Каб не азмрочыць пікнік

“Многія мядзяльчане і госці нашага краю летам любяць выязджаць на пікнікі бліжэй да азёр – скажам, на тую ж турыстычную стаянку “Качаргі”. Але ж некалькі месяцаў таму ўведзена адказнасць за распіццё ў грамадскіх месцах нават піва. Таму ёсць пытанне: як будуць расцэньваць супрацоўнікі міліцыі падобныя пікнікі, калі яны не абыдуцца без спіртнога”. Г. Г. Колтан, жыхар Мядзела.

На гэта пытанне папрасілі адказаць начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Я. Б. Грабяневіча:

-     У першую чаргу неабходна ведаць, што зоны адпачынку (лясныя масівы, берагі азёр, рэк, пляжы) падчас выезду туды грамадзян з’яўляюцца грамадскімі месцамі. Таму, калі ва ўказаных месцах распіванне спіртных напояў будзе адбывацца на вачах у іншых грамадзян, то настае адміністрацыйная адказнасць. Калі ж кампанія адасоблена ад старонніх і распіванне спіртнога адкрыта не дэманструецца, то склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ар­ты­кулам 17.3 КоАП РБ (распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе) адсутнічае.

У чытачоў можа ўзнікнуць пытанне: ці мажліва раскласці піва-каўбасу на месцы прыдарожнай стаянкі тыпу «грыбочкі-хаткі», якія ў вялікай колькасці размешчаны ўздоўж аўтамабільных дарог нашага раёна? Кампанія, у прынцыпе, можа ладзіць пікнік, калі прыдарожны прыпынак дастаткова выдалены ад трасы і не прадугледжвае наяўнасці масавых сведак. Іншая справа, калі адпачынак на ўлонні прыроды будзе суправаджацца злоўжываннем спіртным і адпачываючыя пачнуць распранацца, выбягаць на трасу і бясчынстваваць нейкім іншым спосабам, ствараючы пагрозу бяспецы руху і прыцягваючы ўвагу. Зразумела, можна ўжываць піва ды іншыя спіртныя напоі, калі на прыдарожнай стаянцы ёсць гандлёвы аб’ект, які рэалізуе іх, і альтанкі, належным чынам абсталяваныя.

Прадбачу пытанне, якое можа задаць вялікая колькасць жыхароў і гасцей нашага раёна. Ці можна будзе ў гарачае надвор’е наталіць смагу півам, напрыклад, на пляжы? Пляж – гэта грамад­скае месца. Але калі піва з’яўляецца безалкагольным (з аб’ёмнай доляй этылавага спірту меней 0,5%), то гэты напой цалкам можна ўжываць.

Неабходна ведаць, што пад з’яўленнем у грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць, маецца на ўвазе наступнае. Па-першае, гэта ваш знешні выгляд: калі вы відавочна неахайныя, у брудным ці рваным адзенні, ад вас здалёку і кепска пахне і ў цэлым вы здольны выклікаць агіду і гідлівасць… Па-другое, вы занадта гучна размаўляеце, чапляецеся да іншых грама­дзян, вас адкрыта «штарміць», вы страцілі пачуццё сораму і г. д.

Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць пра санкцыі за здзяйсненне падобных парушэнняў норм адміністрацыйнага заканадаўства. За распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскіх месцах, акрамя прызначаных для ўжывання алкаголю, або з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць, пагражае штраф да васьмі базавых велічынь. А калі вы ўчынілі гэтыя дзеянні паўторна, то рызыкуеце страціць суму ўжо ў памеры ад 2 да 15 базавых велічынь ці наогул патрапіць пад адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак.

Заўсёды неабходна памятаць: калі ўжо захацелася выпіць, то гэта ніяк не павінна замінаць жыць іншым, абражаць годнасць грамадзян, палохаць ці вучыць кепскаму  дзяцей, правакаваць канфліктныя ды аварыйныя сітуацыі.

Запісаў

Аляксандр ВЫСОЦКІ.



24 мая 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          06-012 0-178 Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела