Мікола Шабовіч — перакладчык

У ПАЧАТКУ года вядомы беларускі паэт-лірык, наш зямляк Мікола Шабовіч адзначыў сваё 55-годдзе. Прапануем вашай увазе з нагоды гэтага юбілею артыкул Надзеі Сенатаравай, дзе творца падаецца ў новай для яго якасці — як перакладчык.

Мікола Шабовіч — паэт, які доўгі час радуе сваіх чытачоў вершамі, многія з іх пакладзены на музыку і расквечваюць наша жыццё як песні. Ён здольны падняць настрой вытанчанай сатырай і гумарам, напісаў масу пародый, якія шырока вядомы, а некаторым з іх нават пашчасціла стаць песнямі. Апошнім часам яго прагная да новага душа раскрыла нам яшчэ адзін талент — талент перакладчыка вершаў з рускай мовы на беларускую і з беларускай на рускую. За ўсім гэтым стаіць вялікая творчая праца, бо насамрэч настойлівы пошук новых сродкаў самавыяўлення патрабуе вялікай працавітасці, дысцыплінаванасці і густу. Таксама даўно вядома, што вершаваны пераклад вельмі складаны і цяжкавыканальны.

За многія гады творчасці паэт Мікола Шабовіч выпрацаваў свой стыль, такі пэўны адбітак свайго ўнутранага свету праз вершаванае слова. І пераклады ў гэтым сэнсе не з’яўляюцца выключэннем: варта толькі прачытаць першыя радкі з яго новых перакладаў — і адразу чалавеку, знаёмаму з творчасцю М. Шабовіча, зразумела, каму яны належаць, бо кожны верш перакладчык прапускае праз сваё сэрца, як быццам свой родны, напісаны сённяшняй бяссоннай ноччу. І гэта нягледзячы на тое, што літаратурны пераклад — справа няўдзячная (яшчэ Гельвецый казаў, што перакладчык падобны на таго, хто адкаркоўвае бутэльку шыкоўнага віна, і ўся духмянасць выветрываецца), але ступіўшы на дарогу — трэба па ёй ісці, г. зн. паказваць чытачам, што духмянасць перакладаў ніколькі не горшая, а часам яшчэ і больш вытанчаная. Не кожнаму перакладчыку дадзена спасцігнуць усе нюансы гэтай справы: стыль аўтара, усе сэнсавыя адценні, усю паліфанію верша. Перакладчык Мікола Шабовіч здольны захаваць рыфмы, перадаць моўныя інтанацыі, усю вясёлку пачуццяў і характар гучання вершаў. Імпануе дакладнасць перакладаў, лёгкасць іх успрымання, прыгажосць. Нярэдка верш у перакладзе такога майстра слова атрымліваецца яшчэ больш мілагучным і дасканалым, чым арыгінал. Гэта і нядрэнна, і дапушчальна ў літаратуры, што можа быць праілюстравана словамі Жукоўскага: «Перакладчык у вершах — сапернік!». Безумоўна, вольны пераклад дае перакладчыку свабоду творчасці, у выніку чаго можа атрымацца зусім новы твор.

Галоўнае ж у тым, каб давесці да чытачоў як мага больш выдатнай паэзіі, зрабіўшы яе пераклад на іншую мову. Мікола Шабовіч пераклаў многія вершы Анатоля Аўруціна, Юрыя Фатнева, Юрыя Сапажкова, Валянціны Паліка¬нінай, Браніслава Спрынчана, Генадзя Пашкова, Таццяны Лейкі, Аляксандра Быкава, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Лізаветы Палеес, Ганны Міклашэвіч і інш. Дык давайце ўчытаемся ў пераклады Міколы Шабовіча, прасякнутыя разуменнем літаратурнага слова і любоўю да яго.

Найбольш удалыя, на мой погляд, пераклады на беларускую мову выдатнай паэзіі Ю. Фатнева, якая ад гэтага ніколькі не прайграла, але яшчэ і набыла беларускамоўнага чытача: «Далеч весніцца, чыстая, сіняя… / Рэчка Бесядзь, спакой падары» і арыгінал: «Что-то синее, невыразимое… / Речка Беседь, пора мне, пора» ; «Сонца з небнай сінізны / Залаціла кроны, / Як пілі ваду з Дзясны / Спутаныя коні» і «Солнце, глядя с вышины, / Золотило кроны. / Пили кони из Десны, / Спутанные кони» ; «Васількі Расіі, дзеці жытняй далі, / У мяне імя вы нават не спыталі. / Толькі ледзь ад ветру затрымцелі, можа. / Я для вас, напэўна ж, як і ўсе, прахожы» і «Васильки России, васильки России, / У меня вы даже имя не спросили. / Только поклонились мне в росистой дрожи. / Я для вас такой же, как и все, прохожий». А наступны верш на абедзвюх мовах аднолькава казачна-прыгожы: «Мора так бэзава-сіне ўскіпела. / Ці за акном расцвіла ўжо вербена… / Яхта чырвоная з ветразем белым — / Быццам бы прывід над кужалем пены» і «Море сиреневой синью запело. / Или цветет за окошком вербена? / Красная яхта под парусом белым, / Словно виденье, над кружевом пены».

Хочацца параўнаць і некалькі радкоў з верша А. Аўруціна з іх перакладам. Вось так яны гучаць у арыгінале: «И кривой зазубриной рассвета / Подцепив из озера зарю, / Вдруг пойму, что росказни про лето / Все равно забуду к сентябрю. / Все равно в душевном пятиструнье / Сохранится божье: «Аз воздам!», / А совсем не ночь под новолунье / В сумасбродный месяц Мандельштам…». І іх пераклад: «І крывой зазубрынай світанння / Падчапіўшы з возера зару, / Зразумею: летнія прызнанні / Я нікому ўжо не падару. / Бо ў душэўнай споведзі вясновай / Застанецца толькі «аз воздам», / А не блік начы маладзіковай / У дзівосны месяц Мандэльштам». Тонкае адчуванне верша дапамагае дасягнуць у творчай працы перакладчыка выдатных вынікаў.

Пераклад верша А. Быкава «На радзіме Максіма Танка» здзіўляе шчырасцю і праўдзівасцю радка, на абедзвюх мовах выказана любоў паэтаў да Песняра: «Я пришел поклониться местам, / Где безбрежило Танково лето. / Вновь встречают меня два креста / На последнем приюте поэта. / Монотонно дождинки шуршат, / Птиц не слышно — лишь ветер колючий. / А Поэта все светит душа, / Пробивается даже сквозь тучи» і арыгінал: «Час прыспеў пакланіцца мяжы, / Дзе праменіла Танкава лета. / Сон вярэдзяць блізняты-крыжы, / Што вартуюць прытулак паэта. / Над старонкаю роднай — імжа, / Спахмурнелі дубы, як прарокі. / А Паэтава свеціць душа, / Прабіваецца зноў праз аблокі».

У перакладзе верша А. Быкава «Камяні» толькі два першыя радкі, на мой погляд, у арыгінале маюць больш змястоўнае гучанне, чым у перакладзе. «Барануй, а затым барані / Сваё поле жыццёвае», — піша паэт, і ў беларускай мове гэтыя два словы, якія гучаць так падобна, нясуць найглыбейшы жыццёвы сэнс, які ў перакладзе крыху страчваецца і замяняецца больш павярхоўным: «Не забудь свое поле вспахать — / Поле жизни, с ухабами». Безумоўна, дакладны, даслоўны пераклад наўрад ці магчымы, ды ён і не патрэбны. Для перакладчыка галоўнае — адлюстраваць асноўную думку і настрой арыгінала, і нічога страшнага, калі пры гэтым ён трохі адступіў ад крыніцы, бо твор атрымаўся цэльны і цікавы: «Не забудь руку друга пожать, / Там, на небе, зачтется, услышится, / И, даст Бог, еще что-то напишется…. / Время камни придет собирать».

Пераклады вершаў Б. Спрынчана на беларускую мову зроблены таксама па-майстэрску. Давайце параўнаем верш «На родине» з яго перакладам. Радкі на роднай і рускай мовах ідуць поплеч, такое сугучча магчыма толькі пры наяўнасці высокай тэхнікі вершаскладання. У арыгінале: «На цветных светающих покосах / Дышится, как в юности, легко. / Медленно цедилкой веток в лозах / Цедится тумана молоко. / Цедится и льется в ковш ложбины. / А заря, проклюнув синеву, / Золотит, лоснясь, коровьи спины, / И рога, и росную траву». І пераклад: «На світальных сонечных пракосах, / Бы ў юнацтве, радасна так зноў. / Праз галін цадзілку ў росных лозах / Малако струменіць туманоў. / Цэдзіцца і льецца ў коўш лагчыны, / А зара, прабіўшы сіняву, / Залаціць кароў літыя спіны / І празрыста-росную траву». Сэнсавае напаўненне верша выдатнае.

Асобая катэгорыя — пераклады вершаў пра каханне. Гэта тэма з’яўляецца самай роднай паэту М. Шабовічу. У яго выпрацаваны спакойны, мяккі стыль перадачы праз вершаванае слова ўсёй разнастайнасці лірычных пачуццяў. І ў перакладзе вершаў Г. Міклашэвіч яго інтымная моўная палітра вельмі дарэчы: «И мы когда-то жили поцелуями, / Встречали ночи радостно-напевные, / И наши чувства растекались струями… / Ты звал меня своею королевною. / Хотя ветра когда-то нас сосватали, / Бокалы счастья — не со мною выпиты. / И ты с другой… Но разве виноваты мы, / Что наши дни суровой нитью вышиты…». Створаны тэкст, які цалкам адпавядае арыгіналу: «Калісь жылі мы толькі пацалункамі, / Страчалі ночы непаўторна-спеўныя, / І ты адорваў цёмных воч карункамі / І называў сваёю каралеўнаю…».

Лёгкасць радка і яго навізна — вось асноўныя складнікі перакладаў Міколы Шабовіча. Чытаеш іх — і адчуваеш асалоду ад сустрэчы з сапраўднай паэзіяй.

Н. СЕНАТАРАВА.



22 Студзень 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

84 0-178 06-043 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси