Вярнуць землі ў абарот

ЧЫМ заняты меліяратары ў гэтыя дні? З такога пытання пачалася размова з намеснікам дырэктара Сяргеем Бабкевічам:

— Калектыў жыве паўсядзённымі клопатамі па выкананні Дзяржаўнай праграмы «Захаванне і выкарыстанне меліяраваных зямель». Праводзім рэканструкцыю і аднаўленне сістэм на аб’ектах «Вузлянка-Каханка» «Княгінін-Агра», «Воранаўка-Забегі-Яцкавічы» «Будслаўскае» і «Дубно» «Пруднікі-Агра». Менавіта там сканцэнтравана шмат тэхнікі і людзей. Працуюць тры экскаватары па ўкладцы дрэнажу, бульдозеры, іншая тэхніка, — расказвае Сяргей Валяр’янавіч. — Работу па рэканструкцыі меліяраваных зямель можна параўнаць з капітальным рамонтам дома. Як правіла, калі прыходзім на аб’ект, паўстае вельмі непрыглядны малюнак: забалочаная зямля, на якой не можа працаваць сельскагаспадарчая тэхніка, хутка зарастае пустазеллем, кустоўем, уздоўж каналаў вырастаюць нават дрэвы. А мы ачышчаем каналы не толькі ад зараснікаў, але і ад усяго, што з гадамі назапашвалася ў іх. І абавязкова прамываем дрэнажную сістэму, для гэтага выкарыстоўваем спецыяльную машыну. У мінулым для дрэнажоў выкарыстоўвалі керамічныя трубкі, якія з цягам часу дзесьці праселі, прыйшлі ў непрыгоднасць. З дапамогай дрэнажапрамывачнай машыны і вызначаем месцы пашкоджання трубак, мяняем іх на поліэтыленавыя, больш даўгавечныя па тэрмінах эксплуатацыі. Іншы раз даводзіцца мяняць частку альбо поўнасцю ўсю сістэму, пракладваць новыя каналы.

Звычайна, калі прыходзім на аб’ект, без ботаў не ступіць, але ўжо праз нейкі час бачна, што вада адступае. Значыць, запрацавала дрэнажная сістэма. Вяртаем землі ў сельскагаспадарчы абарот заараныя і выраўненыя, падрыхтаваныя да сяўбы сельгаскультур, каб адразу адроджаная зямля запрацавала на ўраджай.

Цёпла, з душой гаварыў намеснік дырэктара прадпрыемства пра людзей, якія шчыруюць на меліярацыйных аб’ектах.

— Чацвёрты год працуе ў нас Віктар Пуня. Замацаваны за ім экскаватар «ЭО-3223» не ведае прастояў. У гэтыя дні непадалёку ад вёскі Задубенне ачышчае меліярацыйныя каналы. Старанны, адказны работнік, добры спецыяліст, — зазначае Сяргей Валяр’янавіч. — Не пазычаць вопыту і навыкаў экскаватаршчыку Аляксандру Дуброўскаму. Параўнальна нядаўна ўліліся ў калектыў і зарэкамендавалі сябе з лепшага боку Пётр Цыбулёнак, Аляксандр Хацяновіч. Яны працуюць на аб’екце «Вузлянка-Каханка», дзе кіруе Алег Дзікі. Дарэчы, гэта старанны, вопытны прараб, ён з адказнасцю адносіцца да справы. Дакументацыя ў яго заўсёды ў парадку…

Шмат шчырых удзячных слоў сказаў Сяргей Бабкевіч у адрас бульдазерыстаў Мечыслава Захарэвіча, Іосіфа Пумпура, Віктара Падбярэзскага. Адзначыў ён і маладых работнікаў. Машыністамі шматкаўшовых экскаватараў, з дапамогай якіх укладваецца дрэнаж, працуюць Аляксандр Піліпюк і Генадзій Саковіч. На аб’екце «Вузлянка-Каханка» яны паклалі дрэнаж працягласцю 22 кіламетры, ля вёскі Яцкавічы — 38 кіламетраў.

— Маладыя хлопцы Дзмітрый Шкадун і Аляксей Васілевіч, за якімі замацаваны трактары «МТЗ-1221», старанна працуюць з плугамі, дыскамі. Словам, рыхтуюць участкі для перадачы ў эксплуатацыю. Толькі добрае магу сказаць і пра механізатара Рамана Гузікава, — працягвае суразмоўца. — Не магу не адзначыць інжынера па кадастры Тамару Гладкову. Гэта яна вядзе поўны ўлік меліярацыйнай сістэмы па раёне. Дакладна ведае, дзе які канал, яго балансавы кошт, калі праводзіўся рамонт і многія іншыя звесткі заносіць у спецыяльныя карткі.

Будзе няправільна, калі не скажу, што ў працоўнай кніжцы Сяргея Бабкевіча першы запіс з’явіўся ў 1982 годзе, калі ён быў прыняты на работу ў ПМС у якасці памочніка машыніста. Потым прызначаны майстрам, прарабам… Словам, справу меліяратараў ён ведае да драбніц. Любяць і паважаюць яго ў калектыве, да яго многія звяртаюцца за дапамогай. І Сяргей Валяр’янавіч кожнага падтрымае добрым словам, дасць слушную параду.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: экскаватаршчык Віктар Пуня і намеснік дырэктара Сяргей Бабкевіч.

 Фота Георгія Прысмакова.



30 мая 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 возера Глубелька 06-043     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела