Прызванне – дарыць радасць і надзею

МЯДЗЯЛЬЧАНКА Алена Ганчарэнка, як лічыць, мае ўсё, што патрэбна чалавеку для шчасця. У яе ёсць любімая работа, на якую яна ходзіць з радасцю, добрая сям’я, утульная кватэра, аўтарытэт і людская павага.

Стаць медыкам Алена марыла з дзяцінства. Значны адбітак на выбар будучай прафесіі аказала смерць таты, які хварэў і рана пайшоў з жыцця. На той час дзяўчынцы было толькі 6 гадоў. Як здаецца Алене Віктараўне, менавіта тады ў яе душы нарадзілася жаданне стаць урачом, каб засцерагчы ад хвароб любімую матулю і дапамагаць пераадольваць недамаганні іншым людзям. З гадамі гэта жаданне стала больш моцным.

Старанная дзяўчына з залатым медалём закончыла ў 1980 годзе ў Варапаеве, што на Віцебшчыне, школу і паступіла вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на лячэбны факультэт. Дарэчы, у студэнцкія гады і свайго суджанага сустрэла, стварыла сям’ю. Цікава і тое, што ў Алены Віктараўны і Аляксандра Барысавіча нават дзень нараджэння ў адзін дзень, праўда, з розніцай у год, на які муж старэйшы за сваю жонку.

Інтэрнатуру малады ўрач праходзіла ў Магілёве. Там жа два гады яшчэ працавалі разам з Аляксандрам. Аднак хацелася жанчыне ўладкавацца бліжэй да бацькоўскага дома, да любай матулі. І Ганчарэнкі сталі шукаць сабе новае месца работы. У ліку варыянтаў быў і Нарачанскі край, куды яны неўзабаве пераехалі.

— Спакусіліся на жыллё, якое паабяцаў тагачасны галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Іван Сямёнавіч Балашка, калі прымем яго прапанову, — гаворыць Алена Віктараўна. — Слова ён стрымаў. Мы сапраўды хутка атрымалі ў новым доме кватэру, за што да глыбіні душы яму ўдзячны. Так і засталіся на Мядзельшчыне напастаянна. Я стала працаваць урачом-акушэр-гінеколагам, а Аляксандр — урачом-дэрматавенеролагам.

— А як працуецца ў адным калектыве з мужам? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Нармальна, — чую ў адказ. — У нас жа агульныя інтарэсы, задачы. Разам раніцай едзем на работу, вечарам вяртаемся дадому. Ды і кабінеты нашы непадалёку знаходзяцца. Можна, у выпадку неабходнасці, падысці адзін да аднаго, каб вырашыць узнікшае пытанне, параіцца.

— А чаму вы выбралі прафесію акушэр-гінеколага? — пытаюся ў Алены Віктараўны.

— Як мне здаецца, з усіх урачэбных спецыяльнасцей наша самая лепшая, — кажа доктар. — Бо менавіта акушэр-гінеколаг стаіць на варце здароўя жанчын, дапамагае ім падчас цяжарнасці вынасіць і нарадзіць дзіцятка, адчуць радасць мацярынства. Ведаеце, калі з’яўляецца на свет немаўлятка і чуеш яго пранізлівы крык, бачыш вочы матулі, хоць і змучанай падчас родаў, але такой шчаслівай, станоўчыя эмоцыі перапаўняюць сэрца. У такія хвіліны яскрава адчуваю, што недарэмна выбрала прафесію акушэр-гінеколага, што гэта сапраўды маё.

— Але ж вы, напэўна, яшчэ і прыём ведзяце, і абследаванні праводзіце?

— Раней пастаянна вяла прыём пацыентаў у паліклініцы,— гаворыць урач, — а цяпер, калі ёсць маладыя ўрачы, у асноўным займаюся ўльтрагукавымі абследаваннямі, працую ў гінекалагічным аддзяленні. Вядома, і дзяжурыць даводзіцца, і падчас аперацый дапамагаць.

— Акушэрская служба заўсёды была, ды і цяпер застаецца на нядрэнным рахунку і ў вобласці, і ў раёне. У гэтым ёсць, безумоўна, і ваша заслуга?

— У нашай рабоце не заўсёды ўсё залежыць ад урача, часта і ад пацыентаў. Іншы раз у жанчыны цяжарнасць нядрэнна праходзіць: і яна, і дзіцятка ва ўлонні матулі адчуваюць сябе выдатна, а надыходзяць роды — нейкія праблемы ўз¬нікаюць, якіх быць не павінна. А бывае наадварот, цяжарнасць цяжка праходзіць, а роды — лёгкія. Але ўжо тое, што многія мінчане, а таксама жыхаркі суседніх раёнаў прыязджаюць у Мядзел нараджаць дзетак, гаворыць пра давер да нашых акушэр-гінеколагаў. Ды і аперацыі робім амаль усе, што і ў абласным раддоме, што сведчыць аб высокай кваліфікацыі медыкаў. У нашага галоўнага ўрача Генадзія Аляксандравіча Русака, наогул, залатыя рукі, але і мы, жанчыны, стараемся яго не падводзіць. А што датычыць акушэр-гінеколагаў, то Мядзельшчыне сапраўды на іх заўсёды шанцавала. Вопытнымі, высокакваліфікаванымі ўрачамі былі Аляксандра Рыгораўна Бажанава, Іван Іосіфавіч Вярбіцкі, якіх, хоць і няма ў жывых, але многія і цяпер успамінаюць добрым словам. Паважаюць і калегі, і пацыенты Генадзія Аляксандравіча Русака, Вольгу Уладзіміраўну Кавешнікаву, якая зараз працуе намеснікам галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы па медыцынскай частцы, загадчыцу акушэрскага аддзялення Наталлю Аляксандраўну Сцепаненку.

Пра тое, што Алена Віктараўна Ганчарэнка добры ўрач і неабыякавы, шчыры чалавек, ведаю з уласнага вопыту. І сёння памятаю, як яна хвалявалася і за мяне, калі насіла пад сэрцам дачушку, і пра самаадчуванне іншых жанчын, якія рыхтаваліся стаць маці. Як перажывала падчас родаў, старалася падбадзёрыць, падтрымаць, супакоіць. Як разам з намі радавалася з’яўленню на свет дзетак, падзяляла наша шчасце. Па ўсім бачна, жанчына любіць сваю работу і не ўяўляе жыцця без яе. І тыя два гады, якія Алена Віктараўна працавала ў санаторыі “Прыазёрны”, у чарговы раз пераканалі, што яна не можа без практыкі па абранай прафесіі. Так, спакойная праца сапраўды не для яе, бо ёй трэба перажываць за іншых, дапамагаць ім, а самае галоўнае — адчуваць сваё дачыненне да нараджэння новага чалавека.

Алена Віктараўна расказала, што яны з мужам не адзіныя медыкі ў іх сям’і. Яе родны брат Алег Віктаравіч працуе намеснікам галоўнага ўрача Пастаўскай раённай бальніцы. Старэйшы сын Павел таксама звязаў сваё жыццё з медыцынай. Ён — урач-траўматолаг футбольнага клуба “БАТЭ”. А вось малодшы сын Віктар стаў прафесійным ваенным. Ён — старшы лейтэнант. Служыць у Старых Дарогах. Хутчэй усяго пайшоў у свайго дзеда Віктара Аляксандравіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлета споўніцца 30 гадоў, як Алена Віктараўна з Аляксандрам Барысавічам разам крочаць па жыцці, папалам дзелячы і добрае, і дрэннае. У іх харошыя сыны, у якіх ужо ёсць свае сем’і. Радуюцца бабуля з дзядулем любімым унукам: трохгадовай Дзіянцы і васьмімесячнаму Андрэйку.

А яшчэ Алена Віктараўна добрая гаспадыня і выдатная рукадзельніца. Вельмі прыгожыя сурвэткі вяжа шыдэлкам жанчына. Асвоіла рамяство самастойна, па часопісах і з задавальненнем ім займаецца ў вольны час, хоць яго і не так шмат бывае. Вось якая цікавая жанчына, выдатны ўрач, добрая маці, бабуля, жыве з намі побач. Мы часта бачымся з ёй у горадзе: у бальніцы, магазінах, на вуліцах, рынку… Прыязна кажам: “Добры дзень”, усміхаемся, пачуўшы адказ на наша прывітанне. Удзячнасць перапаўняе сэрца пры сустрэчы з медыкам. Бо дзякуючы менавіта яму з’явіліся на свет многія з нашых дзяцей, унукаў. А гэта, згадзіцеся, не забываецца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: урач-акушэр-гінеколаг цэнтральнай раённай бальніцы Алена Ганчарэнка.

Фота Георгія Прысмакова.



13 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 0-170 06-043  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела