Яна малявала Свiр | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Яна малявала Свiр

КАЛІ трапляеш у г. п. Свір, ствараецца ўражанне, што бачыш перад сабой нейкі старажытны казачны палац. У пасёлку так шмат даўніны! Вось высачэзны ўзгорак, з якога, нібы з вышыні птушынага палёту, адкрываецца цудоўная панарама: бачны навакольныя азёрныя краявіды, велічны будынак касцёла, рэшткі стараверскай царквы. Яшчэ і сёння многія старадаўнія забудовы, якія захаваліся, выглядаюць надзейна. Колькі ціхай лірыкі, разважлівага спакою ва ўсім гэтым! Зусім не дзіўна, што ўбачанае імкнуцца адлюстраваць у сваіх творах некаторыя мастакі. Пра аднаго з іх мы даведаліся нядаўна падчас мерапрыемства, арганізаванага ў нашай школе.

З цікавасцю вучні слухалі аповед пра кароткі, але вельмі яркі лёс маладой мастачкі Ірыны Сяржанінай, знаёміліся з яе лірычнымі пейзажнымі замалёўкамі Свіры. Кожнае дзіця па-свойму творчае. Таму для хлопчыкаў і дзяўчынак гэта судакрананне са светам мастацтва стала ўсведамленнем таго, што і ў звычайным можна ўбачыць нешта чароўнае, прыгожае.З болем у сэрцы ўспрынялі многія з прысутных паведамленне пра нядоўгае і, разам з тым, складанае жыццё Ірыны Сяржанінай. Нарадзілася яна 5 снежня 1967 года. Працяглы час іх сям’я жыла ў Салігорску, дзе дзяўчынка, апрача звычайнай, наведвала яшчэ і мастацкую школу. У 1983 годзе Ірына паступіла на вучобу ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Пасля яго заканчэння працавала ў якасці выкладчыцы выяўленчага мастацтва ў школе ў Салігорску. Пазней зноў была вучоба ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе і адбылося яе глыбокае прафесійнае станаўленне. Там жа Ірына пазнаёмілася і са сваім будучым мужам — студэнтам аддзялення манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Русланам Вашкевічам. У іх нарадзіўся сын Арсеній. Аднак сямейнае жыццё не склалася. Праз два гады жанчына засталася адна з маленькім сынам. Затое ў творчасці Ірына Сяржаніна змагла сябе праявіць даволі актыўна. Яе карціны экспанаваліся ў Германіі, Польшчы, яны прыцягвалі да сябе ўвагу знаўцаў і аматараў мастацтва. Аднак жыццё маладой мастачкі раптоўна абарвалася. Аднойчы, вяртаючыся з чарговай паездкі на радзіму, непадалёку ад Гайнаўкі, што знаходзіцца ў Падляскім ваяводстве ў Польшчы, Ірына Сяржаніна загінула ў аўтакатастрофе. Ёй было толькі 26 гадоў.

Так, кароткім аказалася жыццё мастачкі. Аднак, не зважаючы на гэта, яна паспела зрабіць вельмі шмат: стала аўтарам больш чым 50 карцін. Дарэчы, 19 з іх творца прысвяціла Свіры.

Вось такое цікавае знаёмства з творчасцю Ірыны Сяржанінай адбылося нядаўна ў нашай школе. А дапамог нам у гэтым вядомы краязнаўца Іван Пятровіч Драўніцкі.

Лізавета РАБІНОК.

Вольга ЛАВЕЦ.

Вучаніцы Камароўскай СШ.



20 снежня 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра 0-178 возера Глубелька Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси