Нарачанскi край – радзiма Марыi Качыньскай

ПАХОДЖАННЕ эканамісткі, грамадcкага дзеяча і перакладчыцы Марыі Качыньскай — першай дамы восьмага прэзідэнта Польшчы ў 1995-2010 гадах Леха Качыньскага спавіта шматлікай блытанінай назваў, дат і фактаў, якія спалучыліся з рознымі віртуальнымі фантазіямі, бо яе пасведчанне аб нараджэнні застаецца невядомым да цяперашняга часу. Паводле іншых найбольш верагодных крыніц, роднымі ваколіцамі Марыі Хэлены Качыньскай (у дзявоцтве Мацкевіч) з’яўляюцца маляўнічыя берагі беларускага мора — найбуйнейшага возера краіны — Нарачы. Лёс Марыі Качыньскай наканаваў ёй трагічную смерць падчас катастрофы самалёта “Ту-154” пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года разам з мужам, усёй польскай дэлегацыяй і экіпажам. У публічных біяграфічных рэтраспекцыях яна амаль не звярталася да сваіх першых гадоў жыцця, бо малую радзіму пакінула з бацькамі ў раннім дзяцінстве. Аднак незадоўга да 2010 года ў інтэрв’ю для часопіса “Пaнi”, які размову з ёй пад назвай “Застануся сабой” размясціў у інтэрнэце, яна падала месца свайго нараджэння, акрэсліўшы яго як “Віленшчына”. Дачка прэзідэнцкай пары Марыі і Леха Качыньскіх Марта ў сваіх толькі што надрукаваных успамінах “Мае бацькі”, якія ў варшаўскіх кнігарнях з’явіліся ў продажы ў мінулым маі, піша, што яе маці “прыходзіць да свет” 21 жніўня 1942 года ў Махаве ў сям’і Чэслава Мацкевіча, ляснічага, і Лідзіі Пішчакі, настаўніцы. У гэтай кнізе надрукавана іх фота — дзядулі і бабулі Марты па матчынай лініі. Таксама ў змястоўнай на падрабязнасці апрацоўцы Барбары Станіслаўчык “Апошні крык. Ад Катыня да Смаленска — гісторыі трагедый і каханняў” змешчана фотаілюстрацыя бацькоў Марыі Мацкевіч з малым дзіцем на руках у маці з подпісам “Лідзія і Чэслаў з нованароджанай Марылькай. (Леснічоўка каля Кабыльніка над Нарачам, 1942 г.). Аўтарка піша (у перакладзе з польскай мовы): “Чэслаў жыў каля Кабыльніка над Нарачам у прыгожай драўлянай леснічоўцы, пабудаванай перад вайной. Па адным баку дарогі знаходзілася надлясніцтва, а па другім — лясніцтва. У ім займаў адзін пакой Чэслаў”.Маці Марыі Лідзія нарадзілася ў Пецярбурзе. У часы бежанства ў разгар Першай сусветнай вайны там апынуліся з-пад Нарачы яе бацькі. Род “Мацкевічаў”, без сумнення, тутэйшага паходжання, бо гэта прозвішча даволі распаўсюджана ў азёрным краі. Чэслаў паходзіў са шматдзетнай сям’і (меў сямёра сясцёр і братоў, адзін з іх быў не родны). Жылі яны ў маёнтку Добжын (каля Свянцян, цяпер — Швянчоніс). Тут бацька Чэслава Шымон у 1930 годзе пабудаваў новы дом. Добжын суседнічаў з Зулавам, дзе жыў ніхто іншы, як Юзаф Пілсудскі, з якім Шымон Мацкевіч дэбатаваў на палітычныя тэмы. Чэслаў скончыў пяць класаў свянцянскай гімназіі. Лясную працу распачаў у прыватных лясах Лынтупскага лясніцтва. Пасля заканчэння лясных курсаў у Варшаве працягваў “лясную службу ў дзяржаўных лясах” надлясніцтва Нарач. У адносінах да Чэслава Мацкевіча Барбара Станіслаўчык дае такую характарыстыку: прыстойны мужчына, высокі і хударлявы, размоўны і вясёлы. Пра такіх людзей у тыя часы казалі, што быў здольны “да танца і да ружанца”. Вельмі апекаваўся малой дачушкай Марылькай, якую блізкія ро¬дзічы называлі Мушкай: часта яе купаў, спавіваў, гатаваў ёй ежу і карміў.

Колішні Кабыльнік, які перад вайной быў цэнтрам аднайменнай гміны, цяпер — вёска Нарач. Так здарылася, што я ў сваім дзяцінстве напачатку сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя жыў з бацькамі ў вёсцы Кусеўшчына. Даведаўшыся апошнім часам аб тутэйшым паходжанні Марыі Качыньскай, вырашыў адшукаць той будынак былога лясніцтва, пра існаванне якога ў мінулым ведае, аказваецца, яшчэ шмат людзей. Доўгажыхар былога Кабыльніка Янусь Плешак, ён жа Іван Браніслававіч, 1929 года нараджэння, з якім размаўляў у красавіку гэтага года, сцвярджаў нават, што бываў у ёй у юнацкія гады. Яго апісанне знешняга выгляду таго аднапавярховага драўлянага белага дома з калонамі цалкам супадае з фатаграфіяй леснічоўкі з кнігі Б. Станіслаўчык. Да таго ж, ён узгадваў, што ў Махаве былі два “палацыкі” (аб чым падае таксама Б. Станіслаўчык) і тое, што ў адным з іх жыла настаўніца. З дапамогай мясцовых жыхароў Юрыя Матукевіча і Кацярыны Наруць у адзін з сонечных красавіцкіх дзён бягучага года ўдалося знайсці рэшткі адной з тых пабудоў: ацалеў толькі падмурак з бетоннымі сходамі і вараўня. Знаходзяцца яны на ўсходняй ускраіне вёскі Нарач (па правым баку дарогі на Мядзел) у прыгожым лясным масіве. Да яго і сёння ўжываецца назва “Махава”, куды вя¬дзе “конка”, колішняя нямецкая вузкакалейка часоў Першай сусветнай вайны, а больш дакладна — насып той чыгункі. Па словах Плешака, леснічоўку ў адным з баёў знішчылі партызаны. Падобнае сцвярджае і Станіслаўчык. Аўтарка дадае таксама, што ў гэты самы час Чэслаў Мацкевіч ехаў на кані праз лес, дзе яго раптам акружылі ўзброеныя людзі і паставілі пад дрэвам. Аднак прыскакаў Фёдар Маркаў і загадаў адпусціць палоннага, бо гэта яго знаёмы: перад вайной яны разам хадзілі ў школу ў Свянцянах. Неўзабаве Мацкевічы, Лідзія з малой Марыляй і Чэслаў, перабраліся да яго віленскай радні — вельмі гасцінных, сардэчных і добрых людзей, паводле ўспамінаў тых, хто іх ведаў. Тут у 1944 годзе ў Чэслава і Лідзіі нарадзіліся блізняты — малодшыя брат і сястра Марылі: Альжбета (памерла праз некалькі дзён) і Конрад. Ён скончыў вайсковую тэхнічную акадэмію, стаў інжынерам авіяцыі. Цікавіўся каранямі роду і склаў яго генеалагічнае дрэва. Якраз напярэдадні 10 красавіка 2010 года гэту сямейную сагу перадаў сястры Марыі праз канцылярыю прэзідэнта. Тая хроніка змешчана ў згаданай вышэй кнізе Марты Качыньскай, хаця, як мне здаецца, толькі часткова.

З заканчэннем вайны сям’я Чэслава Мацкевіча выехала з Літвы ў Польшчу. Уладкаваліся ў Паморскім ваяводстве, дзе галава сям’і ў якасці ляснічага атрымаў леснічоўку, добра абсталяваную, маляўніча размешчаную над ракой Брда. Уласна кажучы, ад часу пасялення ў Недзьвядах (на беларускую мову назву можна ператлумачыць як Мядзведзіна), храналагічна і геаграфічна сягала памяць Марыі Качыньскай і яе бліжэйшых родзічаў, напаўняючы той перыяд жыцця рамантычна-сентыментальным зместам, пераносячы ўражанні з Махава на Недзьвяды.

На новай радзіме сям’я Чэслава Мацкевіча яшчэ некалькі разоў змяняла месца жыхарства, зведала нямала выпрабаванняў. Дастаткова сказаць, што ў 1948 годзе ён быў арыштаваны службай бяспекі. Вайсковы суд у Шчэціне пакараў яго пяццю гадамі турмы з канфіскацыяй маёмасці. І хоць амністыя прысуд скасавала, поўная рэабілітацыя адбылася толькі ў 1961 годзе. Тады толькі Чэслаў Мацкевіч змог вярнуцца да працы па прафесіі. Зімой 1976 года пасля аўтакатастрофы (яго аўтамабіль на слізкай дарозе сутыкнуўся з агароджай моста і скаціўся з насыпу на чыгунку) да шпіталя Чэслаў змог дабрацца самастойна, аднак неўзабаве памёр з-за вялікай страты крыві ў выніку медыцынскай памылкі. Паводле афіцыйнай версіі — лекары не распазналі, што лёгкае было прабіта зламаным рабром.

У Рабцы, куды Мацкевічы пераехалі па прычыне слабага здароўя дзяцей, Марыя, якая мела хваравітае сэрца, закончыла пачатковую школу, а ў 1961 годзе — агульнаадукацыйны ліцэй. Затым вучылася ў Вышэйшай эканамічнай школе ў Сопаце на аддзяленні “замежны гандаль”, выязджаючы на шматмесячныя стажыроўкі ў Лондан і Парыж. Была паліглоткай: валодала пяццю мовамі, іграла на піяніна, цікавілася мастацтвам, мела, кажучы сучаснай мовай, хобі — ствараць уласна прыдуманае адзенне, якое звычайна ў яе атрымлівалася вельмі прыгожым. Цікавасць да гэтай справы набыла ў спадчыну ад сваёй бабулі. Працуючы ў Марскім інстытуце ў Гданьску, жыла на вуліцы Чырвонай Арміі, дзе здымала кватэру ў адной з камяніц. У гэтым самым доме ў 1976 годзе пасяліўся дактарант Гданьскага ўніверсітэта. Прыстойны хлопец быў на сем гадоў маладзейшы за сваю суседку і звалі яго Лех Качыньскі. Як піша Марта Качыньская: “Праз нейкі час бацькі закахаліся. Былі падобнымі адзін да аднаго — цёплымі, сардэчнымі, прыхільнымі людзьмі, з пачуццём гумару”. Праз два гады яны ўзялі шлюб. У 1980 г. у іх нарадзілася дачка. Менавіта такімі яна іх і памятае: спагадлівымі, з узаемнай любоўю ў вачах, вельмі зжытымі паміж сабой. Мяркуецца, што Марыя была, калі можна так сказаць, палітычнай музай свайго мужа — інспіравала яго да палітычнай кар’еры, бо менавіта яе продкі, а ў першую чаргу дзед (Шымон Мацкевіч), ведалі асабіста Ю. Пілсудскага. Узгадваючы сямейныя традыцыі, Марта падае, што на Вялікдзень яйкі фарбавалі заўсёды шалупінамі цыбулі (па-беларуску). І апошняе. У велікодныя дні 2010 года яна ўжо са сваімі дочкамі Эвай і Марцінай гасціла ў бацькоў. Адбылося дробнае здарэнне, на якое Марта ў той момант не звярнула асаблівай увагі. За гарбатай Марыя нечакана зняла з рукі заручальны пярсцёнак і прапанавала, каб Марта прымерыла. Тая ўзяла пярсцёнак, але трохі з-за забабонаў не стала надзяваць яго на палец, аднак звярнула ўвагу на тое, што ён меў гравіроўку. Пасля катастрофы дзякуючы толькі гэтаму ацалеламу пярсцёнку ўдалося апазнаць цела маці. Прэзідэнцкую пару пахавалі на кракаўскім Вавэлю, дзе спачывае таксама зямляк Качыньскай Ягайла, які паходзіў з недалёкага ад Нарачы Крэва.

Постаць Марыі Мацкевіч-Качыньскай, якая прайшла жыццёвы шлях ад махаўскай леснічоўкі ў Нарачанскім краі да прэзідэнцкага палаца ў Варшаве, заслугоўвае ўшанавання і на радзіме. Найлепшым месцам для гэтага, мяркую, мог бы стаць касцёл у Нарачы.

Ю. ЗЯМЧОНАК.

Доктар гуманітарных навук, Варшаўскі ўніверсітэт.

На здымках: 1. Марыя Мацкевіч-Качыньская.



31 лiпеня 2014.   Каментарыі: 2 каментары.    Размешчана ў Гісторыя

Да запісу 2 каментары

Вельмі дрэнна, што артыкулы на сайце не маюць унутраных спасылак на адпаведныя тэмы, што зьмешчаны справа ў жоўтым слупку, таму цяжкавата знайсьці астатнія артыкулы адпаведнай тэматыкі. Мо не так ужо і цяжка зрабіць такія спасылкі, або нават проста без спасылак дзесьці ў дужках указаць гэтыя (або гэтую) тэмы.

Паважаны Юрась! Каб знайсці той альбо іншы матэрыял на пэўную тэматыку дастаткова націснуь патрэбную рубрыку ў правам жоўтым слупку.

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 06-043 лебедзі на Мястры Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела