Нарачанскі набат…

СЁЛЕТА спаўняецца сто гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Яна не абмінула Мядзельшчыну: якраз тут тры гады праходзіла лінія фронту, тут адбылася і сумнавядомая Нарачанская аперацыя.

Прысвечаныя юбілею той далёкай вайны мерапрыемствы прайшлі ў раёне ў мінулую суботу. Арганізавалі іх райвыканкам і Мядзельскі музей Народнай славы.

Удзельнічалі не толькі жыхары Мядзельшчыны, але і госці з іншых рэгіёнаў краіны. Была і дэлегацыя з Расіі — з далёкага Іркуцка.

Спачатку гасцей раёна прывітала намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Яны паглядзелі дакументальны фільм пра Мядзельшчыну і мультымедыйную прэзентацыю па тэме Першай сусветнай. А потым на камфартабельным аўтобусе накіраваліся ў падарожжа. У плане — аглядавая экскурсія па раёне (з наведваннем вышыні Фердынандаў нос і аптэкарскага саду), адкрыццё памятнага знака на месцы пахавання рускіх салдат у вёсцы Чарэмшыцы, прэзентацыя кнігі “Іркуцк і іркуцяне ў Першай сусветнай вайне”, ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Нарачанскі набат”, агляд фартыфікацыйных збудаванняў.Падрабязна спыняцца на ўсім, што ўбачылі і пачулі ўдзельнікі падарожжа, не буду (хаця краявіды цудоўныя, а аповед экскурсавода — Уладзіміра Серадзінскага — цікавы). Спынюся на самых яркіх момантах.

АДКРЫЦЦЁ ПАМЯТНАГА ЗНАКА

На першы погляд могілкі ў Чарэмшыцах — звычайныя грамадзянскія: сучасныя і даўнейшыя помнікі, вянкі, штучныя і жывыя кветкі. Нішто не выдае, што тут пахаваны вайскоўцы. Але прайшоўшы колькі метраў, бачым невялікую пліту і сціплую абгародку: тут знайшлі спачын рускія салдаты часоў Першай сусветнай. Ля месца пахавання і адбываецца мітынг.

Слова мае старшыня Занарацкага сельвыканкама Уладзімір Зелянкевіч:

— У 2008 годзе ўзнікла патрэба абгарадзіць грамадзянскія могілкі. Былі звесткі, што дзесьці тут пахаваны рускія салдаты. Дзе іменна — невядома, нікога са старажылаў ужо не заставалася. Падключылі пошукавыя батальёны, яны правялі даследаванне. І знайшлі, што на гэтым кавалачку зямлі, літаральна дзесяць на дзесяць метраў, пахавана дзевяцьсот чалавек. Напэўна, капалі вялікую яму, складалі забітых радамі, паслойна перакрываючы шынялямі. Вядома, імён не захавалася. Мы абгарадзілі пахаванне, паставілі невялікую пліту.

Да прысутных звяртаецца Барыс Цітовіч — мастак, прадстаўнік Вілейскага краязнаўчага музея і Фонду памяці Першай сусветнай вайны:

— Самае страшнае жніво вайны — не ў перамогах і паражэннях, а ў чалавечых жыццях. Сёння важна ўсвядоміць, што мы рэанімуем сваю памяць. Бо ў шматгадовым бяспамяцтве забыліся не толькі пра воінаў Першай сусветнай, але і пра сваіх родных. І калі сёння звяртаемся да тых далёкіх падзей, то не з-за таго, што такія добрыя, а таму, што з’явіўся шанц рэабілітаваць сябе перад продкамі. Мяркую, што ў перыяд з 2014 па 2018 год — у гады памяці Першай сусветнай вайны — ёсць магчымасць працягнуць гэту справу. Я ўдзячны ўсім, хто ёй займаецца і жадаю далейшых поспехаў.

Потым гаворыць прадстаўнік іркуцкай дэлегацыі — кіраўнік адміністрацыі Бальшарэчанскага муніцыпальнага ўтварэння Юрый Вітэр:

— У адрозненне ад Еўропы, у Расіі амаль няма помнікаў воінам Першай сусветнай вайны. Каб аднавіць гістарычную справядлівасць і аддаць даніну памяці землякам-сібіракам, Іркуцкі абласны грамадскі фонд “Полк, які вярнуўся” і клуб “Губернія” пры ўдзеле мецэнатаў прынялі рашэнне да стогадовага юбілею пачатку тых падзей выдаць кнігу “Іркуцк і іркуцяне ў Першай сусветнай вайне” і ўстанавіць на месцы пахавання воінаў рускай імператарскай арміі ў вёсцы Чарэмшыцы Мядзельскага раёна Рэспублікі Беларусь памятны знак воінам-сібіракам, якія загінулі падчас Нарачанскай аперацыі 1916 года. Пазней тут з’явіцца помнік.

Памятны знак адкрыты. Гэта драўляны крыж, аснова якога — кавалак ствала старога дуба. На ім замацавана таблічка: “Доблестным воинам-сибирякам, павшим в Нарочской операции 1916 г., от благодарных потомков. Фонд “Вернувшийся полк”. Иркутск 2014”.

(Уладзімір Зелянкевіч потым расказаў: “Думалі, як лепш замацаваць таблічку. Звярнуліся да мясцовага ўмельца — Фёдара Акішава. Ён прапа¬наваў усё зрабіць з дрэва. Знайшлі ў Занарачы дуб, якому не менш за 120 гадоў. Усе работы майстар выканаў сам. Нямецкія валанцёры дапамаглі прынесці кавалак дуба на месца ўстаноўкі”.)

Протаіерэй Вячаслаў Пушкароў, загадчык місіянерскага аддзела Іркуцкай епархіі, моліцца на месцы пахавання, а потым гаворыць пра важнасць захавання памяці для нашчадкаў.

Да памятнага знака ўскладаюць вянок і кветкі. Хвіліна маўчання.

Удзельнікі мерапрыемства кіруюцца далей. Пасля нядоўгага прыпынку ля інфармацыйных стэндаў пра Нарачанскую аперацыю шлях ляжыць у Занарач — на прэзентацыю кнігі пра Першую сусветную.

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ

У Занарацкім СДК сабраліся мясцовыя жыхары, якія цікавяцца падзеямі стогадовай даўніны. Кнігу “Іркуцк і іркуцяне ў Першай сусветнай вайне” прэзентаваў яе рэдактар — доктар гістарычных навук Іркуцкага ўніверсітэта Юрый Пятрушын. Ён падкрэсліў, што Першая сусветная дагэтуль недастаткова вывучана. У савецкі ж час гісторыкам рэкамендавалі даследаваць грамадзянскую і Вялікую Айчынную войны. А Першую сусветную вывучаць было забаронена, і нават размовы пра яе на побытавым узроўні не ўхваляліся.

— Мой дзядуля ваяваў, — распавядае навуковец. — Маці расказвала, што былыя франтавікі-сібіракі збіраліся амаль тайна, па два-тры чалавекі. Вып’юць, ціхенька пагавораць пра германскую вайну. Вядома, узнагарод ніхто не насіў, бо савецкая ўлада не дазваляла.

Таму захавалася мала ўспамінаў. Але ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя ў Іркуцкім універсітэце вывучалі гісторыю Сібіры. Студэнты ездзілі па раёнах, збіралі матэрыялы.

— Запісы ўражваюць, — кажа Юрый Пятрушын. — Мы вырашылі ў кнізе не змяняць іх стыль. Другая крыніца — архівы. Галоўная ідэя кнігі — паказаць не ўладу, не камандуючых, а простых людзей — тых, хто стаяў у акопах. Як ваявалі, як жыць хацелі, як кахалі, якія лісты дадому пісалі. Гэта галоўнае — не пушкі, не самалёты.

Асобнік кнігі яе рэдактар падараваў Занарацкай бібліятэцы. Яшчэ адзін можна будзе ўбачыць у Мядзельскім музеі Народнай славы.

РЭКАНСТРУКЦЫЯ. АГЛЯД ФАРТЫФІКАЦЫЙНЫХ ЗБУДАВАННЯЎ

Кульмінацыйным мерапрыемствам стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Нарачанскі набат”. Яна адбылася ля вёскі Пасынкі, на адмыслова падрыхтаванай пляцоўцы недалёка ад вышыні 217. Ахвотных паглядзець было шмат. Некаторыя нават з іншых абласцей прыехалі (пра што можна было здагадацца па нумарах аўтамабіляў і аўтобусаў).

Задоўга да пачатку мерапрыемства гучалі песні часоў Першай сусветнай, а на шляху да месца рэканструкцыі прадаваліся тэматычныя сувеніры і вырабы народных умельцаў.

Пасля прывітальных слоў вядучых (Святлана Чарняўская і Аляксандр Цыгельнікаў) да мікрафона запрашаецца старшыня райвыканкама Ілья Шацько. Ён кажа:

— Сто гадоў таму пачалася Першая сусветная вайна. На жаль, яна прайшла па Мядзельскай зямлі і пакінула свой горкі след. Мы праводзім гэту рэканструкцыю ў памяць пра тых людзей, што змагаліся і загінулі. І самае галоўнае — каб ніколі не паўтараліся войны на цудоўнай зямлі Беларусі. Каб заўсёды было мірнае неба. А моладзь памятала пра вайну і цаніла мір.

Прысутных вітае і кіраўнік адміністрацыі Бальшарэчанскага муніцыпальнага ўтварэння Юрый Вітэр. Ён выказвае ўпэўненасць у далейшым супрацоўніцтве, абяцае прыязджаць на Мядзельшчыну і запрашае жыхароў раёна ў Іркуцк.

Гледачам яшчэ раз нагадваюць пра правілы бяспекі, і рэканструкцыя пачынаецца…

Спачатку — малебен. Гэта лагічна: у гады Першай сусветнай Руская імператарская армія была пераважна праваслаўнай. У кожным палку меліся святар і царкоўнік, якія вялі службы, спавядалі і прычашчалі параненых, хавалі і адпявалі загінуўшых. А на рэканструкцыі пакуль што ўсё па-сапраўднаму: службу праводзіць протаіерэй Вячаслаў Пушкароў. Удзел у ёй прымаюць не толькі прадстаўнікі ваенна-гістарычных клубаў, але і гледачы. Прысутныя нібы пераносяцца ў часе…

Эпізод першы — стабілізацыя лініі фронту, верасень 1915-га. Вядучыя расказваюць пра гэты перыяд вайны. А потым дзея адбываецца на пляцоўцы. (Некалькі немцаў капаюць траншэі, потым не вытрымліваюць націску рускіх і адступаюць. Адстрэльваючыся, выносяць забітых і параненых. Рускія трапляюць пад шчыльны агонь і таксама адыходзяць на свае пазіцыі. Потым сёстры міласэрнасці выносяць параненых.) Відовішча ўражвае. Пра тое, што гэта рэстаўрацыя, нагадвае хіба што мноства гледачоў па перыметры пляцоўкі.

Наступны эпізод. Вядучыя расказваюць пра кампанію 1916 года. І гледачы ўсведамляюць, што падчас Нарачанскай аперацыі Расія страціла сто тысяч чалавек. (Гэта больш, чым страты рускай і французскай армій ля Барадзіна.) Удзельнікі ваенна-гістарычных клубаў дэманструюць артпадрыхтоўку па нямецкіх пазіцыях.

А наступная частка рэканструкцыі — пра братанне і замірэнне. Цяжка паверыць, але яны сапраўды мелі месца нават у першы год вайны. Каляднымі днямі пасля аб’яўлення перамір’я адбываліся таварыскія бяседы і нават футбольныя матчы. А факт братання ўпершыню быў зарэгістраваны ў 1915 перад Вялікаднем. Бо рукі салдат, пераважна сялян з рускага боку і рабочых з нямецкага, больш прыдатныя да працы, чым да зброі.

…Рускія падпаўзаюць да варонкі і падымаюць белы сцяг. Да іх выходзяць немцы, дастаюць трубкі, закурваюць, размаўляюць. Потым усе вяртаюцца ў свае акопы.

…Рускі афіцэр загадвае салдатам ісці ў атаку, спачатку яны падымаюцца, але, сустрэўшы жорсткае супраціўленне немцаў, вяртаюцца ў акопы.

Завяршае рэканструкцыю сумеснае пастраенне. “Немцы” і “рускія” фатаграфуюцца разам. А вядучыя называюць тых, з чыёй падтрымкай і дапамогай стала магчымай рэканструкцыя: старшыню райвыканкама Ілью Шацько, гісторыка Сяргея Захарава, дырэктара дабрачыннага фонду “Памяць Афгана” Аляксандра Метлу, дырэктара ПУП “Краіна забаў” Ігара Паўлава, спонсараў (ТАА “Еўрагандаль” і прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Мядзельскім раёне) і ваенна-гістарычныя клубы (“54-ы Мінскі пяхотны полк”, “Эпоха. 119-ы Каломенскі полк”, “Гонар мундзіра”, “3-ці Баварскі пяхотны полк”, “250-ты рэзервовы пяхотны полк” — з Мінска; “Рубеж. 19-ы ландверны пяхотны полк” — з Брэста, “Ліцвінскае войска” — з Барысава, “Сібірскі стралок” — з Іркуцка). Гучыць таксама падзяка ў адрас усіх, хто меў дачыненне да рэалізацыі праекта “Нарачанскі набат”.

А потым ахвотныя паглядзець фартыфікацыйныя збудаванні мелі магчымасць гэта зрабіць. Праўда, папярэдне пастаяўшы ў чарзе (але на гэта ніхто не наракаў).

УРАЖАННІ АД “НАРАЧАНСКАГА НАБАТУ”

Валерый Ільюковіч, настаўнік Сваткаўскай СШ імя Максіма Танка:

— Вайна — частка жыцця, на жаль. Як бы жорстка гэта не гучала, многія канфлікты даводзіцца вырашаць з дапамогай войнаў. Адстойваць сваю зямлю, сваю Радзіму. А мерапрыемства добрае. Такога яшчэ не было ў нашым раёне — сапраўдная рэканструкцыя. Думаю, усім прысутным цікава, нават з гістарычнага пункту гледжання. Можна ўбачыць, як выглядалі войска, зброя. Як праводзіліся ваенныя аперацыі.

Святаслаў Клебан, механізатар ААТ “Зані”:

— Прыехалі паглядзець рэканструкцыю з жонкай і дачушкай Янай. Яшчэ тут з нашай гаспадаркі Коля Арлоў. З працы адпусцілі без праблем. Усё падабаецца. Цікава ж на свае вочы паглядзець, як гэта было.

Вячаслаў Пушкароў, протаіерэй, загадчык місіянерскага аддзела Іркуцкай епархіі метраполіі, старшы выкладчык Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Памяць ажыўляе лепшыя чалавечыя пачуцці. А такі ўспамін пра мінулае (нездарма кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць) — найбольш эфектыўны. Ён патрэбен, каб памятаць, хто мы ёсць, кім былі нашы бацькі і дзяды, пра славу, якую яны прынеслі сваімі рукамі, сэрцамі, справамі, пра чалавечнасць, якая была ў іх такой вялікай. Забывацца пра гэта нельга, інакш знікнуць годнасць, сумленне, гонар, радасць перамогі, любоў да бліжняга, жаданне яго бараніць. Сёння мы ўзгадалі пра мінулае так, быццам гэтыя падзеі адбываліся цяпер. Убачылі, як людзі добра і правільна жылі, аддаючы сябе за другі свая, і не ваюючы, калі няма ў тым неабходнасці. Чалавек дзейнічаў разумна: пакуль была матывацыя, пакуль было “за другі” — ваявалі. Калі ж высветлілася, што вайна — у падтрымку транснацыянальных карпарацый — яна стала нікому не патрэбна. Хачу перадаць усім нізкі паклон і добрыя словы ад Мітрапаліта Іркуцка-Ангарскага Вадзіма. І падзяку за тое, што памятаеце мінулае, захоўваеце, беражліва ставіцеся да яго. Будзьце благаславёны, браты беларусы. У нас агульная гісторыя, адны слёзы, адна кроў, адны продкі. Мы не можам жыць адзін без аднаго, таму і прыехалі да вас.

Міхаіл Чарняўскі, пенсіянер з к. п. Нарач:

— Цікавае мерапрыемства, добра арганізавана. Адчуваецца, што падрыхтаваліся. Працуючы ў газеце, сустракаўся з жыхарамі вёскі Пасынкі, якія памяталі Першую сусветную. Яны расказвалі пра тагачасныя падзеі. Цяпер нікога з іх не засталося. Такія мерапрыемствы, як сённяшняе, патрэбны, каб моладзь, якая ніколі не бачыла вайны, даражыла мірным жыццём.

Юрый Скаруліс, кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба “54-ы Мінскі пяхотны полк”:

— Ваеннымі рэканструкцыямі займаюся даўно. Першай сусветнай — гады са тры. Да гэтага цікавіла напалеонаўская вайна, Другая сусветная, Крымская і іншыя. Але чамусьці Першая сусветная робіцца самай роднай і блізкай. Бо тут — адчуванне гонару, годнасці і далучанасці да ўсяго. Вайна забытая, быццам яе і не было. А на гэтай жа зямлі тры гады фронт стаяў. І таксама шмат людзей загінула. І подзвігаў было шмат.

Іншы раз, калі мы ў форме, пытаюцца:

— Вы хто?

— Руская імператарская армія.

— Белякі, значыць.

Такія рэканструкцыі патрэбны. Калі будзем паказваць, як гэта насамрэч адбывалася, можа, нехта задумаецца і якую кнігу возьме.

Алена Котава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама:

— Бачыла рэканструкцыю ўпершыню. Калі назіраеш за гэтым не па тэлевізары і не ў кіно — уражанні моцныя. Ваенная форма. Барыкады. Равы. Паглядзелі доты. Нават чарга выстраілася, каб спусціцца ў іх. Людзей вельмі шмат. З дзеткамі. Таму ўражанні добрыя. Правільна выбудавана праграма: кульмінацыя — у канцы. Праграму Года гасціннасці Мядзел выконвае на выдатна. Дзякуй.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымках: 1. Каля памятнага знака на воінскім пахаванні дэлегацыя з Іркуцка: старшыня ваенна-гістарычнага клуба “Сібірскі стралок” Іван Бутакоў, кіраўнік адміністрацыі Бальшарэчанскага муніцыпальнага ўтварэння Юрый Вітэр, протаіерэй, кіраўнік місіянерскага аддзела Іркуцкай епархіі Вячаслаў Пушкароў, прафесар Юрый Пятрушын; 2. Экскурсію праводзіць Уладзімір Серадзінскі; 3, 4, 5. Моманты рэканструкцыі далёкіх падзей на нашай зямлі.

Фота Георгія Прысмакова.



25 лiпеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька img_4257 возера Мястра 223_

Пабрацімы Мядзела