Цi трэба страхаваць мапед?

«СЯБРА мяне пераконвае, што зараз уладальнікі мапедаў і квадрацыклаў абавязаны заключаць дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Ці праўда гэта?».

Аляксандр.

г. Мядзел.

Адказаць на пастаўленае пытанне папрасілі старшага інспектара дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС, маёра міліцыі Андрэя КУПРЭВІЧА. Вось што ён паведаміў:

— Адразу хачу сказаць, што нельга блытаць квадрацыклы і квадрыцыклы. Квадрацыкл — гэта такі транспартны сродак, які не прызначаны для руху па дарогах агульнага карыстання. Ён мае матацыклетныя органы кіравання. Прасцей кажучы: руль, як у матацыкла, газ — на рулі, счапленне, тормаз.

А квадрыцыкл мае аўтамабільныя органы кіравання: круглы руль, педалі ўнізе для ног і механічную ці аўтаматычную каробку пераключэння перадач. Ён належыць рэгістрацыі ў ДАІ на агульных падставах. А квадрацыкл нідзе не рэгіструецца: ні ў ДАІ, ні ў Дзяржтэхнаглядзе, таму эксплуатаваць яго на звычайных аўтадарогах нельга. Перавозіць яго трэба на прычэпах. А ездзіць можна ў лесе ці па палях. Але для сваёй бяспекі трэба мець матацыклетны шлем.

Што датычыць страхавання, то з 1 ліпеня бягучага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2014 года за № 165 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях страхавой дзейнасці». У адпаведнасці з гэтым дакументам усе ўладальнікі мапедаў і квадрыцыклаў абавязаны заключаць дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Раней гэтага не было, хоць шматлікія ўладальнікі скутараў жадалі б застрахаваць свой транспартны сродак па «аўтаграмадзянцы». Па новых правілах гэта дазволіць спрасціць працэдуру пакрыцця ўрону і абараніць маёмасныя інтарэсы вадзіцеляў мапедаў. Акрамя таго, максімальны памер выплаты па «аўтаграмадзянцы» ў выпадку, калі ўдзельнікі ДТЗ не выклікаюць ДАІ, а запаўняюць бланкі паведамлення пра ДТЗ, павялічаны да 400 еўра.

— Скажыце, калі ласка, што чакае тых, хто эксплуатуе свой скутар без такой страхоўкі?

— У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 18.20 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» штраф за эксплуатацыю транспартнага сродку без заключэння дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь складае 5 базавых велічынь (750 тысяч беларускіх рублёў), а для юрыдычнай асобы — 20 базавых велічынь.

Таксама хачу нагадаць, што транспартныя сродкі, якія належаць рэгістрацыі ў ДАІ павінны ва ўстаноўленыя тэрміны прадастаўляцца для праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду.

Запісаў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



28 жнiўня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 06-043 Царква ў Крывічах 84

Пабрацімы Мядзела