Дорыць людзям радасць

КАМУ не хочацца выглядаць прыгожа? Асабліва кідаецца ў вочы прычоска чалавека. Мужчынам прасцей — падстрыгся «пад нуль» і справе канец. А цяпер яшчэ стала модным сярод моцнай паловы чалавецтва насіць такія прычоскі, то ўсе стараюцца гэтага прытрымлівацца — малазатратна, малодзіць чалавека. А вось у жанчын іншыя праблемы! Асабліва, калі трэба «ісці ў людзі», тады галоўны клопат — як зрабіць прычоску, змадэліраваць яе так, каб сабе падабалася і іншыя заглядзеліся?

Таму даволі запатрабаваныя ў нашы дні паслугі цырульні: камусьці патрэбна стрыжка, укладка, а каму і вячэрняя, вясельная прычоска. Умелыя рукі спецыяліста дапамогуць кожнаму кліенту знайсці сваю індывідуальнасць і выглядаць прыгожа і дагледжана.

Ірына Місевіч працуе цырульнікам Дома быту курортнага пасёлка Нарач. Яна не навічок у прафесіі. У 1983 годзе пасля заканчэння школы дзяўчына падала дакументы ў адно з Мінскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, дзе рыхтавалі менавіта цырульнікаў. За плячыма два гады вучобы, добрая практыка ў салонах прыгажосці сталіцы, парады і дапамога вопытных майстроў. А наперадзе самастойная праца. Вельмі хвалявалася дзяўчына, калі першы раз пераступіла парог цырульні Мядзельскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, куды па размеркаванні трапіла працаваць…

Стаць цырульнікам Ірына марыла з дзяцінства. Першыя спробы з нажніцамі, шпількамі, заколкамі і ўпрыгожваннем для прычосак праходзілі на ляльках, затым сяброўкі сталі даручаць свае валасы для эксперыментаў.Нарадзілася дзяўчына ў гарадскім пасёлку Свір. Там прайшло яе дзяцінства. На выбар прафесіі пэўны ўплыў аказала і сястра, якая звязала свой лёс з бытавым абслугоўваннем насельніцтва і працавала на пасадзе закройшчыка ў Доме быту курортнага пасёлка. Менавіта яна потым угаварыла пераехаць Ірыну з Мядзела ў Нарач.

— Мяне перацягнула ў курортны пасёлак, а сама выйшла замуж і пераехала ў Мінск, — усміхаецца Ірына Віктараўна. — А я тут засталася…

— Вы працуеце ў мужчынскай ці жаночай зале? — цікаўлюся.

— І там, і там. Для мяне вялікай розніцы няма. Безумоўна, зрабіць мужчынскую прычоску прасцей і хутчэй. А жанчыны заўсёды хочуць выглядаць прыгожа, элегантна. У гэтым ім крыху дапамагаю і я, — адказвае суразмоўца.

Ірына не толькі стрыжэ, фарбуе, сушыць і завівае валасы, але і па-майстэрску ўкладвае іх у мадэльныя і вячэрнія прычоскі. Яна мае сваіх пастаянных кліентаў. Да яе едуць з Мядзела, Нарачы, Пастаў, іншых населеных пунктаў. Місевіч умела валодае і такімі асабістымі якасцямі, як крэатыўнасць, працавітасць, гумар і абаянне, камунікабельнасць і акуратнасць. Працуючы з кожным наведвальнікам паасобку, яна заўсёды імкнецца зразумець яго індывідуальнасць і густ, бо зрабіць прычоску — гэта творчы і эстэтычны працэс. Ірына заўсёды ўлічвае той факт, што чалавек звяртаецца за дапамогай да цырульніка ў надзеі, што той на аснове сваіх ведаў і патрабаванняў сучаснай моды, прафесіяналізму і асабістага густу створыць вытанчаную прычоску. Гэтыя надзеі спецыяліст заўсёды імкнецца апраўдаць, выконваючы сваю работу з душой, тым самым прыносячы радасць людзям.

На сходзе актыву па падвядзенні вынікаў работы галін народнай гаспадаркі Мядзельшчыны Ірыне Віктараўне было ўручана пасведчанне «Лепшы па прафесіі». Яе фотаздымак будзе змешчаны на раённай Дошцы гонару. Гэтага яна заслужыла сваёй шчырай паўсядзённай працай.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: цырульнік Дома быту курортнага пасёлка Нарач Ірына Місевіч.

Фота Георгія Прысмакова.



08 красавiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi dsc_5774-3 06-012 возера Мястра

Пабрацімы Мядзела