Па абранай дарозе

МЕДЫКАМ Саша Камарова марыла стаць яшчэ ў дзяцінстве. Дзяўчынцы заўсёды хацелася дапамагаць людзям. І пазней, калі падрасла, не знікла ў яе жаданне прысвяціць сваё жыццё гэтай пачэснай і высакароднай прафесіі. Таму пасля заканчэння Нарацкай сярэдняй школы №1 паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча. Праўда, заканчвала ўжо каледж, у які была перайменавана навучальная ўстанова.

З дыпломам медыцынскай сястры ў 2008 годзе Аляксандра вярнулася на Мядзельшчыну. Першым працоўным месцам маладога спецыяліста стала Нарацкая СШ №2, дзе ёй даручылі пасаду медсястры педыятрычнага кабінета. Спраў хапала. Даводзілася дапамагаць урачу-педыятру падчас аглядаў вучняў, рабіць прышчэпкі, пры неабходнасці мераць тэмпературу, ціск, аказваць іншую дапамогу. Паступова веды, атрыманыя ў каледжы, замацоўвала, ды і вопыту пакрысе набіралася. Як-ніяк яе непасрэднай начальніцай была педыятр Аліна Грушэвіч — выдатны ўрач і душэўны чалавек. А таму работа поплеч з гэтай шчырай, добразычлівай жанчынай вельмі шмат дала Сашы ў яе практычнай дзейнасці. Дапамагала ёй шмат і патранажная медсястра педыятрычнага кабінета Нарацкай амбулаторыі Ірына Ясечка. І сёння дзяўчына ўспамінае яе мудрыя парады, падтрымку з удзячнасцю.

Праз тры гады Аляксандру Камарову запрасілі на работу ў Нарацкую ўчастковую бальніцу. Была напачатку паставой медсястрой. Цяпер яна — медсястра аддзялення дзённага прабывання.

— Наша аддзяленне разлічана на 10 ложкаў. Яно практычна заўсёды запоўнена, — кажа Аляксандра Камарова. — Мой непасрэдны абавязак — строга выконваць прызначэнні ўрача. Таму не толькі раздаю таблеткі, але і раблю розныя ін’екцыі, меру пацыентам тэмпературу, крывяны ціск, пры неабходнасці аказваю тэрміновую неадкладную медыцынскую дапамогу.

— Ці часта даводзіцца чуць удзячныя словы ў свой адрас? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Так, часта, — гаворыць дзяўчына. — Сапраўды, вельмі прыемна, калі бачыш паважлівыя адносіны да сябе з боку хворых, чуеш, як яны называюць ласкава: “Сашанька”, “Дачушка”, а некаторыя нават і “Канстанцінаўна”. А ўвогуле людзі розныя бываюць. Таму і сама стараюся да кожнага пацыента знайсці падыход. Ведаю, што і добрае слова лечыць. А што датычыць увагі, то яна ўсім патрэбна, асабліва асобам пажылым, нямоглым. Вось і адказваю дабром на дабро.

— Што можаце расказаць пра калектыў участковай бальніцы, дзе працуеце?

— Толькі станоўчае. Калектыў на самай справе вельмі харошы, дружны. Кожны з работнікаў гатовы падставіць сваё плячо іншаму. Я, напрыклад, тым, што тут адразу прыжылася, вельмі ўдзячна старэйшым калегам і, найперш, медсёстрам аддзялення сястрынскага догляду Яўгеніі Семяновіч, Рэгіне Халява, Таісе Камсюк, былому загадчыку бальніцы, зараз урачу-тэрапеўту Уладзіміру Марозу, цяперашняму загадчыку лячэбнай установы, урачу-тэрапеўту Ігару Філановічу.

З размовы з Аляксандрай зразумела, што яна ніколькі не шкадуе, што стала медыкам. Наадварот, задаволена, што збылася даўняя мара. Што мае работу, якая падабаецца, да якой ляжыць душа. І з абранай дарогі дзяўчына збочваць не збіраецца…

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: медсястра аддзялення дзённага прабывання Нарацкай участковай бальніцы Аляксандра Камарова.

Фота Георгія Прысмакова.



13 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        223_ 06-043 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела