Выйсці “За межы круга”

ЛЮБЫ аматар наведваць прэзентацыі кніг пацвердзіць: сцэнарыі такіх мерапрыемстваў падобныя незалежна ад месца правядзення, вядомасці аўтара і тэматыкі яго твораў. Складнікі гэтых сустрэч правераны часам: расповед пра аўтара, дэкламаванне вершаў (калі кніга паэтычная), выступленні самога паэта і сяброў (калег), іншых літаратараў, магчымасць атрымаць аўтограф напрыканцы.

Ці было ўсё гэта на прэзентацыі кнігі Аляксандра Быкава “За межы круга”?

Было, вядома. Але так захапляльна, адначасова весела і ўзнёсла! За цікавым зместам не было калі і думаць пра форму, якая не проста не падвяла, а прыйшлася да месца. А вось дакладна не было на мерапрыемстве сумных, але “правільных” прамоў і выпадковых людзей.
Але ж пра ўсё па парадку. У сталічным выдавецтве “Каўчэг” выйшла кніга выбранай лірыкі нашага земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Быкава. А прэзентацыя паэтычнага зборніка адбылася ў актавай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. І прайшла ўдала, хаця і праводзілася ў пятніцу, 13-га.На сустрэчу прыйшлі члены клуба самадзейных літаратараў “Медуніца”, гімназісты, родныя і сябры аўтара, яго былыя і цяперашнія калегі ды іншыя аматары паэзіі.

Пра віноўніка ўрачыстасці (а нарадзіўся ён у Барысаве, з 1985 года жыве ў Мядзеле, працуе загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты “Нарачанская зара”; разам з жонкай Таццянай Барысаўнай выгадаваў дачку і сына, мае ўнукаў; сур’ёзна займаецца бегам, удзельнічае ў марафонах) і яго творчасць (“За межы круга” — ужо чацвёртая кніга) расказала вядучая Таццяна Нырцова. Вершы са зборніка прачытала Таццяна Конанава. Прагучалі таксама песні на словы Аляксандра Быкава. Адну з іх — “Твайму агню” — выканала аўтарка — Людміла Мінкоўская. Другая — “Гораду Барысаву” (аўтар музыкі і выканаўца — Віталь Кісель) — прагучала ў запісе. Пра чалавека і паэта Аляксандра Быкава гаварылі кіраўнік клуба самадзейных літаратараў Мядзельшчыны “Медуніца” Валянціна Ефімава, краязнаўца Іван Драўніцкі, паэтэса са Смаргоні Ала Клемянок (яна пажартавала, што дзеля ўдзелу ў прэзентацыі нават адклала паездку ў Парыж), гісторык Уладзімір Серадзінскі, даўні сябар Юрась Малахоўскі, былая калега Яніна Буглак. І кожны знайшоў патрэбныя словы:

* Смялей выходзь за межы круга, ідзі на ўздым і запалі над гэтым кругам сваю нязгасную зорку, каб яна ярка гарэла над нашай Мядзельшчынай.

Валянціна Ефімава.

* … І вось я тут, чытаю гэты верш,

Таму, з кім аднаго пасём Пягаса.

І зычу я яму дабра найперш,

Натхнення, і каб быў

да вершаў ласы.

Ала Клемянок.

* Паэту баліць душа за родную мову, якую цяпер рэдка пачуеш дома. Ён захаваў трапяткую павагу і любоў да Радзімы і Мовы. Пра гэта — твор “На радзіме Максіма Танка”. У вершы “Камяні” паэт заклікае бараніць свае набыткі, рупна збіраць камяні гістарычнай мінуўшчыны.

Іван Драўніцкі.

* Сядзеш, возьмеш кніжачку Аляксандра Быкава (любую з тых, што выйшлі), на любой старонцы разгорнеш… Калі разгорнецца на філасофскіх вершах, тады думаеш-думаеш — і адтайваеш сэрцам, душою. І ўжо глядзіш у будучыню з аптымізмам.

Уладзімір Серадзінскі.

* Некалі ў Старым Запавеце прачытала: “Калі ты не халодны і не гарачы, то табе няма месца ў Маім Доме.” Доўга не ведала, як гэта зразумець. А верш “Замест эпітафіі” дапамог усвядоміць значэнне біблейскіх радкоў.

Яніна Буглак.

* Я расшыфраваў назву зборніка як імкненне вырвацца з кола. Тут можа быць розны падтэкст, але, па-мойму, гэта — павяртанне чалавека да самога сябе. Бо кола — гэта сімвал вечнасці. Хоць я і не паэт, але натхніўся:

… Грукоча кола лёсу пакаленняў,

Бязмоўем рэха на шляхах ляжыць.

Вярнуцца б да сябе

хоць на імгненне,

Каля вытоку вечнасці пражыць.

Юрась Малахоўскі.

Патлумачыў значэнне назвы кнігі і сам Аляксандр Быкаў:

— Гэта памкненне чалавека выйсці, вылецець за межы круга праблем, быцця, усялякага друзу, усяго таго, з чаго заўсёды хочацца да нечага светлага, добрага. Гэта памкненне чалавека вечнае. Тым ён і адрозніваецца ад іншых, тым ён і Чалавек, што імкнецца да больш высокага, светлага.

Можна і шырэй браць: за межы круга Зямлі як планеты. Заўсёды хочацца бачыць ці хоць здагадвацца: што там, за межамі зямнога круга?

А напрыканцы кожны ахвотны набыў паэтычны зборнік (з аўтографам, а як жа інакш!).

Хочацца падзякаваць работнікам бібліятэкі, што прыязна сустрэлі выхад новай кнігі земляка: згаданая сустрэча з чытачамі — ужо не першая (напярэдадні была ў Занарацкай сельскай бібліятэцы). А ўвогуле, Аляксандр Быкаў, хоць аўтар ужо досыць вядомы, але чалавек зусім нефанабэрысты і на пад’ём лёгкі. Так што, калі захочаце ў сваёй бібліятэцы, школе ці працоўным калектыве сустрэцца з паэтам — запрашайце: думаю, не адмовіць. А яшчэ пачытайце яго вершы (ёсць у бібліятэцы): можа, і вам яны дапамогуць выйсці за межы круга, узняцца над мітуснёй, абыякавасцю, будзённасцю?

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымку: аўтар паэтычнага зборніка “За межы круга” Аляксандр Быкаў.

Фота Георгія Прысмакова.



10 Студзень 2014.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   06-012 Царква ў Слабадзе Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси