Ад “Спадарожніка” да “Белай Русі”

РАЁННАЕ свята “Нарачанскі вянок” прадаўжае свой шлях па Мядзельшчыне. У мінулую нядзелю яго прымала ўнітарнае прадпрыемства “ААБ “Санаторый “Спадарожнік”. Адбылася дзея на маляўнічым беразе возера Нарач. І тут, прабачце, зраблю невялікае адступленне. Гадоў пятнаццаць таму мне даводзілася адпачываць у “Спадарожніку”. Проста не параўнаць тыя ўмовы і цяперашні камфорт. Нават вонкава тут усё істотна змянілася: пачынаючы ад рэканструяванага галоўнага будынка да навакольнай тэрыторыі, дзе замест хмызняку і пустазелля з’явіліся прывабныя летнія домікі, зручныя альтанкі, сучасная сцэнічная пляцоўка, месцы для паркавання аўтамашын. А падстрыжаны акуратна газон толькі дадае гэтай карціне лагічную завершанасць.Свята, як і папярэднія, мела традыцыйнае афармленне. З чатырнаццаці гадзін пачалі працаваць разнастайныя выставы, што размясціліся ўздоўж акуратных сцежак. Прапаноўвалі вырабы народныя майстры, прадаставілі сваю прадукцыю прамысловыя прадпрыемствы, весялілі народ самадзейныя мастацкія калектывы. Так што, задаволіць можна было любую патрэбу, што рабілі паспяхова госці свята, у тым ліку і адпачываючыя.

Прывезлі свае вырабы ілаўскія вытворцы: сокі, чыпсы, павідла. А як, скажыце, было не спыніцца ля перасовачнай крамы ААТ “Занарацкі”, за прылаўкам якой прадавец Марына Багуцкая прапаноўвала пакупнікам прадукцыю перапрацоўчага цэха таварыства: вараныя і сыравэнджаныя каўбасы, шынкі, свіныя рулькі. А яшчэ і мёд у дадатак з пасекі таварыства. А побач у палатцы можна было папярэдне дэгуставаць занарацкія прысмакі. Крыху далей размясціліся вытворцы Нарацкага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”.

— Прывезлі на свята сыры розных гатункаў, на любы густ, — расказвае начальнік лабараторыі Нарацкага філіяла Святлана Зяленіна. — “Ракфорці” з блакітнай цвіллю, сыр “Нарач”, “Адыгейскі лёгкі”, а таксама “Масарэлла”, які вырабляюць у Маладзечне. І ў дадатак малако, масла. Карацей, поўны набор.

Зноў жа, той жа сыр дазвалялася паспрабаваць, каб лепш даведацца пра яго смакавыя якасці. Што і рабілі з ахвотай многія з гасцей свята.

Было куды кінуць вока і тым, хто цікавіцца рамёствамі. Не першы раз ужо прывёз на Нарач свае вырабы бондар з Маладзечна Аляксандр Странкоўскі.

— Ці разыходзяцца сёння вашы вырабы? — пытаюся ў майстра.

— А як жа, — адказвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Пляшкі, бочкі. Але больш бяруць кадушкі для розных саленняў. Якраз сезон пачынаецца! Учора ў Паставах добра пагандляваў на свяце “Звіняць цымбалы і гармонік!”. А праз тыдзень у Камарова паеду на “Кола дзён”. Так і падарожнічаю ўвесь час. А ўсе гэтыя рэчы толькі зімой майструю!

Быў таксама майстар па кераміцы з Івянца Міхаіл Каробкін, даваў майстар-клас вядомы пастаўскі ганчар Сяргей Шчэрба, дэманстраваў свае работы і крывіцкі ўмелец разьбы па дрэве Раман Шаша. А яшчэ прыцягвала ўвагу перасовачная выстава фотамастака Васіля Белякова з Пастаўшчыны пад назвай “Паэзія нашых дарог”, дзе адлюстраваны ў тым ліку і Нарачанскія краявіды. Весялілі народ самадзейныя мастацкія калектывы, музыкі. На ўсю Нарачанскую прастору гралі Віталь Кісель і Аляксандр Усовіч з Занарачы, знатнага музыку прывезлі і будслаўцы — добра вядомага ў тамтэйшай акрузе Валерыя Драгуна.

У тры гадзіны распачалі канцэртную праграму, якую прысутныя чакалі з нецярпеннем. Вядучая Ганна Казакевіч найперш запрасіла на сцэну народны вакальны ансамбль эстраднай песні “Правінцыя” з райцэнтра. А затым рэй павялі артысты са сталіцы — прадзюсарскі цэнтр “СПАМАШ”. Парадавала гледачоў сваім выступленнем і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, удзельніца фінала “Еўрабачанне-2013” Алёна Ланская, а таксама фіналістка адборачнага тура “Еўрабачанне-2012” Дарыя.

Санаторый “Спадарожнік” прымаў гасцей якраз у дзень прафесійнага свята медыкаў. Таму лагічна, што ў праграму была ўключана і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лепшых работнікаў здраўніц. Гэту прыемную місію выканаў упраўляючы справамі райвыканкама Вадзім Рагавы. За добрасумленную працу, прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё санаторна-курортнага аздараўлення насельніцтва падзякі старшыні райвыканкама былі аб’яўлены ўрачу-акушэру-гінеколагу санаторыя “Спадарожнік” Інэсе Пірог, медыцынскім сёстрам санаторыя “Жураўка” Людміле Сяргеевай і санаторыя “Нарачанскі бераг” Алене Умнянковай, галоўнаму ўрачу ДУ “Рэспубліканскі дзіцячы пульманалагічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі” Святлане Маслоўскай, медыцынскім сёстрам санаторыя “Прыазёрны” Галіне Горб і санаторыя “Нарач” Юліі Балаш, галоўнай медыцынскай сястры санаторыя “Сосны” Аксане Міхаэль, намесніку дырэктара санаторыя “Белая Русь” Інэсе Русак, старшай медыцынскай сястры Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Таццяне Сідаравай. А яшчэ прыгожы букет кветак і шчырыя віншаванні атрымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Красоўская, якая колькі гадоў таму, якраз 15 чэрвеня, з’явілася на гэты свет. Што ж, далучаемся і мы і зычым усяго найлепшага!

І вось нарэшце надыходзіць фінал. На сцэне — два Уладзіміры. Галоўны ўрач санаторыя “Спадарожнік” Уладзімір Сяржант перадае сімвал свята “Нарачанскі вянок” наступнаму гаспадару — дырэктару санаторыя “Белая Русь” Уладзіміру Баравому. Традыцыі жыць!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. На сцэне ўзнагароджаныя ў гонар Дня медыка; 2. Прымае “Нарачанскі вянок” дырэктар санаторыя “Белая Русь” Уладзімір Баравы ад галоўнага ўрача санаторыя “Спадарожнік” Уладзіміра Сяржанта; 3. Падчас дэгустацыі прадукцыі ілаўскіх вытворцаў; 4. Выступае Алёна Ланская; 5. Прэзентуюць свае вырабы нарачанцы.

Фота Георгія Прысмакова.



17 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 Касцёл у Засвіры   Царква ў Крывічах  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела