Калі справа па душы

p5180039ШМАТ шчырых, адказных людзей працуе на АСП «Вузлянка» УП «Мінскі Камароўскі рынак». Дзякуючы іх старанню і руплівасці расце хлеб, ладзяцца справы на фермах.

- Вам абавязкова патрэбна сустрэцца з Вячаславам Валянцінавічам Леановічам, – зазначыў начальнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Мікалаевіч Яначкін. – Вось гэта чалавек! Механізатар, сапраўдны майстар сваёй справы. Якую работу яму не даручыш, заўсёды выканае якасна, у вызначаны тэрмін. Да яго звяртаюцца за парадай і дапамогай іншыя хлебаробы, нікому не адмовіць…

Слухаць такія словы пра чалавека, якога даўно ведаю, вельмі прыемна. Памятаю, упершыню сустрэўся з Вячаславам, калі ён распачынаў працоўную дзейнасць у жывёлагадоўлі колішняга калгаса «Пераможац». Потым Леановічы пераехалі ў Пузыры. І Вячаслаў вырашыў змяніць прафесію. Хаця за плячыма былі Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Многія тады са здзіўленнем пазіралі на Вячаслава, маўляў, з вышэйшай адукацыяй і… на трактар. Але Леановіч лічыць, што чалавек прыносіць найбольшую карысць сабе і грамадству тады, калі займаецца справай, якая па душы. Менавіта да тэхнікі найбольш яго цягнула.

Прыгадваецца жніво 2006 года, калі ва ўрочышчы «Ержукова» хлебаробы ўбіралі ячмень. Тады ў складаных дажджлівых умовах ішла сапраўдная барацьба за хлеб. Вячаслаў Валянцінавіч кіраваў камбайнам «КЗР-10», а памочніцай у яго завіхалася дачка Святлана, студэнтка Мінскага медыцынскага каледжа. Гэты сямейны экіпаж лідзіраваў у спаборніцтве. Пасля Святлана паспяхова закончыла каледж, зараз жыве і працуе ў Маладзечне. Старэйшая дачка Ганна засталася ў Пузырах. Шмат гадоў адпрацавала ў жывёлагадоўлі і жонка Наташа. Распачынала тэхнікам па штучным асемяненні кароў, бы­ла загадчыцай фермы, заатэхнікам. Але здароўе стала падводзіць, і жанчыны вымушана была развітацца з жывёлагадоўляй. Зараз займае пасаду інжынера па ахове працы.

- На якой тэхніцы давялося працаваць? – пытаюся ў В. В. Леановіча.

- Распачынаў на трактары «Т-40». Затым кі­раваў «МТЗ-82», «МТЗ-1522», «МТЗ-1523». За мной былі замацаваны камбайн «КЗР-10», касілка «Е-303». Што датычыць работ, то выконваў самыя розныя. Араў глебу, сеяў яравыя і азімыя культуры, касіў травы, убіраў збажыну. Ды хіба ўсё пералічыш?! – усміхаючыся, адказвае ён. – А ў мінулым годзе гаспадарка набыла трактар «МТЗ-3022». Прапанавалі мне на ім працаваць.

- Чаму менавіта Леа­новічу даручылі новую тэхніку? – цікаўлюся ў М. М. Яначкіна.

- Ведаеце, трактар дарагі, прычапныя і навясныя агрэгаты да яго таксама не танныя. Тэхніку можна даверыць толькі таму, хто па-гаспадарску будзе яе эксплуатаваць. А такім чалавекам у нас з’яўляецца Вячаслаў Валянцінавіч. Браку ў рабоце ён не дапускае, – крыху падумаўшы, па­тлумачыў Міхаіл Мікалаевіч.

- Трактар магутны, а ці хапае да яго агрэгатаў, ці заўсёды вам ёсць работа? – звяртаюся да хлебароба.

- Прастойваць не даводзіцца, за выключэннем тых дзён, калі праводзіцца тэхабслугоўванне. Справа знаходзіцца практычна круглы год. Маем васьмікорпусныя абаротныя плугі, таму на ўзорванні глебы гэтай тэхніцы няма роўных. Пасяўны агрэгат «АПП-6» таксама зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Восенню мінулага года сеяў азімыя, а сёлета вясной – яравыя культуры. Камп’ютэр паказвае, што пасеяў 820 гектараў. Нядаўна набылі дыскатар «АДН-8». Гэты агрэгат таксама цудоўна паказаў сябе на апрацоўцы тарфянікаў. Маем прычэп «ПМФ-18». У бліжэйшыя дні павінны прывезці прычапную дзевяціметровую касілку. Таму, упэўнены, без работы на застануся, – адказвае Вячаслаў Валянцінавіч.

Развітваючыся, яшчэ раз углядаюся ў твар гэтага чалавека. Вочы ў яго шчаслівыя і радасныя, вусны кранае лагодная ўсмешка. Ды і апрануты ён, як заўсёды, акуратна, у чыстае адзенне. Вельмі добра, што такія людзі працуюць на палетках раёна і вырошчваюць хлеб. Менавіта яны сваім што­дзённым стараннем умацоўваюць дабрабыт жыхароў азёрнага краю.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: лепшы механізатар АСП «Вузлянка» В. В. Леановіч.

Фота аўтара.




21 мая 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

06-043 Касцёл у Мядзеле  0-170 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела