Патрабавальнасць – канкрэтная, жорсткая

НАСТОЛЬКІ прадстаўнічага пасяджэння райвыканкама, як у мінулую пятніцу, мне за апошнія гады не прыгадваецца. У яго рабоце, апрача кіруючых кадраў з усіх галін народнай гаспадаркі Мядзельшчыны, прынялі ўдзел намеснік старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь Віктар Мікалаевіч Рабцаў, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Іван Васільевіч Рак, намеснікі старшынь Дзяржаўнага мытнага камітэта краіны Леа­нід Сяргеевіч Досаў, абласнога выканаўчага камітэта Валерый Аляксеевіч Скакун, дырэктар Мін­скага філіяла рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Белтэлекам” Юрый Мікалаевіч Петручэня. Ды і асноўнае пытанне парадку дня пасяджэння, вынесенае на разгляд, на сённяшні дзень надзвычай актуальнае – аб рабоце прадпрыемстваў і арганізацый па эканоміі паліва-энергетычных рэсурсаў, выкананні мэтавых паказчыкаў па энергазберажэнні, зыхо­дзячы з патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.

Трэба адзначыць, што ў гэтым напрамку ў нашым краі працуюць мэтанакіравана. Прымаюцца захады па зніжэнні ўдзельнай вагі затрат на адзінку выпускаемай прадукцыі пры адначасовым росце вытворчасці, яе мадэрнізацыі шляхам укаранення энерга- і рэсурсазберагаючых тэхналогій і абсталявання, замяшчэнні ім­партуемых відаў паліва на мясцо­выя. Аднак зробленае далёка не ўсюды адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца на сучасным этапе да суб’ектаў гаспадарання. На гэта ўказвалася і ў дакладзе намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Сцяпанавіча Берняковіча. Так, калі мэтавы паказчык па энергазберажэнні за студзень-сакавік па унітарным прадпрыемстве “Ілаўскае” з улікам супастаўных умоў склаў мінус 15,2 працэнта, ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга” – 24,5, жыллёва-камунальнай гаспадарцы – 12,2, то па ААТ “Мядзелаграсэрвіс” – плюс 38,8 працэнта, РКБА -10,7, па прадпрыемствах упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання – 4,1 працэнта. Вось і ў цэлым па раёну ён за першы квартал пры заданні мінус 12 працэнтаў забяспечаны з улікам супастаўных умоў толькі на ўзроўні мінус 6,2 працэнта. Асноўнымі прычынамі недавыканання сталі нізкі тэмп росту аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі – 101,6 працэнта, большыя ў параў­нанні з папярэднім годам маразы ў зімовыя месяцы ды павелічэнне аб’ёмаў спажывання паліва-энергетычных рэсурсаў.

Не радуе і тое, што доля расходу мясцовых відаў паліва ў агульным балансе раёна з улікам насельніцтва ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года некалькі скарацілася – на 4,4 працэнта. А гэта – 268 тон умоўнага паліва. Не справіліся з даведзеным заданнем Нарацкі завод напіткаў, Свірскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”, СВК “Свірскі край”, “Будслаў­скі”, унітарнае прадпрыемства “Габы-Агра”. Некаторым арганізацыям аказалася не пад сілу і дасягненне паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў на бягучы год, зацвер­джаных рашэннем абласнога выканаўчага камітэта. У іх ліку апынуліся аўтапарк №7, унітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”, Мя­дзельская жыллёва-камунальная гаспадарка, Нарацкі завод напіткаў, ЖКГ “Прыазер’е”…

Згодна з раённай праграмай энергазберажэння, прадпрыемствамі і арганізацыямі азёрнага краю сёлета намечана рэалізаваць 38 мерапрыемстваў з аб’ёмам фінансавання больш 4,2 мільярда рублёў. За першы квартал з іх выканана 8, на гэта накіравана 125,2 мільёна рублёў. Як бачна, асноўны аб’ём работ яшчэ наперадзе. Толькі пятая частка сродкаў асвоена і ад агульнага аб’ёму сродкаў, пра­дуг­леджаных для фінансавання абласной праграмы энергазберажэння з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. У прыватнасці, Мядзельская ЖКГ маруднымі тэмпамі замяняе цепласеткі, не спяшаецца з устаноўкай сучаснага помпавага абсталявання, завяршэннем работ у кацельні вёскі Баравое, рэканструкцыі цэнтральнай кацельні ў райцэнтры. Іх калегам з “Прыазер’я” таксама варта па­спяшацца з пераводам паравога катла ў вадагрэйны рэжым, заменай цеплаабменнікаў, укараненнем частотных пераўтваральнікаў…

Некаторым кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, дзе існуюць праблемы з выкананнем даведзеных заданняў па эканоміі паліва, электраэнергіі, давялося трымаць справаздачы, адказваць на прамыя пытанні старшыні райвыканкама Аляксандра Іванавіча Даніленкі і гасцей, якія прынялі актыўны ўдзел у рабоце пасяджэння. Па нясмелых, часам нават блытаных, адказах можна меркаваць, што асобныя кадры пакуль сур’ёзна не займаюцца беражлівым выкарыстаннем наяўных рэсурсаў, не ўнікаюць па-сапраўднаму ў сутнасць справы дзяржаўнай важнасці. А патрабавальнасць за яе, як вынікала з выступленняў В. М. Рабцава, Л. С. Досава, В. А. Скакуна, толькі ўзмацніцца і надалей будзе канкрэтнай, жорсткай.

У прынятым рашэнні шэрагу кіраўнікоў, якія не забяспечылі выкананне заданняў па асваенні фінансавых сродкаў па праграме энергазберажэння, павелічэнні спажывання мясцовых відаў палі­ва, эканоміі рэсурсаў, указана на недастатковую работу. Адначасова ад кіраўнікоў упраўленняў, аддзелаў райвыканкама, арганізацый усіх форм уласнасці запатрабавана прыняць вычарпальныя меры па безумоўным выкананні Дырэктывы №3. Яно і сапраўды, эканомія і беражлівасць павінны стаць нарэшце нашым паўсядзённым усеагульным клопатам, адной з галоўных задач на кожны працоўны дзень. Бо за гэтым – канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі, светлая вытворчая пер­спектыва і, у рэшце рэшт, наш дабрабыт. Апрача гэтага, тым арганізацыям, якія маюць пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць перад Мядзельскім фі­лія­лам “Мінаблпаліва”, а такіх налічваецца больш за паўтара дзесятка, пастаўлена задача пагасіць яе да наступнага чацвярга.

Павел ЖУКАЎ.



07 чэрвеня 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  Царква ў Крывічах Лебедзі на Нарачы возера Мястра

Пабрацімы Мядзела