Прафілактыка харчовай алергіі

ЧАСТАЕ ўзнікненне алергічных рэакцый на харчовыя прадукты ў раннім узросце сведчыць, што вялікую ролю ў развіцці гэтага ў малышоў мае алергічная настроенасць маці ў перыяд цяжарнасці і кармлення. Неаднойчы для прафілактыкі менавіта харчовай алергіі падкрэслівалася вялікае значэнне малаалергеннай дыеты для жанчын, якія чакаюць немаўлятка, асабліва ў трэцім трыместры цяжарнасці. Патрэбна захоўваць такую дыету ў перыяд лактацыі і груднога кармлення. Акрамя малаалергеннай дыеты, цяжарным, у якіх ёсць схільнасць да алергічных рэакцый, рэкамендуецца абмяжоўваць спажыванне круп, макаронных вырабаў, цукру, пшанічнага хлеба, а таксама солі. Малочныя прадукты цяжарным жанчынам і кормячым маці трэба ўжываць не ў выглядзе натуральнага малака, а кісламалочных вырабаў, нявострага сыру і смятаны. Сам перыяд груднога кармлення павінен працягвацца да года, вядома, са своечасовым далучэннем прыкормлівання пад кантролем педыятра. Гэта звязана, у прыватнасці, з тым, што вельмі часта маленькія дзеці не пераносяць каровіна малако, хоць, канечне, важнасць нармальнай працягласці груднога кармлення выходзіць далёка за рамкі прафілактыкі алергіі.У цяперашні час спецыялісты рэкамендуюць даваць дзецям тых маці, якія ў мінулым пакутавалі ад алергіі, а таксама пры слаба выражанай непераноснасці малышом каровінага малака, не натуральнае ў якасці прыкормлівання, а кісламалочныя адаптаваныя сумесі (такія, як “Малютка”, “Біфілін”) ці самастойна рыхтаваць у дамашніх умовах кісламалочныя прадукты з праверанага высакаякаснага малака.

Пры відавочнай алергіі да каровінага малака неабходна даваць дзяцям у раннім узросце сумесі, якія не ўтрымліваюць малака і прыгатаваны на аснове ізалятаў соевага бялку. Напрыклад, добра зарэкамендавала сябе сумесь “Нутрылак-соя”. Пад ізалятам бялку разумеецца бялок, выдзелены ў хімічна чыстым выглядзе, без якіх-небудзь прымесей. Такія сумесі не ўтрымліваюць малочнага бялку, лактозы і глютэну. Затое ў іх яшчэ ёсць мальтоза — вуглявод, які добра ўздзейнічае на біяцэноз страўніка, поліненасычаныя тлустыя кіслоты, мінеральныя рэчывы і вітаміны. Часам пры дрэнным перанясенні каровінага малака магчыма выкарыстанне малака іншых жывёл (казы, каня, асла, вярблюда).

Малым дзецям, якія дрэнна пераносяць каровіна малако, рэкамендуецца больш ранняе ўключэнне прыкормлівання. Першае прыкормліванне далучаецца ў 3,5-4 месяцы і складаецца з пюрэ з агародніны без дабаўлення малака. Розную агародніну неабходна ўключаць паслядоўна, вызначаючы, як яна пераносіцца індывідуальна. Другое прыкормліванне пачынаецца з 4-4,5 месяца і ўключае кашы з індывідуальным падбіраннем круп, з 5-га месяца дабаўляецца мясное пюрэ з вываранага мяса. Раней неабходна ўключаць мяса ў рацыён малыша, які знаходзіцца на дыеце без малочнага прыкормлівання, каб не адчуваўся дэфіцыт бялкоў у ежы. Безмалочная дыета працягваецца адзін год. Затым можна паступова ўключаць малочныя прадукты. Напачатку трэба выкарыстоўваць толькі кісламалочныя, пасля — дабавіць адмыты ад сыроваткі тварог.

Правільнае харчаванне цяжарнай і кормячай жанчыны, а таксама нованароджанага ў першы год жыцця — адно з самых важных прафілактычных мерапрыемстваў, неабходных для прадухілення ўзнікнення ў будучым харчовай (і не толькі харчовай) алергіі ў дзіцяці. Менавіта правільнае харчаванне дазваляе больш чым у 85% малышоў, якія ў першы год жыцця не пераносяць каровіна малако, у далейшым “перажыць” харчовую алергію і да трох гадоў пачаць без праблем для здароўя ўжываць гэты прадукт. Алергія да іншых прадуктаў харчавання з узростам таксама можа знікнуць. Аднак, на жаль, такое адбываецца нашмат радзей, чым пазбаўленне ад алергіі да малака.

Дзеці, у якіх з узростам захоўваецца алергія да малака ці іншых харчовых прадуктаў, маюць вызначаную рызыку развіцця шэрагу алергічных захворванняў. Людзям, якім дасталася ў спадчыну схільнасць да развіцця харчовай алергіі, а магчыма і да алергічных рэакцый іншай прыроды, можна парэкамендаваць адпаведныя абмежаванні ў дыеце. Ім не варта злоўжываць прадуктамі, якія найчасцей выклікаюць харчовую алергію. Прычым строгасць такога абмежавання звычайна залежыць ад ступені рызыкі развіцця таго ці іншага алергічнага захворвання, а таксама ад псіхалагічнага стану самога чалавека і яго гатоўнасці пераносіць дыетычныя нязручнасці ці, наадварот, рызыкаваць, ні ў чым сябе не абмяжоўваючы. Кожны гэта павінен вырашыць для сябе сам. Самая простая рэкамендацыя — прытрымлівацца харчавання, збалансаванага па складу бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, мікраэлементаў і вітамінаў, не пераядаць, выкарыстоўваць маласалёныя натуральныя прадукты без дабаўлення кансервантаў, якія ўтрымліваюць дастатковую колькасць магнію, вітамінаў С і Е (апошнія кампаненты знаходзяцца ў агародніне і фруктах). Астатнія прафілактычныя мерапрыемствы для прадухілення развіцця харчовай алергіі нічым не адрозніваюцца ад прафілактыкі алергічных рэакцый іншай прыроды.

І. РОЎДА.

Урач-педыятр установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”.



17 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Рэчка Нарачанка            Паруснікі                          возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела