Каб вада не прычыніла бяды


d0bfd0bbd18fd0b6НАДЫШЛО лета, а з ім распачаўся і купальны сезон. Людзі імкнуцца да вадаёмаў, каб пазагараць, адпачыць. Аднак, тыя, хто не звяртае ўвагi на элементарныя правiлы паводзiн на вадзе, становяцца ахвярамi сваёй бяспечнасцi. Наконт гэтага наша размова са старшынёй раённага таварыства выратавання на водах Д. Т. МЯЛЕШКАМ:

- Трагедыi на вадзе ў асноўным адбываюцца таму, што людзі купаюцца ў не прызначаных для гэтага вадаёмах з неправераным дном: там могуць апынуцца віры, халодныя крыніцы і моцныя падводныя плыні. Больш за 50 працэнтаў здарэнняў звязана са спажываннем алкаголю.

Частымі прычынамі ня­шчасця на вадзе з’яўляюцца сутаргі. Яны ўзнікаюць пры стоме мышцаў падчас працяглага і аднастайнага плавання або пры пера­ахалоджванні. Нярэдка плыўцы і нырцы, якія маюць дэфект у барабаннай перапонцы, гінуць з прычыны пранікнення ва­ды ў поласць сярэдняга вуха. У дадзеным выпадку вада раздражняе вестыбулярны апарат, чалавек губляе прасторавую арыентацыю і не можа самастойна выйсці з вады. Здараецца, што людзі, якія ўмеюць добра плаваць, нечакана тонуць без прыкмет барацьбы за жыццё. Нават пры вельмі хуткім выдаленні іх з вады меры па ажыўленні не прыносяць поспеху. Прычынай таму з’яўляецца якое-небудзь захворванне, пераважна сэрца.

Дзецi ж у асноўным гiнуць на водах таму, што застаюцца без бацькоўскага нагляду. Не трэба нi ў якiм выпадку грэбаваць правiламi бяспечных паводзiн, у тым лiку пры ка­рыстаннi плаўсродкамi. I нi ў якiм разе нельга падыходзiць да вады пасля ўжывання алкаголю, нават калi вам падаецца, што выпiлi вельмi мала. Заўсёды памятайце: тэмпература вады на паверхнi i ў глыбiнi iстотна адрозніваецца, а таму могуць узнiк­нуць сутаргi i перабоi ў рабоце сэрца нават у здаровых людзей. Нярэдка заканчваюцца трагедыямi i спрэч­кi маладых людзей на здольнасць пераплыць альбо нырнуць.

Шмат няшчасных выпадкаў адбываецца і з-за парушэння правілаў эксплуатацыі лодак, катэраў, суднаў, іх дрэннага тэхнічнага стану, недастатковай падрыхтаванасці вадзіцеляў, перагрузкі гэтых праўсродкаў людзьмі, незахавання вызначаных норм грузападымальнасці.

- Дзмітрый Тадэвушавіч, назавіце некалькі канкрэтных лічбаў, якія пацвярджаюць, што грэбаваць правіламі бяспекі недапушчальна.

- За мінулы год на тэрыторыі нашай вобласці ўтапілася 139 чалавек, з іх 8 непаўналетніх. Не мінула гэта бяда і Мядзельшчыну. Летась ахвярамі вады стала 8 жыхароў раёна. Ды і статыстыка бягучага года засмучае. На вадзе загінулі 3 чалавекі, у тым ліку адна непаўналетняя дзяўчынка.

- Што патрэбна рабіць, каб гэтыя паказчыкі, як кажуць, за­стылі на месцы?

- Строга выконваць правілы бяспекі на вадзе. Купацца лепш раніцай або пад вечар, калі сонца грэе, але няма небяспекі перагравання. Тэмпература вады павінна быць не ніжэй +17-19ОС. Плаваць не больш 20 мінут, не даводзіць сябе да дрыжыкаў.

Не ўваходзіць і не ныраць у ваду пасля працяглага знаходжання на сонцы. Пры астуджэнні ў вадзе наступае рэзкае рэфлекторнае скарачэнне мышцаў, што прыводзіць да прыпынку дыхання. Не ўваходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Алкаголь блакіруе нармальную дзейнасць галаўнога мозга.

Калі паблізу няма абсталяванага пляжа, патрэбна выбіраць бяспечнае для купання месца з паступовым ухілам і цвёрдым чыстым дном. У ваду заходзіць асцярожна. Ніколі не ныраць у незнаёмых месцах, спецыяльна не абсталяваных.

Не заплываць далёка, асабліва за буі, таму што можна не разлічыць сваіх сіл. Адчуўшы стомленасць, не імкнуцца хутчэй даплыць да берага. Навучыцца адпачываць на ва­дзе. Калі вас захапіла цячэнне, не імкніцеся з ім змагацца. Трэба плыць па цячэнні, паступова, пад невялікім вуглом, набліжаючыся да берага.

Не губляцца, нават тады, калі па­трапілі ў вір. Варта набраць больш паветра ў лёгкія, пагрузіцца ў ваду і, зра­біўшы моцны рывок убок, выплыць.

Асцярожна плаваць на надзіманых матрацах, цацках, аўтамабільных камерах. Ветрам або плынню іх можа аднесці далёка ад берага, а хваляй – захліснуць, з іх можа выйсці паветра, і яны страцяць плывучасць. Купанне з маскай, трубкай і ластамі патрабуе асаблівай асцярожнасці. Плаваць трэба толькі ўз­доўж берага і абавязкова пад наглядам, каб своечасова магла прыйсці дапамога.

Купанне дзяцей ні ў якім разе не павінна праходзіць без нагляду дарослых, якія самі добра ўмеюць плаваць. Вучыцца плаваць неабходна пад кіраўніцтвам ін­ст­руктара або бацькоў. Не пакідаць побач з вадой малых. Яны могуць спатыкнуцца і паваліцца, захлынуцца вадой або па­трапіць у яму. Не дапускаць грубых гуль­няў на вадзе, накшталт, нырнуць пад таго, хто купаецца, «патапіць», падаць ілжывыя сігналы аб дапамозе і інш.

Не заплываць за абмежавальныя знакі, якія абазначаюць акваторыю з правераным дном, вызначанай глыбінёй і дзе гарантавана адсутнасць віроў і іншых небяспек. Не залазіць на тэхнічныя, папераджальныя знакі, буі і іншыя прадметы. Не набліжацца да суднаў, лодак і катэраў, якія праплываюць непадалёку ад вас. Не выкарыстоўваць маторныя, парусныя лодкі, іншыя вяслярныя і маторныя плаўсродкі, водныя веласіпеды, хуткасныя маторныя плаўсродкі, водныя матацыклы ў зонах пляжаў, у грамадскіх месцах купання пры адсутнасці буйковай агароджы пляжнай зоны і ў межах яе. Катэгарычна забараняецца купанне ў затопленых кар’ерах, каналах, азёрах, пажарных вадаёмах, сажалках і іншых вадаёмах, якія не маюць абсталяваных пляжаў.

У дзіцячых аздараўленчых установах купанне дазваляецца толькі групамі не больш 20 чалавек. За дзецьмі павінна весціся бесперапыннае назіранне дзяжурнымі выхавальнікамі і інструктарамі. Купанне хлопчыкаў і дзяўчынак пры адсутнасці выратавальных пастоў забаронена. Парушэнне гэтых правілаў з’яўляецца галоўнай прычынай гібелі лю­дзей на вадзе.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



28 мая 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 _dsc1133-3 Царква ў Крывічах возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела