Калі ласка, у “Аптэкарскі сад!”

МЫ УЖО змяшчалі матэрыял пра дзейнасць у Нарачанскім краі ЗАТ “БелАсептыка”. Нагадаем, што гэта закрытае акцыянернае таварыства займаецца вырошчваннем лекавых траў, а таксама праводзіць вялікую работу па папулярызацыі важнай справы. Днямі ў раёне возера Белае за вёскай Гатавічы, дзе і знаходзіцца ўчастак, адбылося афіцыйнае адкрыццё экскурсійна-турыстычнага комплексу “Аптэкарскі сад”. Гэта, як засведчана ў рэкламнай брашуры, — адзіны ў Беларусі аб’ект, створаны на падставе шматвекавога вопыту еўрапейскіх манастыроў па вырошчванні і культываванні рэдкіх лекавых раслін.

І сапраўды, на невялікай тэрыторыі плошчай 1,6 гектара, у атачэнні чыстага лесу створаны прыгожы і гаючы свет. У аптэкарскім садзе сабраны батанічныя калекцыі раслін, многія з якіх немагчыма адшукаць у нашых мясцінах. Цяпер сюды запрашаюць турыстаў, аматараў прыроды і здаровага ладу жыцця, каб маглі пазнаёміцца з даўнімі традыцыямі, ацаніць сучасныя тэхналогіі ландшафтнага дызайну, даведацца, як адбываецца працэс вырошчвання, збору і сушкі лекавых раслін. Да паслуг наведвальнікаў тут фіта-гасцёўня, дзе кожны можа прадэгуставаць ужо гатовыя чайныя кампазіцыі, а таксама прыдумаць свой фірменны рэцэпт з дапамогай вопытнага траўніка. А яшчэ працуе фіта-крама з шырокім асартыментам лекавых траў, збораў, венікаў для лазні. Абсталявана і дзіцячая пляцоўка.

А цяпер, што непасрэдна тычыцца дзеі. Суботнім сонечным днём недзе каля 12 гадзін да “Аптэкарскага саду” пачалі пад’язджаць першыя групы адпачываючых з Нарачанскіх здраўніц — з санаторыяў “Жураўка”, “Спадарожнік”, “Белая Русь”. Для гасцей падрыхтавалі змястоўную, цікавую праграму. Пачынаючы ад экскурсіі сярод лекавых клумбаў і заканчваючы эмацыянальным выступленнем калектыву народнага тэатра-студыі “Прымакі” Дзятлаўскага метадычнага цэнтра (Гродзенская вобласць). Адразу ля ўваходу ў аптэкарскі сад размясціўся шапік Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра. Тут прапаноўвалі гасцям хлеб уласнага вырабу (спечаны на хрышчэнскай вадзе), малітоўную ваду, а таксама кнігі і дыскі адпаведнай тэматыкі, разнастайныя сувеніры ручной работы. Завітаў са сваімі вырабамі на свята і вядомы майстар з Крывічоў Раман Шаша. А далей дэманстравалася прадукцыя і самой “БелАсептыкі”, да якой, зразумела, у наведвальнікаў была асаблівая цікавасць.

Шмат народу сабралася непасрэдна ля фіта-гасцёўні. На свежым паветры, было абсталявана месца для дэгустацыі розных гатункаў чаю, спраўныя майстрыхі пяклі на патэльні смачныя блінчыкі — з сырам, вяндлінай, мёдам. А побач дзяўчаты за арыгінальным прылаўкам у выглядзе аўтамабіля прапаноўвалі свежапрыгатаваную кукурузу, зноў жа з мёдам. Заўважу, усе яны — работнікі “БелАсептыкі”, і былі задзейнічаныя падчас правядзення гэтага мерапрыемства. Вядома ж, хапіла клопату і намесніку дырэктара таварыства Аляксандру Рогачу.

Быў момант, калі пацерушыў дожджык. Але ён нікога не спалохаў. Тым больш, было дзе ад яго часова схавацца. І назіраць за тымі жа самадзейнымі артыстамі, якія і спявалі, і жартавалі, у розныя гульні запрашалі. Было цікава як дарослым, так і дзецям. І, думаецца, павезлі яны з сабой самыя добрыя ўражанні ад наведвання аптэкарскага саду. Каб і іншым пасля расказаць!

На здымках: 1. Штучны вадаём; 2. Другое жыццё рэтра-аўтамабіля.



24 лiпеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры 06-012 Касцёл у Мядзеле  Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси