Там, дзе травы гаючыя …

ЗАКРЫТАЕ акцыянернае таварыства “БелАсептыка” — буйнейшы вытворца антысептычных, дэзінфіцыруючых, стэрылізуючых і мыйных сродкаў прафесійнага ўзроўню для лячэбна-прафілактычных арганізацый, дзіцячых, навучальных і сацыяльных устаноў, гандлю, камунальных аб’ектаў і транспарта, прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, ветэрынарыі. Упершыню арганізацыя з’явілася на беларускім рынку ў 1995 годзе. Сёння створана 9 вытворчых участкаў, якія забяспечваюць самыя розныя профілі работы. У тым ліку “БелАсептыка” на працягу 4 год удзельнічала і ў дзяржаўнай праграме “Фітапрэпараты” па забеспячэнні сыравіннай базы і перапрацоўкі лекавых і вострадухмяных-араматычных раслін. І, як аказалася, мае прадпрыемства непасрэднае дачыненне і да актуальнай тэмы развіцця Нарачанскага рэгіёну.

Пры сустрэчы намеснік генеральнага дырэктара таварыства па прававых пытаннях Аляксандр РОГАЧ расказаў:

— На Мядзельшчыне пачалі працаваць у 2010 годзе. Вось тут, за вёскай Гатавічы ў раёне возера Белае, сярод цудоўнага сасновага лесу нам выдзелілі зямельныя ўчасткі для вырошчвання лекавых раслін агульнай плошчай 32 гектары. Ваш рэгіён, у прыватнасці тэрыторыя Нацыянальнага парку, экалагічна чысты, што мела асаблівае значэнне пры выбары месца. І глеба тут спрыяльная менавіта для лекавых раслін. Сёння ў прамысловым маштабе вырошчваем, з улікам матачнікаў, 17 найменняў траў. Лекавыя сродкі рэалізуюцца праз аптэчныя сеткі. Выпускаем некалькі іх форм: монатравы, зборы лекавых раслін і спіртаўтрымліваючыя настойкі (валяр’яны, святаянніку, глогу, сардэчніку і іншыя). Частку прадукцыі (яна зарэгістравана пад гандлёвай маркай “Phito doctor”) плануем адпраўляць і на экспарт, для чаго праходзім складаную працэдуру пацвярджэння адпаведнасці вытворчасці прынцыпам Належнай вытворчай практыкі (GMP). Вытворчы працэс арганізаваны наступным чынам: травы вырошчваюцца, потым збіраюцца і сушацца тут жа на месцы. Гатовы матэрыял дастаўляем на нашу асноўную вытворчую пляцоўку ў Цнянку Мінскага раёна, дзе ён здрабняецца і даводзіцца да кандыцыі. Усё гэта стала магчымым у многім дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама. У прыватнасці, старшыні Ільі Шацько і яго намесніка Леаніда Берняковіча. Менавіта дзякуючы іх намаганням сёлета дасягнулі дамоўленасці з “Нарачкурорт гандлем” аб набыцці пляцоўкі ў курортным пасёлку для арганізацыі перапрацоўкі лекавых раслін непасрэдна на месцы, што вельмі зручна з пункту гледжання лагістыкі.

Вёў гутарку з Аляксандрам Віктаравічам непасрэдна ў яго “ўладаннях”. І, забягаючы наперад, скажу: больш, чым пачутае, уразіла ўбачанае, калі прайшліся па тэрыторыі. Гэта была незабыўная экскурсія. Адразу ўзгадаў, як у дзяцінстве маці збірала на лекі і ў лесе, і ў полі ўсялякія травы (адкуль толькі ведала!), высушвала іх на зіму. А называла адным ёмкім словам — зёлкі. Не ведаю, наколькі дапамагалі пазбаўляцца ад хвароб (маці дактароў катэгарычна адмаўляла), а вось водар духмянага чаю з мяты не забыў да гэтага часу!

Аляксандр Рогач акцэнтаваў увагу на тым, што працаваць з лекавымі раслінамі здолее не кожны. Спецыяльныя веды патрэбны, шмат таксама ручной працы. Сродкі хімічнай аховы раслін не выкарыстоўваюцца, не ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, а толькі спецыяльны кампост. На ўчастку заняты мясцовыя жыхары. Пастаянны штат — 8 чалавек, а ў сезон (пачынаецца, як толькі сыдзе снег) — каля 25. А гэта, акрамя таго, і дадатковыя рабочыя месцы!

Да размовы падключыўся начальнік сектара па забеспячэнні прадпрыемства расліннай сыравінай Уладзіслаў Шалкевіч:

— Тэма гэта ў рэспуб¬ліцы даволі новая, таму, зразумела, першыя крокі былі няпростыя. Пачыналі з матачніка, бо адразу набыць столькі пасадачнага матэрыялу немагчыма. Паступова павялічылі колькасць лекавых раслін. Цяпер яны займаюць усю плошчу, і зараз мы ўжо самі забяспечваем уласныя патрэбы. І з кожным годам асартымент траў пашыраецца.

Даволі значную частку выдзеленай тэрыторыі займае так названы аптэкарскі сад. Яго галоўнае прызначэнне, як мне патлумачылі, паказаць наведвальнікам узоры разнастайных лекавых траў, якія потым ідуць у перапрацоўку. Палітыка кампаніі будуецца на тым, каб не толькі зарабляць грошы, але і прапагандаваць вось такім чынам здаровы лад жыцця сярод насельніцтва. Не забываюцца і пра рэкламу сваёй дзейнасці. Адпаведная інфармацыя ўжо размешчана на турысцкім партале, на сайце НП “Нарачанскі”, іншых парталах. Працуюць з турыстычнымі, а таксама і вясельнымі агенцтвамі, бо ўсё часцей заварочваюць сюды картэжы з маладымі.

З задавальненнем прагуляўся разам са спецыялістамі па гэтай сапраўды непаўторнай, з мастацкім густам аформленай тэрыторыі з лекавымі дэкаратыўнымі раслінамі. Створаны па прыкладзе еўрапейскіх манастырскіх садоў, якія маюць адпаведную структуру. На ўваходзе наведвальнікаў сустракае фітакрама з прадукцыяй “Бел¬Асептыкі”. Гэта фасованыя лекавыя травы, травяны чай, сродкі гігіены, касметыка. Усё на натуральнай аснове. Побач з крамай абсталяваны гандлёвыя рады. Там, як плануецца, мясцовыя жыхары змогуць прадаваць дары лесу. Дубовыя і бярозавыя венікі для лазні дык і ўжо віселі! А яшчэ і фітагасцёўня маецца для наведвальнікаў, дзе вам прапануюць аж 12 рэцэптур травянога чаю. Пачаставаліся і мы — вельмі смачна! А яшчэ абсталяваны і дзіцячы гарадок, для тых, хто наведваецца сюды з малышамі.

У цэнтры кампазіцыі аптэкарскага саду размешчаны фантан з дэкаратыўным вадаёмам, а направа-налева ад яго адыходзяць стылізаваныя кветнікі ў каляровай гаме, у выглядзе так названых “зялёных пакояў”. Не адыходзячы далёка ад сцяжынкі, тыя ж гара¬джане могуць азнаёміцца з узорамі разнастайных лекавых траў.

Якіх толькі карысных і рэдкіх раслін там няма! Лаванда, дуброўка белая і прымула (знаходзяцца ў Чырвонай кнізе), святаяннік, жывакост, валяр’яна, агрэст, чырвоныя і чорныя парэчкі, журавіны, буякі і шмат іншых. Уласнага “пакою” ўдастоіўся жэньшэнь, бо яму патрэбны асаблівыя ўмовы. Аздабляюць усю гэту прыродную карціну калекцыя каменных жорнаў, а таксама дэкаратыўны вадаём са штучнай геапластыкай і ўзвышшамі, што сімвалізуе Нарачанскі край. А ў дадатак (напэўна для тых, хто любіць “экстрым”!) зроблены спецыяльны лабірынт з біручыны звычайнай, у цэнтры якога знаходзіцца клумба з атрутнымі раслінамі: ландыш, аканіт, піжма, дурман і іншае. Не раўнуючы, поўны набор, каб зварыць зелле для чараўніцтва!

Шмат клопату ў агранома Алега Казака, які адказвае за вытворчасць лекавых траў. Спецыяліст вопытны, да гэтага працаваў на Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі.

— Канечне, тут свая спецыфіка, — кажа Алег Казіміравіч. — Раней на культурных пасевах змагаўся з пустазеллем. А зараз атрымліваецца, што пустазелле — гэта яшчэ і лекавыя расліны! Калі прыехаў першы раз і зірнуў на поле, жахнуўся, такое яно было зарослае. А ні табе тэхнікі, ні людзей, каб узяцца за справу. За чатыры гады шмат чаго ў нас змянілася, не пазнаць. А ўсё таму, што найперш удалося стварыць, як цяпер модна казаць, каманду — калектыў аднадумцаў, здольны на многае. Маем і адпаведную матэрыяльную базу: сушыльную гаспадарку, трактар, сеялку, іншыя агрэгаты і прылады. Зыходзячы з той жа спецыфікі, сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляюцца да сезонных работнікаў. Праўда, праблем тут няма, мы задаволены як яны працуюць: на праполцы, зборы лекавых траў. А колькі трэба прыкладаць намаганняў для паліву пасадак! Трактар толькі падвозіць бочкі да поля, а затым уручную паліваем. Плошча ж, самі бачыце, немалая. Дарэчы, другі год дапамагаюць нам у праполцы вучні Мядзельскай сярэдняй школы №1. Такое супрацоўніцтва прыносіць агульную карысць. Дзеці атрымліваюць працоўныя навыкі ды і на свае кішэнныя расходы зарабляюць.

Шмат чаго яшчэ цікавага давялося пачуць і ўбачыць падчас гэтай экскурсіі. І далейшыя планы таксама прывабныя. Нават электрастанцыю на сонечных батарэях мараць зманціраваць у будучым, бо падлічылі, што весці звычайную лінію нашмат даражэй.

Што ж, поспеху вам, вытворцы гаючых траў!

На здымках: 1. Гаспадыня фітагасцёўні Надзея Савук; 2. Прадавец фітакрамы Алена Жукава.

Фота Георгія Прысмакова

 

 



27 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прадпрымальнасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

0-170 Касцёл у Засвіры   Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси