У першую чаргу — любіць людзей

ДЗЕЙНАСЦЬ спажывецкай кааперацыі навідавоку, але заўсёды выклікае цікавасць. Сёння вы маеце магчымасць атрымаць адказы на многія пытанні: мая суразмоўца — старшыня праўлення Мядзельскага райспажыўтаварыства Аксана ГРУЗД.

— Аксана Мікалаеўна, далёкія ад спажывецкай кааперацыі людзі атаясамліваюць яе найперш з гандлем. Наколькі гэта правільна?

— Не зусім. Бо, акрамя гандлю, займаемся грамадскім харчаваннем, нарыхтоўчай дзейнасцю, бытавым абслугоўваннем. Маем дрэваапрацоўчы і швейны цэхі, будаўнічую брыгаду, транспарт. Усё гэта дазваляе ў цэлым працаваць рэнтабельна.

— Нягледзячы на канкурэнцыю з боку таго ж “Еўраопту”?

— Да канкурэнцыі нам не прывыкаць. У раёне шмат прыватных крам, і гандлююць яны не толькі прадуктамі, але і будаўнічымі матэрыяламі, бытавой тэхнікай. Пастаянна з’яўляецца нешта новае. Скажам, адкрылі запраўку з крамай — калі ласка, многае можна набыць кругласутачна. Таксама канкурэнт, хаця і не такі буйны і відавочны, як “Еўраопт”. Працуюць прыватнікі і ў грамадскім харчаванні, бытавым абслугоўванні, займаюцца нарыхтоўкамі. Канкурэнцыя — гэта добра, бо яна прымушае развівацца.— Лічыцца, што прыватнік можа прывабіць спажыўцоў ніжэйшымі цэнамі. Што робіце, каб не страціць пакупнікоў і кліентаў?

— Здараецца, што ў нашых канкурэнтаў цэны ніжэйшыя толькі на першы погляд. Бо пакупнік, набываючы пакет круп на тысячу ці паўтары танней, чым у нас, адразу і не заўжае, што круп тых не кілаграм і не дзевяцьсот грамаў. На ўпакоўцы, вядома, змешчана адпаведная інфармацыя, але ж большасць яе калі і прачытае, то ўжо дома.

А што да нашых напрацовак… Добра зарэкамендавала сябе “Ноч зніжак”. Таксама праводзім акцыі па змяншэнні гандлёвых надбавак на асобныя харчовыя тавары. Практыкуем сезонныя зніжкі. Напрыклад, пачалася акцыя на зімовы абутак, падчас яе гандлёвая надбаўка (не цана!) зменшыцца на 50%. Усё гэта сябе апраўдвае. Напэўна, менталітэт у нас такі: людзі прывыклі лічыць грошы. Тавар, які прадаецца па акцыі, разыходзіцца хутчэй. Нават калі зніжкі даюць магчымасць сэканоміць невялікую суму.

Прапануем набыццё мэблі і ювелірных вырабаў у растэрміноўку. Гэта выгадна пакупніку: за некалькі месяцаў выплаціць значную суму можна амаль незаўважна, ды і дадатковыя працэнты “не набягаюць”. У аўтакрамах, вясковых магазінах даём беспрацэнтныя харчовыя крэдыты (гандлюем, як людзі кажуць, “на вэксаль”, ці “на павер”).

У крамах, дзе ўсталяваны камп’ютарныя сістэмы, прапануем назапашвальныя дысконтныя карты.

У грамадскім харчаванні добра зарэкамендавалі сябе тэматычныя вечары: да Дня Святога Валянціна, 23 лютага, 8 Сакавіка. Карыстаюцца попытам новыя напоі, якія гатуюць у нашых кафэ і рэстаране.

Працуем таксама над культурай абслугоўвання. Гэта ў вялікіх гарадах прадаўца ці афіцыянта ніхто ў твар не ведае. У нас жа кола спажыўцоў амаль пастаяннае. Таму варта аднойчы нахаміць — і можна назаўсёды страціць гэтага пакупніка ці кліента. І, магчыма, не аднаго яго: абражаны чалавек раскажа пра сваю крыўду знаёмым. Так што ветлівасць у нашых умовах значыць не менш, чым цэны.

— Не сакрэт, што ў апошнія гады колькасць крам у невялікіх населеных пунктах скарацілася. Ці не засталіся вяскоўцы без якаснага гандлёвага абслугоўвання?

— Ні ў якім разе. Маланаселеныя вёскі абслугоўваюцца аўтакрамамі, якія па асартыменце зусім не прайграюць традыцыйным магазінам. Хутчэй наадварот. Кожны дзень аўтакрама загружаецца на складзе. Каўбасныя вырабы заказваем два разы на тыдзень, малочныя, як і хлеб, — штодзень. Усё якаснае, свежае. Для людзей адна толькі нязручнасць: магазін на колах наведваецца па графіку, а не знаходзіцца ў вёсцы пастаянна. Таму ёсць чалавечы фактар — нехта можа і спазніцца. Але ж прадаўцы ведаюць усіх пакупнікоў (не па імёнах, канечне, а ў твар), памятаюць, хто што купляе — і стараюцца нікога не пакінуць без увагі. Бывае, дзеці не ведаюць, як там бацькі ў вёсцы, а нашы прадаўцы ведаюць.

Але людзям часта псіхалагічна цяжка прыняць факт, што ў іх магазіна не будзе. Па магчымасці ідзём насустрач, захоўваючы гандлёвыя кропкі там, дзе сацыяльны стандарт дазваляе гэтага не рабіць.

— Часта райспажыўтаварыства дае аб’явы, з такім зместам: “на пастаянную работу патрабуюцца”… Вы адчуваеце кадравую праблему?

— Не магу сказаць, што яна стаіць востра. Аднак у нас шмат моладзі — натуральна, многія ідуць у водпуск па доглядзе дзіцяці. Адшукаць жа замену, асабліва калі гаворка пра працу ў вясковай краме, часам складана. Вядома, вакансіі з’яўляюцца не толькі ў сувязі з дэкрэтным адпачынкам работніц. Людзі звальняюцца і пры выхадзе на пенсію, і па прычыне змены месца жыхарства. Радзей — у сувязі з пераходам на іншую працу. Зноў жа, адкрываем новыя аб’екты — туды таксама патрэбны работнікі. А паказчык зменнасці кадраў у нас невысокі.

На некаторыя віды работ бяром і без адпаведнай адукацыі — быў бы чалавек адказны ды руплівы. Хаця кадры стараемся рыхтаваць загадзя — з жадаючымі заключаем мэтавыя дагаворы на навучанне ў ССНУ і ВНУ. І па вялікім пераліку спецыяльнасцей, бо нам патрэбны і таваразнаўцы, і бухгалтары, і юрысты, і тэхнолагі харчовай вытвочасці. Зноў жа, імкнёмся затрымаць работнікаў у нас.

— Што ў працы райспажыўтаварыства ўжо дае падставы для гонару, што маеце ў бліжэйшых планах?

— Найперш — новыя аб’екты. У студзені ў к. п. Нарач з’явіліся “Універмаг” і піцэрыя. Дарэчы, піцэрыя “Хіт” становіцца нашым брэндам. Адкрыццё такой жа запланавана ў Крывічах, ужо вядуцца рамонтныя работы. На чарзе — Свір. Пашыраем і пералік паслуг. Так, у райцэнтры сёлета з’явілася цырульня “МіЛедзі”, аналагічную плануем адкрыць у Крывічах. У бліжэйшы час набудзем яшчэ дзве аўтакрамы — па адной на Свірскую і Крывіцкую зоны.

— Аксана Мікалаеўна, якія асаблівасці характару і здольнасці трэба мець таму, хто збіраецца звязаць лёс са спажывецкай кааперацыяй?

— У першую чаргу — любіць людзей. Без гэтага ў нас працаваць нельга, нават калі ёсць розум і глыбокае веданне справы.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымку: старшыня праўлення райспажыўтаварыства Аксана Грузд.

Фота Георгія Прысмакова.



19 сакавiка 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе dsc_5774-3 06-043

Пабрацімы Мядзела