Паміж службовым і асабістым

НЯДАЎНА ў аблвыканкаме адбылася нарада з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны. Абмяркоўвалася праблема барацьбы з карупцыяй на ўзроўні інфармацыйнага забеспячэння. Віталій Вольскі, старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры вобласці, які меў слова на нарадзе, звярнуў увагу прысутных на тое, што барацьба з карупцыяй у сталічным регіёне на даволі высокім узроўні. Мясцовая прэса таксама не абыходзіць бокам гэту праблему. А вось як складваецца сітуацыя з карупцыяй у нашым раёне, папрасіла расказаць выконваючага абавязкі пракурора раёна, малодшага саветніка юстыцыі Івана МАЛАФЕЯ:

— У гэтым годзе карупцыйных злачынстваў выяўлена значна менш, чым у мінулым. У асноўным гэта крадзяжы маёмасці шляхам злоўжывання службовым становішчам, атрыманне хабару, злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. Групай барацьбы з эканамічнымі злачынствамі РАУС праведзена і праводзіцца некалькі папярэдніх праверак па прыкметах учынення карупцыйных злачынстваў у адносінах да службовых асоб. У той жа час пракуратурай раёна праведзены дзве праверкі па выкананні антыкарупцыйнага заканадаўства ў РВУП “Мядзельская ЖКГ” і УП “Ілаўскае”. Па яе выніках вынесены два прадстаўленні аб ухіленні прычын і ўмоў парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства ў дзяржаўнае аб’яднанне “ЖКГ Мінскай вобласці” і УП “Ілаўскае”. Асноўныя недапрацоўкі — адсутнасць камісій па супрацьдзеянні карупцыі, і не ад усіх дзяржаўных службовых асоб былі ўзяты абавязацельствы па выкананні вызначаных абмежаванняў.

— З чым звязваеце змяншэнне такіх злачынстваў?

— Адзначу, што заспакойвацца з гэтай нагоды не варта. Лічу, што ў пэўнай меры ёсць недапрацоўка службы групы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі РАУС. Таксама маюць значэнне традыцыйна пасіўныя адносіны грамадзян да фактаў такіх злачынстваў. Хачу сказаць жыхарам раёна, што карупцыйныя злачынствы ў большасці выпадкаў выяўляюцца менавіта з дапамогай нераўнадушных і сумленных людзей. Рабоце з насельніцтвам на ўсіх узроўнях барацьбы з крупцыяй надаецца асаблівая ўвага.

— На слыху, не толькі ў мядзяльчан, нашумеўшая карупцыйная справа ў адносінах да службовых асоб нашага камунгаса. На якім этапе зараз знаходзіцца следства?

— У адносінах да службовых асоб унітарнага прадпрыемства “Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка” і дзяржаўнага прадпрыемства “Ізаліткамунпрам” узбуджана крымінальная справа па артыкуле 424 часткі 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна…

— Гэтыя службовыя асобы, дакладна ведаючы пра зрыў выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады па замене цеплавых сетак у Мядзеле і курортным пасёлку Нарач, наўмысна, насуперак інтарэсам службы, з мэтай пазбегнуць прыцягнення да адказнасці і стварэння бачнасці належнага выканання службовых абавязкаў учынілі службовы падлог. Гэта стала падставай для незаконнага атрымання ў 2013 годзе бюджэтных грошай за быццам бы выкананыя будаўніча-мантажныя работы па замене цеплавых сетак на суму 603343748 рублёў.

— Іван Іванавіч, наколькі выніковымі сталі іншыя праверкі па выяўленні правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі?

— Пракуратурай раёна ў парадку пракурорскага нагляду былі вывучаны матэрыялы папярэдніх следчых праверак па фактах учынення адным з кіраўнікоў арганізацый раёна дарожна-транспартных здарэнняў падчас кіравання службовым аўтамабілем. Выяўлены парушэнні патрабаванняў арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь № 165-3 ад 20 чэрвеня 2006 года “Аб барацьбе з карупцыяй” (выкарыстанне дзяржаўнай службовай асобай ці прыраўнянай да яе асобай службовага становішча падчас вырашэння пытанняў, якія закранаюць асабістыя, групавыя і іншыя паза-службовыя інтарэсы).

Так, 7 мая 2012 года, знаходзячыся на службовым аўтамабілі “Шкода-Актавія” ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці, учыніў ДТЗ, сутыкнуўшыся з легкавым аўтамабілем “Фальксваген-Гольф”. ДТЗ аформілі без выкліку супрацоўнікаў ДАІ ў добраахвотным парадку праз страхавую арганізацыю. Рамонт службовага аўтамабіля на суму 17883926 рублёў праводзіўся за кошт арганізацыі. Урон кіраўнік дабраахвотна не кампенсаваў.

29 верасня 2012 года ён на тым жа аўтамабілі ўчыніў ДТЗ ужо ў Мядзеле. З месца здарэння ўцёк. Але паколькі пацярпеўшаму вадзіцелю была выплачана страхоўка, то сума яе ў памеры 2019935 рублёў была запатрабавана з уладальніка аўтамабіля, г. зн. арганізацыі. Кіраўнік жа арганізацыі ў добраахвотным парадку прычынены ўрон не кампенсаваў.

Крымінальная справа ў адносінах да гэтай службовай асобы не была ўзбуджана, бо заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць за такія дзеянні толькі ў выпадку ўчынення ўрону арганізацыі ў буйным памеры (250 базавых велічынь і больш). Але вярнуць грошы арганізацыі яму ўсё ж такі давялося.

— Сёння карупцыя з’яўляецца глабальнай праблемай для ўсяго грамадства. І толькі выяўленнем такіх злачынстваў справу не вырашыць. Іван Іванавіч, якія прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца для барацьбы з карупцыяй?

— Значную ролю ў барацьбе з карупцыйнымі з’явамі выконваюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, праца са зваротамі грамадзян, “гарачыя лініі”, “тэлефоны даверу”, правядзенне адзіных дзён інфармавання насельніцтва, дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, сустрэчы кіраўнікоў з працоўнымі калектывамі, прыём грамадзян па месцы жыхарства, рэалізацыя заяўнага прынцыпу “адно акно”. Названыя метады дазваляюць задзейнічаць як выканаўчыя органы, так і арганізацыі, прадпрыемствы раёна, жыхароў Мядзельшчыны. Аднак для выкаранення гэтага зла патрабуюцца яшчэ большыя намаганні ўсіх дзяржаўных праваахоўных органаў з поўнай падтрымкай грамадзян, для якіх важны сацыяльная справядлівасць, роўнасць усіх перад законам, якія не застаюцца раўнадушнымі да працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Гутарыла Іна ЯРЧАК.

Фота Георгія Прысмакова.



31 лiпеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          від на Мядзел Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела