Упэўнена трымаецца на плыву

У НЯДЗЕЛЮ будуць прымаць віншаванні з прафесійным святам меліяратары рэспублікі. У ліку іх і 310 работнікаў дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Мядзельскае ПМС». Прадпрыемства некалі было вядучым у раёне, затым перажыло гады заняпаду, а зараз зноў вяртае сабе былы аўтарытэт. Вялікая заслуга ў гэтым вопытнага кіраўніка Анатолія Вайнілкі. Напярэдадні прафесійнага свята сустрэўся з начальнікам вытворча-планавага аддзела Наталляй АЎРЭЙЦЭВІЧ, каб пагутарыць пра сённяшні дзень меліяратараў і планы на бліжэйшую будучыню.

— Наталля Казіміраўна, якія задачы стаяць перад вашым прадпрыемствам?

— Гэта рамонтна-эксплуатацыйныя работы і будаўніцтва новых аб’ектаў меліярацыі. Займаемся рамонтам меліярацыйных сістэм раёна, тэхнічным доглядам, праводзім аграмерапрыемствы — падчышчаем каналы, робім вывады лагчынаў і калонак, праводзім глыбокае рыхленне, планіроўку. Акрамя гэтага, узводзім жылыя дамы і вытворчыя аб’екты, праводзім рамонт і рэканструкцыю.Дарэчы, сёлета запланавана ўвесці ў эксплуатацыю больш за 2000 гектараў зямель. Таму аб’ём работы належыць выканаць даволі вялікі.

— З якімі вытворчымі паказчыкамі меліяратары сустракаюць прафесійнае свята?

— Адразу хачу сказаць, што свята меліяратары сустракаюць з упэўненасцю і верай у неабходнасць сваёй прафесіі ў нашым грамадстве. Бо як і раней яны ўносяць дастойны ўклад у памнажэнне дабрабыту грамадства. Яны шчыра працуюць над павышэннем урадлівасці глебы і навядзеннем парадку на зямлі. Дзякуючы ім мы слывём утульным і дагледжаным куточкам Еўропы. А што датычыць вытворчых паказчыкаў, то яны някепскія. За чатыры месяцы бягучага года аб’ём падрадных работ і аказаных паслуг выкананы на суму 14893,359 мільёна рублёў. Атрымана 1988 мільёнаў рублёў прыбытку. Дабрабыт прадпрыемства вырастае дзякуючы павелічэнню колькасці меліярацыйных работ. Узраслі аб’ёмы выкананых работ па наглядзе, рамонце, рэканструкцыі і за кошт аграмерапрыемстваў. Так, водагаспадарчае будаўніцтва выканана на суму 4220,413 мільёна рублёў, аргамерапрыемствы — 1395,676 мільёна, рамонтна-эксплуатацыйныя работы — на суму 1028,855 мільёна рублёў.

— Выкананне напружаных планаў залежыць, у першую чаргу, ад людзей, якія працуюць на аб’ектах. Што можаце сказаць пра гэта?

— Калектыў харошы. Працуюць у нас талковыя людзі, якія ведаюць і любяць сваю справу. У некаторых у працоўнай кніжцы толькі адзін запіс. Такія людзі — гонар калектыву.

У апошнія тры гады значна зменшылася цякучасць кадраў. Сярэдні заробак складае амаль 5 мільёнаў рублёў. Экскаватаршчыкі і бульдазерысты атрымліваюць па 6-7 мільёнаў. Гэта вельмі цяжкая праца, і свае мільёны людзі зарабляюць шчыра. Што датычыцца тэхнічнага парку, ён рэгулярна абнаўляецца. У новай тэхніцы ў кабінах устаноўлены кандыцыянеры, прасторна, што немалаважна, калі чалавек па некалькі гадзін знаходзіцца ў замкнёнай прасторы. Праца нялёгкая, асабліва на тарфяніках, калі ўздымаюцца клубы чорнага пылу. Набываем тэхніку па лізінгу і адразу ўключаем у работу, каб атрымліваць эканамічную выгаду. Нам вельмі неабходна высокапрадукцыйная тэхніка для складаных работ.

А калі назваць прозвішчы лепшых людзей, то атрымаецца даволі вялікі пералік. Машыністы і трактарысты, бульдазерысты і экскаватаршчыкі, вадзіцелі і газа-электразваршчыкі, слесары і токары, муляры і тынкоўшчыкі, рабочыя і прарабы, інжынерна-тэхнічныя работнікі і многія іншыя за сваё старанне і руплівасць заслугоўваюць шчырых слоў падзякі. З нагоды прафесійнага свята вышэйстаячай дзяржаўнай установай «Аб’яднанне «Мінскмеліяводгас» адзначаны машыніст экскаватара «ЕК-12» Юрый Шырокі. За плячыма гэтага спецыяліста 13 гадоў працоўнага стажу, у тым ліку на прадпрыемстве — 6. За мінулы год вытворчае заданне ён выканаў на 122,5 працэнта. Пяць гадоў у нас працуе на пасадзе тынкоўшчыка Павел Мацкевіч. Гэта вельмі адказны, шчыры, дысцыплінаваны работнік. Яго не трэба кантраляваць, браку ў рабоце ніколі не дапускае. Даручаную справу заўсёды выконвае якасна і ў вызначаны тэрмін. Граматай райвыканкама адзначаны намеснік дырэктара прадпрыемства Сяргей Бабкевіч. Ён курыруе пытанні правядзення меліярацыйных работ, з’яўляецца сапраўдным настаўнікам моладзі.

Прыкладна так магу расказаць літаральна пра кожнага члена нашага шматлікага калектыву. Бо старанне, гаспадарлівасць гэтых людзей прыносіць і ім добрую славу, і прадпрыемству ў цэлым. Нягледзячы на складанасць умоў работы і няпросты наш цяперашні час, ПМС упэўнена трымаецца на плыву, паспяхова развіваецца, рухаецца наперад.

На заканчэнне размовы хачу павіншаваць наш калектыў, а таксама былых работнікаў з Днём меліяратара і пажадаць поспехаў у працы, у асабістых справах. Няхай заўсёды будзе спрыяльным надвор’е і цёплым мікраклімат у вашых сем’ях, і абавязкова здзяйсняюцца ўсе планы.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ. 

 

 

 



30 мая 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 возера Мястра Касцёл у Мядзеле  1-12

Пабрацімы Мядзела