Пад крыламі анёлаў

БЯЖЫЦЬ жыццё — дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам. Ззаду засталіся і сем месяцаў календара з лічбай 2014. Адкрываем яго наступныя лісткі, будуем новыя планы, нагадваем сустрэчы з сябрамі, з цікавымі людзьмі. Пад рукі трапляе каляндар пад назвай “Родны край”, выпушчаны ў выдавецтве “Беларусь”. Адхінаю першы лісток — і вось табе сустрэча! З кім бы вы думалі? З паэтам-земляком Аркадзем Нафрановічам і яго вершам “У Беларусі я жыву”. Вершам, які можа быць эпіграфам да сёлетняга года — Года гасціннасці. І гэта не ўсё. Далей яшчэ адно добра знаёмае прозвішча — нашага шаноўнага паэта-земляка Міколы Шабовіча. Чытаю (і не ўпершыню) яго верш пад назвай “Вяртанне”, зноў і зноў захапляюся радкамі — светлымі, шчырымі, пранікаючымі ў сэрца. Разам з аўтарам радуюся і за “жытнёвы колас”, і за “лес пад вясёлкавай дугой”, і за гаючую сілу родных мясцін.Названыя вершы ўзяты для календара нездарма. Яны цудоўныя! Чытаеш-перачытваеш і разумееш вялікую сілу паэтычнага слова. Мы ганарымся землякамі, якія сваім талентам запальваюць новыя асвячальныя зоркі на шматграннай літаратурнай арбіце. І цвёрда перакананы, што з’явяцца новыя творчыя людзі і таксама праславяць раён, унясуць дастойны ўклад у агульную культурную скарбонку. А што ў нас у раёне? Адны аўтары спрабуюць пяро, шліфуюць радкі. Другія шукаюць цікавыя тэмы, задумваюцца над рытмікай радкоў. Трэція з веданнем справы асэнсоўваюць мастацкую вартасць напісаных твораў. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе творчая дзейнасць членаў літаратурнага аб’яднання “Медуніца”, якое існуе пры раённай бібліятэцы імя Максіма Танка.

Але не, сказаць трэба больш. Асобныя стваральнікі паэтычнага слова маюць нядрэнныя набыткі. Пра гэта сведчыць зборнічак вершаў “Галасы роднага краю”, выдадзены бібліятэкай летась (адказная за выпуск Людміла Несцяровіч). У зборніку даволі цікавыя, заслугоўваючыя ўвагі вершы Ілоны Арцюховай, Лідзіі Багавец, Ірыны Баравой, Вячаслава Броскі, Данаты Варабей, Валянціны Грыбовіч, Лявона Грыбовіча, Яніны Дземідовіч, Наталлі Дунец, Аляксандра Жыхара, Паліны Звяругі, Алы Кот, Леаніда Краўчонка, Яніны Малахоўскай, Ганны Несцярэнкі, Георгія Прысмакова, Святланы Роўды, Вікторыі Сяклюцкай, Вікторыі Тарасевіч, Дзіяны Фалевіч, Рычарда Федарца, Надзеі Чарапанавай. Папярэдне друкаваліся яны і на старонках “Нарачанскай зары”. А вось вершы Данаты Варабей неаднаразова змяшчаліся і ў рэспубліканскім штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Прыемна? Вядома!

Варта асобна звярнуцца да прозвішча Надзеі Чарапанавай. Яна не толькі складальніца вершаў, але і песень, і музыкі да іх. Разам з усім выдатная спявачка — з’яўляецца ўдзельніцай клуба аматараў песні “Верасень”. Відавочна, што таленты ёсць, таленты будуць. Як кажуць, не мялее зямля нарачанская, бруяцца яе чыстыя і светлыя крынічкі. Хочацца сказаць і пра тых людзей, літаратурная праца якіх не дасягнула належнага ўзроўню, а вершы пакуль толькі ў асабістым сшытку. Вядома, першы блін комам. І пра тое, што наперадзе, гаварыць цяжка. Галоўнае — не адмахвацца ад рыфмаў, што стукаюцца “зверху”, а запісваць, зноў і зноў перачытваць вершы самім, раіцца з настаўнікамі-філолагамі, з іншымі літаратуразнаўцамі. Калі твор у цэлым не дасканалы, калі не адпавядае рэзалюцыі “друкаваць”, ён можа знагадзіцца для вуснага чытання — сябрам, знаёмым, дзецям, унукам. Вось такая парада людзям, якія валодаюць рыфмай і пішуць, пішуць. Не толькі вершы, а цэлыя “паэмы”.

Не пакінуты без увагі творы Галіны Аксючыц, Анжалікі Расковай. Гучаць у іх (у асноўным) асабістыя ўражанні, эмоцыі, перажыванні. Пажадана ж браць і іншыя тэмы, шукаць і знаходзіць штосьці новае, цікавае для многіх чытачоў. Разам з тым бачна, што ў Расковай і Аксючыц нядрэнныя здольнасці. У вершах не нацягнута-натужная, а лёгкая, меладычная рыфма. Уражваюць прыгожыя, удалыя эпітэты, параўнанні. Варта сказаць, што ў кожнай справе ёсць свае правілы і свае рамкі. У літаратуры — таксама. Ні ў якім разе нельга крыўдаваць на заўвагі, а ўсведамляць, што ўсе “вялікія” праходзяць спачатку выпрабаванне крытыкай. Няхай і другая палова года дорыць творчае натхненне, радасць ад працы і выдатныя поспехі. Няхай пра мядзяльчан часцей гучыць вокліч “Ведай нашых!”. Пра пачаткоўцаў-паэтаў — таксама. Застаецца чакаць новых вершаў, планаваць сустрэчы і карысную вучобу ў літаратурнай майстэрні.

В. ЕФІМАВА.

Кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Медуніца” пры раённай бібліятэцы імя М. Танка.



14 жнiўня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

0-170 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Засвіры   06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси