Зберагчы і зрабіць прыгажэйшай…

СУСВЕТНЫ дзень аховы навакольнага асяроддзя Генеральная асамблея ААН абвясціла ў 1972 годзе. Падставай для гэтага стаў той факт, што спатрэбіліся тэрміновыя выратавальныя меры для прыроды Зямлі. Вось таму, як адзначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолій Леонік, райінспекцыі, галоўная роля якой заключаецца ў кантролі за выкарыстаннем прыроднага багацця, часцей даводзіцца звяртаць увагу на негатыў, чым на станоўчыя прыклады.

— Якія пытанні сёння ўвахо¬дзяць у кампетэнцыю райінспекцыі? — цікаўлюся.

— Па-ранейшаму, нашы галоўныя задачы — удзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў; каардынацыя дзейнасці ў сферы забеспячэння экалагічнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Мы забяспечваем і дзяржаўны кантроль за безумоўным выкананнем суб’ектамі гаспадарання, насельніцтвам раёна прыродаахоўнага заканадаўства. За мінулы год толькі за кепскі санітарны стан сельскагаспадарчых аб’ектаў было складзена 50 пратаколаў на суму 21,3 мільёна рублёў, — чую ў адказ.

Анатолій Уладзіміравіч расказаў, што па навядзенні парадку на зямлі вялікі аб’ём работы выкананы сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Мэтанакіраваная работа праводзілася па кантролі за выкананнем заканадаўства аб адыходах, якое накіравана на прадухіленне забруджвання навакольнага асяроддзя адыходамі гаспадарчай дзейнасці і недапушчэння пахавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Было праведзена 14 абследаванняў санітарнага стану палігонаў цвёрдых камунальных адыходаў і прылягаючых да іх тэрыторый. За выяўленыя парушэнні складзена 18 пратаколаў на юрыдычную і службовыя асобы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на суму 7 мільёнаў 220 тысяч рублёў.

У мінулым годзе райінспекцыяй праведзены 226 аглядаў тэрыторый сельгаставарыстваў (ферм, мехдвароў, збожжатакоў, складоў мінеральных угнаенняў, артэзіянскіх свідравін і інш.), аб’ектаў, якія падпарадкаваны сельвыканкамам, прадпрыемствам і арганізацыям раёна. У выніку за розныя парушэнні па навядзенні парадку на зямлі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 105 службовых, 15 юрыдычных і 20 фізічных асоб. Агульная сума штрафаў склала 51,9 мільёна рублёў. Парушальнікам выстаўлена 9 іскаў на суму 31,8 мільёна рублёў. Выдадзена 193 рэкамендацыі і 33 прадпісанні.

— Усё гэта, — адзначае Анатолій Уладзіміравіч, — пакуль на плячах траіх работнікаў інспекцыі.

Больш за 20 гадоў працуе ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолій Леонік. «За гэты час, — нібы вінавата адзначае ён, — давялося скласці пратаколы амаль на ўсіх кіраўнікоў у раёне. Але радуе, што і разуменне ёсць, і сумесная работа». Мяркую, што ў многім гэта вызначана зацікаўленасцю галоўнага эколага раёна.

— Ніколі не ставілі і не ставім на першае месца ў сваёй рабоце пакаранне, — сцвярджае Анатолій Уладзіміравіч, — але нярэдка без гэтага не абысціся. Хтосьці разумее нашы патрабаванні пасля размовы і тлумачэння, іншым гэтага недастаткова. Тое ж з юрыдычнымі асобамі — усе прадпісанні ў складзеных намі пратаколах павінны ў абавязковым парадку выконвацца, менавіта таму праз месяц пасля праверак робім кантрольныя выезды. Калі патрабаванні не выконваюцца, падключаем іншыя, праваахоўныя органы.

І ўсё ж радуе кіраўніка экалагічнай службы раёна, што разумення і ўзаемадзеяння ў іх рабоце больш. І такая тэндэнцыя ўзрастае.

— Ушчыльную працуем з землеўпарадкавальнай і санітарнай службамі раёна, — адзначае ён. — Вялікую зацікаўленасць да экалагічных пытанняў праяўляе міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, супрацоўнікі Нацыянальнага парку «Нарачанскі», пракуратура, міліцыя. Няма праблем і з дарожнікамі. Нельга не адзначыць, што пытанні навядзення парадку на пастаянным кантролі ў старшыні райвыканкама. Ні адно пасяджэнне або планёрка не абыходзяцца без іх разгляду.

— Анатолій Уладзіміравіч, ці прыцягваецца ў нас да прыродаахоўнай дзейнасці грамадскасць? — пытаю.

— Вядома. Валанцёрскія атрады раённай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» працавалі на ачыстцы ад смецця пляжнай зоны ў Мядзеле і прыбярэжнай паласы возера Мястра. Яны правялі экалагічныя акцыі «Чысціня выратуе свет», «Моладзь Мядзельшчыны за чысціню роднага краю». У ходзе акцый была прыбрана тэрыторыя парка «Перамогі», які з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. Акрамя гэтага, добраўпарадкаваны помнік на месцы былога хутара Бароўка. Вялікую дапамогу аказваюць Нацпарку па ачыстцы курортных лясоў вучні Нарацкай сярэдняй школы №2. Імі сабрана каля 10 кубаметраў рознага смецця. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат, — адказвае суразмоўца.

Работа эколагаў складаная, тым больш, што звязана яна з глабальнымі праблемамі, але радуе, што зрухі ёсць. І заслуга тут у многім у сумеснай дзейнасці. Толькі сумеснымі намаганнямі можна чагосьці дасягнуць, асабліва, калі гэта датычыць навядзення парадку, чысціні, беражлівых адносін да прыроды, да асяроддзя, у якім мы жывём. Такая работа патрэбна нам усім, бо ад яе ў многім залежыць наша здароўе і захаванне жыцця на Зямлі.

…Чалавек звязаны з прыродай тысячамі нябачных нітак. Прырода — наш сябар, наша жыццёвае асяроддзе. Разумна выкарыстоўваць яе багацці, берагчы і зрабіць прыгажэйшай — наш святы абавязак.

— З якімі словамі вы хочаце звярнуцца да чытачоў «раёнкі», сваіх калег напярэдадні Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя? — пытаюся ў Анатолія Леоніка.

— Прырода — маці ўсяго жывога, у тым ліку і чалавека. Хто яшчэ, акрамя дзяцей, стане клапаціцца пра здароўе і дабрабыт сваёй маці? Хто яшчэ, як не чалавек, абавязаны ахоўваць і абараняць прыроду, як гэта ні парадаксальна, ад самога сябе? Галоўнае прыроднае багацце нашай краіны — лясы, рэкі, азёры і ўся жыўнасць, якая іх насяляе. Іх рацыянальнаму выкарыстанню неабходна надаваць самую пільную ўвагу. Захаваць прыроднае багацце для будучых пакаленняў — наша галоўная агульная задача. Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя — гэта яшчэ адзін напамінак людзям пра ролю чалавецтва ў ахове экалагічнага асяроддзя. Асаблівыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята работнікам райінспекцыі: здароўя, шчасця вам, дабрабыту і плённай работы! — адказаў ён.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



03 чэрвеня 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка      Паруснікі                          0-170 Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела