісаў, з часам стаў прафесійным ваенным журналістам. У запас звольніўся ў званні палкоўніка з пасады пастаяннага карэспандэнта “Красной звезды” па Беларускай ваеннай акрузе. Анатоль Уладзіміравіч сказаў колькі слоў і пра Генадзя Пашкова. Для пачынаючых паэтаў творчасць гэтага майстра, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, можа быць эталонам, да якога трэба імкнуцца. Многія вершы Генадзя Пятровіча — сапраўдная класіка, яны выпеставаны душой і сэрцам аўтара:

Адыду, як лісце адыходзіць

пад крысо завейнае зімы.

Застануся толькі ў прыродзе

я пад імем вечным Шар Зямны.

Ніколькі не перабольшу, калі скажу, што цёплыя і нязмушаныя зносіны з пісьменнікамі пакінулі ў дзяцей добрае ўражанне. Яны прама казалі: “Мы сустрэчы гэтай рады!”. Ажыўлена прайшлі таксама ўзнагароджанне лепшых чытачоў змены дыпломамі цэнтра, майстар-класы, якія літаратары правялі ў атрадах. Пісьменнікі не толькі давалі творчыя парады, расказвалі цікавыя гісторыі, але і адказалі на шматлікія пытанні. На завяршэнне адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў “Паэзія — мелодыя душы”. Кампетэнтнае журы ўразілі натхненне, артыстычнасць многіх з іх. Лепш за іншых гэта атрымлівалася ў Паліны Клапаток — “Бацькаўшчына” Уладзіміра Караткевіча, Аляксандры Строгавай — урывак з “Новай зямлі” Якуба Коласа, Мацвея Якжыка — “Жук і Слімак” Максіма Танка… У тым, што мерапрыемства прайшло, як кажуць, на адным дыханні, вялікая заслуга і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце цэнтра Марыны Шлык, загадчыцы аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Святланы Красоўскай, якія нямала парупіліся над яго падрыхтоўкай. На развітанне дзеці бралі ў літаратараў аўтографы, жадалі ім і надалей радаваць чытачоў добрымі творамі, кнігамі, якіх яны, цяпер ужо знаёмых пісьменнікаў, з нецярпеннем будуць чакаць.

Павел ЖУКАЎ.

На здымках: 1. Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі з лепшымі чытальнікамі вершаў (злева направа): Аляксандра Строгава, Міхаіл Пазнякоў, Мацвей Якжык, Барыс Далгатовіч, Аляксандра Церлюкевіч, Антон Півавараў, Паліна Клапаток, Анатоль Смалянка, Святлана Красоўская, Генадзь Пашкоў і Марына Шлык; 2. Выступае першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, які на творчай сустрэчы перадаў дзіцячаму цэнтру “Зубраня” бібліятэчку кніг з аўтографамі аўтараў; 3. Першае месца ў конкурсе чытальнікаў вершаў заняла Паліна Клапаток.

Фота аўтара.



04 верасня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

06-012 06-043  возера Мястра  від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси