На ахове здароўя

ПРАФЕСІЙНАЕ свята медработнікаў азёрнага краю сёлета адзначалася разам яшчэ з адной адметнай датай — 70-годдзем цэнтральнай раённай бальніцы. Урачыстасць, прымеркаваная да гэтай нагоды, адбылася ў гарадскім Доме культуры з удзелам прадстаўнікоў устаноў аховы здароўя Мядзельшчыны.

Напачатку ўвазе прысутных быў прадстаўлены відэафільм, які змястоўна расказаў пра будзённае жыццё і клопаты медыкаў Нарачанскага краю, іх удзел у спартыўным і культурным жыцці. Затым на сцэну выйшлі хлопчык і дзяўчынка — Саша Вярбіцкі і Алеся Лукашонак — і прачыталі верш, прысвечаны медработнікам.

Мілагучныя вершаваныя радкі змяніла песня ў выкананні Таццяны Івановай “Няхай льецца шчасце”. Далей урачыстасць прадоўжыла вядучая Ганна Казакевіч. Яна адзначыла высакароднасць прафесіі медыцынскіх работнікаў і прывітала прадстаўнікоў лячэбных устаноў на чале з іх кіраўнікамі. На сцэну запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Чарняўскі, які прывітаў работнікаў сістэмы аховы здароўя Мядзельшчыны. Выканаў прадстаўнік раённай вертыкалі і прыемную місію — уручыў узнагароды медыкам за добрасумленную працу і прафесіяналізм. Граматы райвыканкама атрымалі ўрач-кардыёлаг цэнтральнай раённай бальніцы Ніна Вярбіцкая, загадчык Нарацкай участковай бальніцы Ігар Філановіч. Падзякай старшыні райвыканкама адзначана стараннасць загадчыцы Свірскай участковай бальніцы Вольгі Сяржант, старшай медсястры аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы Маі Мехавіч і медсястры гінекалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Марыны Шэйнюк.

Затым адбыўся кароткі экскурс у гісторыю. У прыватнасці, адзначалася, што першы загад па раённым аддзеле аховы здароўя быў выдадзены 3 ліпеня 1944 года. Там гаварылася: “Назначаю на работу ў якасці загадчыка Мядзельскай раённай бальніцы ўрача Аванісьяна Амбарцума Саркісавіча з месячным акладам 850 рублёў”. Падпісаў загад загадчык раённага аддзела аховы здароўя Іван Волах, які затым працаваў галоўным урачом Мядзельскай бальніцы і шмат зрабіў па ўзнаўленні разбураных у вайну лячэбных устаноў. Вядучая называе прозвішчы людзей, якія ў адпаведныя перыяды ўзначальвалі цэнтральную раённую бальніцу і ўнеслі значны ўклад у развіццё галіны. Так, з 1948 па 1957 год галоўным урачом быў Георгій Мумрыкаў. З кастрычніка 1958 па кастрычнік 1982 года — Аляксандра Бажанава. Менавіта дзякуючы яе выдатным арганізатарскім здольнасцям быў пабудаваны новы будынак цэнтральнай раённай бальніцы, дасягнуты пэўныя поспехі ў рабоце медыкаў, дзякуючы чаму ў 1969 годзе ўстанова была зацверджана школай перадавога вопыту вобласці. Затым 16 гадоў сістэму аховы здароўя Мядзельшчыны ўзначальваў Іван Балашка, які і сёння дапамагае хворым людзям. Унеслі ўклад у развіццё аховы здароўя таксама Уладзімір Сяржант, Раман Шумель. А з 2005 года галоўным урачом ЦРБ працуе Генадзій Русак. Яму і было прадастаўлена слова.

Генадзій Аляксандравіч віншуе сваіх калег з прафесійным святам. Жадае здароўя, дабра, цяпла, утульнасці і надалей надзейна стаяць на ўмацаванні здароўя жыхароў азёрнага краю. Затым начальнік аддзела кадраў ЦРБ Тамара Лаўнікоўская зачытвае загады па сістэме аховы здароўя, а Генадзь Русак уручае ўзнагароды. Так, грамату ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама атрымала ўрач лабараторнай дыягностыкі Юлія Маляёнак, а падзякі — загадчыца Чараўкоўскага ФАПа Галіна Тумеля і медсястра працэдурнага кабінета Мядзельскай паліклінікі Тамара Маўчан. Ганаровымі граматамі абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя адзначана грамадская дзейнасць шэрагу актывістаў — галоўнай медсястры ЦРБ, старшыні прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Алены Куцкевіч, вядучага эканаміста Людмілы Качарго, таваразнаўцы, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі санаторыя “Сосны” Алены Кардзевіч. Акрамя таго, 37 медыкам былі ўручаны граматы адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы і райкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя , а 48 — аб’яўлены падзякі. Сярод узнагароджаных і лепшы сямейны доктар раёна — загадчык Занарацкай амбулаторыі агульнай практыкі Вячаслаў Трубач.

На ўрачыстасці ўспомнілі таксама медыцынскіх работнікаў, якія пайшлі ўжо з жыцця. Мінутай маўчання ўшанавалі іх светлую памяць. Прагучалі віншаванні і ў адрас ветэранаў, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі справе лячэння жыхароў азёрнага краю. А слова ад гэтай кагорты медыкаў было прадастаўлена Івану Балашку. Іван Сямёнавіч, у прыватнасці, павіншаваў калег з прафесійным святам, пажадаў усяго самага найлепшага ў працы і ў жыцці. Расказаў, якой была цэнтральная раённая бальніца, калі яе ўзначаліў. Успомніў людзей, з якімі яго звёў лёс. Парадаваўся тым цудоўным умовам, у якіх медперсаналу працуецца зараз.

Ішла на мерапрыемстве размова і пра сямейныя дынастыі, якія аддаюць цяпло свайго сэрца хворым людзям. Гэта: бацькі Славамір і Марыя, сын Дзмітрый і нявестка Алена Таразевічы, бацька і сын Іван і Дзмітрый Балашкі, Леанід і Яўген Шапэчкі, маці і дачка Леакадзія Мазан і Ірына Роўда (Мазан), сямейныя пары Міхаіл і Станіслава Гедрэвічы, Аляксандр і Алена Ганчарэнкі, Дзмітрый Кацягоў і Наталля Сцепаненка, Канстанцін і Святлана Сабукі, Мікалай і Марына Марозы, Уладзімір Мароз і Аліна Грушэвіч, Ігар і Людміла Новікі. Ад імя працоўных дынастый выступіла на свяце ўрач-стаматолаг Леакадзія Мазан. Прамоўца нагадала пра складанасць прафесіі медыцынскіх работнікаў — урачоў, медыцынскіх сясцёр, санітарак, а яшчэ пра тое, што без прызвання ў бальніцы немагчыма працаваць. Звярнулася з просьбай да пачынаючых спецыялістаў: вучыцца аддаваць сябе людзям, імкнуцца спалучаць веды, уменне, мудрасць з прымяненнем сучаснай апаратуры. Пажадала сваім калегам росквіту дароў лячэння, дадзеных Богам, павагі ў сем’ях, дабрабыту і, вядома, удзячных пацыентаў. А ад маладога пакалення выступіла ўрач-афтальмолаг Наталля Пабядзінская. Яна падзякавала кіраўніцтву і калектыву ўстановы за падтрымку і дапамогу пачынаючым працоўную дзейнасць медыкам. Пажадала ўсім дабрабыту, шчасця, поспехаў, аптымізму.

Цікавым момантам свята была пабудова ўсімі выступаючымі макета цэнтральнай раённай бальніцы, пачынаючы з дня сённяшняга і заканчваючы перспектывамі развіцця. Каб усё ж такі адчувалася свята, на яго ўстанавілі лічбу “70” і паставілі запаленую свечку, сімвалізуючую юбілей. А задзьмуць яе запрасілі кіраўніка ЦРБ Генадзія Русака.

Засталося дадаць, што шчырыя словы, віншаванні суправаджаліся песнямі. Хораша спявалі медыкі Таццяна Іванова, Ганна Антановіч, Павел Баравы, удзельніцы вакальнага ансамбля “Сяброўкі” (кіраўнік Ірына Мазура) — дыпламанта I ступені абласнога агляду мастацкай самадзейнасці сярод медыцынскіх устаноў 2011, 2013 гадоў, дуэт у складзе Ірыны Мазуры і Таццяны Івановай. Парадавалі медработнікаў сваімі песнямі таксама Пётр Аміраў, Таццяна Хрол, Віталій Кісель, Аксана Вязевіч, Аляксандр Цыгельнікаў, Марына Чарняўская, Ірына Селязнёва, дуэты ў складзе Ганны Антановіч і Марыны Чарняўскай, Таццяны Хрол і Ірыны Селязнёвай, Аксаны Вязевіч і Аляксандра Цыгельнікава.

Урачыстасць закончылася. Перапоўненыя станоўчымі эмоцыямі, медыкі азёрнага краю пакідалі залу гарадскога Дома культуры, каб і надалей быць патрэбнымі жыхарам Мядзельшчыны, надзейна стаяць на ахове іх здароўя.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: віншуе медыкаў Павел Баравы.

Фота Георгія Прысмакова.



17 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах  возера Мястра  06-043 _06-040

Пабрацімы Мядзела