Да вяскоўца аж пад браму пад’язджае аўтакрама

ЧАСУ на размову ў нас практычна не было. Затрымліваць, каб задаць лішняе пытанне, было неяк няёмка: Данута Бабровіч і Іосіф Шусціцкі спяшаліся далей па маршруце. У гэты дзень іх аўтакрама ўжо наведала вёскі Нецькі, Сёмкі, Дубнікі, Болькаўшчызну, Ключаткі…

А наперадзе таксама яшчэ шмат вёсак (Коркі, Іванаўка, Болькава, Засвір і іншыя), дзе аўтакраму чакаюць людзі.

— З раніцы загружаем свежы хлеб, малако, крупы, каўбасы, макарону, кансервы, цукеркі, іншыя прадукты, — расказвае вадзіцель Іосіф Шусціцкі, — і ў дарогу. Распрацаваны тры маршруты. Панядзелак і чацвер едзем па адным маршруце, аўторак і пятніцу — па другім, сераду і суботу — па трэцім. Прыкладна за дзень наведваем да шаснаццаці вёсак. Па сто і больш кіламетраў накручваем. А вось у нядзелю — выхадны.

У сістэме спажывецкай кааперацыі Іосіф Альбінавіч працуе трыццаць чатыры гады. Як ён расказаў, распачынаў на грузавых бартавых аўтамабілях, а вось у апошнія гады кіруе аўтакрамай. Работай задаволены, усведамляе яе значнасць.— Кормім пенсіянераў, — і жартам, і сур’ёзна гаворыць мужчына.

Не сакрэт, што сёння менавіта людзі ва ўзросце маюць патрэбу ў абслугоўванні магазінамі на колах. У адных вёсках стацыянарных гандлёвых кропак ніколі не было, у іншых яны закрыліся па розных прычынах. Па стане здароўя пажылому чалавеку праблематычна дайсці да магазіна ці паехаць у гарадскі пасёлак, каб набыць неабходнае для свайго стала. А тут амаль пад браму ці пад парог скіроўвае аўтакрама. І хаця ёсць абавязковы асартыментны пералік тавараў прадуктовай групы, прадавец Данута Бабровіч прызнаецца, што стараецца значна пашыраць яго. Гэта не толькі выгадна пакупніку, але і прадаўцу — план тавараабароту ніхто не адмяняў.

Аўтакрама з гэтым дружным і адказным «экіпажам» заязджае не толькі туды, дзе пакупнікоў многа, але і ў вёскі, дзе іх чакае адзін ці два жыхары, як у тых жа Дубніках. Няшмат людзей жыве ў вёсках Іванаўка, Сёмкі… Такая іх работа, і выконваць яе прадавец і вадзіцель стараюцца сумленна.

— У снежні тавараабарот склаў 147 мільёнаў рублёў, — расказвае прадавец. — Летам колькасць насельніцтва ў вёсках павялічваецца — гараджане з дзецьмі ў водпуск едуць, дачнікі на сядзібах «кватаруюць»… У асенне-зімовы сезон попыт падае.

Давезці прадукты — толькі палова справы. А каб прадаць іх — гандлёвы талент патрэбен. Данута ім не абдзелена. Гаваркая, сімпатычная прадавец да таго ж ведае, што і каму парэкамендаваць, прапанаваць. Не праміне напомніць бабулі, каб унуку марожанае ці салодкага напою купіла, расхваліць гатунак каўбасы, які сама паспрабавала і ацаніла, напомніць, што варта запасы цукру папоўніць — ягада ў садзе спее… І ўважліва сочыць, каб тавар не быў пратэрмінаваны. Адзін раз падманеш — давер потым не вернеш…

— Што цяпер найчасцей купляюць вяскоўцы? — цікаўлюся ў прадаўца.

— Абавязкова каб быў хлеб, батоны, малако і малочныя прадукты. Кароў у вёсцы амаль ніхто не трымае. Ёсць попыт на каўбасныя вырабы. Праўда, у апошні час здаровую канкурэнцыю нам складае ААТ «Занарацкі». У таварыстве ёсць свой каўбасны цэх, і цэны на некаторыя іх вырабы ніжэйшыя чым у нас. Але бяруць і ў нас. Кожны ты¬дзень заказваем па 70-80 кілаграмаў каўбасных вырабаў і ўсё рэалізуем. Хлеб таксама некалькіх відаў прадаём. Атрымліваем яго з Мінска, Вілейкі. Інакш нельга, чым горшыя за гарадскіх гэтыя бабулькі і дзядулі, якія засталіся ў вёсках, — гаворыць Данута Бабровіч.

Распытваю вадзіцеля і прадаўца пра рэжым і ўмовы працы і даведваюся, што «хварэць нельга, бо без прадуктаў людзей не пакінеш», што зімой у чатыры рукі даводзіцца расчышчаць гурбы на дарогах, каб праехаць да вызначанага прыпынку.

— У адзін бок едзем — чысты шлях, а назад — перамяло ўжо. Выходзім з кабіны — і за рыдлёўку, — прызнаецца Іосіф Альбінавіч. — Было і такое, зварочваеш з бойкай дарогі, каб заехаць у вёску, а там снегу роўна з плотам. Тады Данута Лявонаўна кладзе ў сумку хлеб, малако і крочыць пешшу да вяскоўцаў. Яна добра ведае, хто і што купляе…

Дарэчы, Данута Бабровіч не навічок у гандлі: у сістэме спажывецкай кааперацыі працуе 40 гадоў.

— Пасля заканчэння Мінскага кааператыўнага тэхнікума працоўную дзейнасць распачынала ў кніжным магазіне. Потым кніжны закрылі — давялося працаваць ва «Універмагу», у «Культтаварах». А зараз вось — у магазіне харчовых тавараў, які размешчаны непадалёку ад Свірскай бальніцы, — расказвае Данута Бабровіч. — Там разам працуе Ірына Тарасевіч. Мы так размеркавалі, што тыдзень у магазіне на месцы, тыдзень на выездзе з аўтакрамай.

Задаволены работай аўтакрамы вяскоўцы. Пакуль мы размаўлялі, падышла бабулька і кажа:

— Дзякуй гэтым людзям. Яны заўсёды прывозяць усё свежае, смачнае. А Данута ветлівая, ніколі не пачуеш ад яе грубага слова. Няхай Бог дае ім моцнае здароўе за клопат пра нас, састарэлых і нямоглых…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: вадзіцель аўтакрамы Іосіф Шусціцкі і прадавец Данута Бабровіч.

Фота Георгія Прысмакова.



28 Студзень 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        1-12 dsc_5774-3 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела