З увагай да кожнага кліента

АЛЕНА Бута ў галіне бытавога абслугоўвання працуе крыху больш за год. Але гэтага часу ёй хапіла, каб бездакорнымі адносінамі да даручанай справы заваяваць аўтарытэт і павагу жыхароў не толькі аграгарадка Занарач, але і навакольных населеных пунктаў. А вяскоўцаў амаль усіх яна ведае асабіста. Як ні кажы, больш трыццаці год адпрацавала інспектарам аддзела кадраў ААТ «Занарацкі».

— Думала, пайду на пенсію і буду дома адпачываць. Аднак не змагла без работы. А тут прапанавалі заняць пасаду прыёмшчыцы заказаў комплекснага прыёмнага пункта. Крыху павагалася і дала згоду, — расказвае Алена Герардаўна.

Зазначу, што памяшканні прыёмнага пункта сустракаюць наведвальнікаў сваёй прасторай, чысцінёй і ўтульнасцю. Ёсць дзе размясціць тавары, пагутарыць з заказчыкам. Менавіта таму і ўзровень аказання паслуг даволі высокі.Галоўным у сваёй рабоце Алена Бута лічыць хуткае і якаснае абслугоўванне. Ад гэтага залежыць імідж сферы бытавога абслугоўвання на мясцовым узроўні і ў пэўнай ступені якасць жыцця людзей аграгарадка. Разумеючы іх занятасць на рабоце, ва ўласных гаспадарках, хоча наблізіць узровень бытавога абслугоўвання да стандартаў. Ды і шчыра, па-чалавечы падысці да праблем кожнага кліента.

— Якія паслугі аказваеце наведвальнікам? — цікаўлюся ў прыёмшчыцы.

— Самі разумееце, зараз адзенне і абутак каштуе не танна. Таму карыстаюцца попытам рамонт абутку і вопраткі. Бываюць заказы на пашыў мужчынскіх сарочак, — расказвае суразмоўца.

— Прабачце, а хто ў вас шые?

— Шыюць у Мядзеле, а мы толькі прымаем заказы. Першы і чацвёрты чацвер кожнага месяца да нас прыязджае цырульнік. Людзі папярэдне запісваюцца, каб потым без усялякай чаргі зрабіць сабе адпаведную прычоску. Акрамя гэтага, прымаем заказы на хімчыстку. Апошнім часам людзі з задавальненнем здаюць у хімчыстку падушкі, — працягвае размову Алена Бута.

У жыхароў Занарачы карыстаецца попытам прадукцыя камбіната бытавога абслугоўвання. Ёсць, няхай невялікі, але ўсё ж выбар пасцельнай бялізны, абрусаў і сурвэтак з лёну, вопраткі, коўдраў і многага іншага. Да таго ж і цэны ніжэйшыя, чым у рознічным гандлі.

Перад пачаткам зімы някепска прадаваліся камізэлькі, штаны, жаночыя халаты. Попыт ёсць на ручнікі і сурвэткі з надпісам «Нарач», дзіцячыя трыкатажныя касцюмчыкі. Спадарожнай пакупкай могуць стаць касметычныя і мыючыя сродкі, канцылярскія тавары. На мужчынскае і жаночае святы ў лютым і сакавіку для наведвальнікаў тут таксама быў цудоўны выбар пакупак на падарунак.

— Прымаем індывідуальныя заказы на тавары, — гаворыць Алена Герардаўна. — У нас можна ўзяць на пракат веласіпед, тэлевізар. Праўда, гэта паслуга не вельмі запатрабаваная.

Але прыёмшчыцы няма часу адпачываць на працы. Адсюль і добрыя паказчыкі ў рабоце. Заўсёды жанчына імкнецца выканаць даведзены план.

Жыццё не толькі ў яркіх фарбах. Калі здараецца трагедыя ў сям’і, то ў любы час сутак яны звяртаюцца за дапамогай, неабходнымі рытуальнымі атрыбутамі. Нікому не адмовіла Алена Бута. Хуткае і якаснае рэагаванне на патрэбы насельніцтва, пашырэнне сеткі комплексна-прыёмных пунктаў і паслуг, якія яны аказваюць, — галоўны залог поспеху развіцця структуры бытавога абслугоўвання ў раёне. Таму асабліва прыемна павіншаваць з прафесійным святам усіх, хто ў абраную прафесію ўкладвае часцінку сваёй душы.

— Хачу пажадаць калегам моцнага здароўя, аптымізму, шчасця, здзяйснення ўсіх мар, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага, — дадала на развітанне Алена Бута.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: прыёмшчыца Занарацкага КПП Алена Бута.

Фота Георгія Прысмакова.



21 сакавiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Бытавое абслугоўванне, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170  возера Мястра  возера Мястра wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси