Жыццёвыя праблемы не застаюцца па-за ўвагай

АДНА з галоўных задач сучаснасці для кожнага рэгіёну краіны — навядзенне парадку на зямлі. Што зроблена сёлета па яе вырашэнні ў азёрным краі? Дзе найбольш плённа папрацавалі ў гэтым напрамку, а дзе па розных прычынах не надаюць належнай увагі добраўпарадкаванню населеных пунктаў? З такіх пытанняў і пачалася наша гутарка са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Алегам БАРОЎКАМ:

— Сапраўды, навядзенне парадку на зямлі — адзін з галоўных накірункаў у дзейнасці органаў мясцовай улады, а яе выкананне — бесперапынны працэс. І сёлетні год не стаў выключэннем. Найбольш значныя аб’ёмы работ выкананы пры падрыхтоўцы аграгарадка Будслаў і навакольных населеных пунктаў да святкавання 400-годдзя цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. На тэрыторыі тамтэйшага сельскага Савета сіламі нашага прадпрыемства меліярацыйных сістэм убраны дваццаць шэсць падмуркаў знесеных старых пабудоў, рэкультываваны пад дзве тысячы метраў квадратных хмызнякоў. Даволі маштабная работа праведзена таксама па наданні прывабнага выгляду парку на цэнтральнай вясковай плошчы, які прылягае да храма. У вёсках устаноўлена і пафарбавана тры з паловай кіламетра новых платоў. Калі ўзяць у цэлым па Мядзельшчыне, то з пачатку года ліквідаваны 212 несанкцыянаваных звалак смецця, спілена 222 старыя дрэвы, якія ўяўлялі пагрозу для людзей і будынкаў. Прыкметна прыбавілася ў населеных пунктах і сучасных агародж. Два разы на месяц спецыяльныя рабочыя групы ажыццяўляюць у раёне маніторынг па пытаннях навядзення парадку на зямлі, выдаюць пры неабходнасці арганізацыям і насельніцтву рэкамендацыі і адпаведныя прадпісанні. На мой погляд, найбольш актыўна і аператыўна праблемы добраўпарадкавання вырашаюцца ў Сваткаўскім, Крывіцкім, Княгінінскім, Нарацкім і Занарацкім сельскіх Саветах дэпутатаў.

А вось у Слабодскім і Мядзельскім сельсаветах, лічу, налета неабходна больш плённа працаваць у гэтым напрамку. Да 1 снежня ў нас распрацуюць, абмяркуюць і зацвердзяць планы па добраўпарадкаванні на тэрыторыі кожнага мясцовага рэгіёну на наступны год. Прыярытэт у іх нададзім адміністрацыйнай практыцы і рабоце з насельніцтвам.

— Алег Алегавіч, самая складаная для вяскоўцаў пара года — зіма: мароз, завеі, перадзьмутыя дарогі. Скажыце, ці ўсе жыхары забяспечаны на зіму палівам?

— Усе, хто ставіў перад сабой такую мэту, забяспечаны спаўна. Кажу менавіта так таму, што ёсць грамадзяне, якіх неабходна прымушаць аб гэтым паклапаціцца. Частка насельніцтва вырашае пытанне паліва шляхам саманарыхтоўкі дроў у лясніцтвах Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Няхай трохі турботна, затое танна. Мядзельскі філіял унітарнага прадпрыемства “Мінаблпаліва” сваё заданне па пастаўцы дроў насельніцтву выканаў на 105 працэнтаў, торфабрыкету —на 109. У кожным сельскім Савеце дэпутатаў вядзецца ўлік грамадзян, якія жадаюць набыць паліва. Здараецца, пэўны ажыатаж на яго ўзнікае бліжэй да Новага года. Асаб¬ліва на тое, якое адпускаецца па льготных, датаваных цэнах. У такіх выпадках кожная такая заяўка разглядаецца ў індывідуальным парадку з выездам на месца. І калі аказваецца, што ў чалавека на самой справе па¬ліва заканчваецца, яно аператыўна яму завозіцца.

— Дні ў лістападзе кароткія, рана цямнее. Алег Алегавіч, як вы ацэньваеце асвятленне глухімі восеньскімі вечарамі вёсак і пасёлкаў Мядзельшчыны?

— Адразу адзначу, што асвятленне населеных пунктаў у нас ажыццяўляецца згодна з нарматывамі сацыяльных стандартаў. У аграгарадках — гэта 80 працэнтаў агульнай працягласці вуліц. У астатніх вёсках стандарт лічыцца выкананым, калі ліхтары працуюць на ўездзе і выездзе з населенага пункта, а таксама пасярэдзіне яго альбо каля аб’екта сацыяльна-культурнага прызначэння. Калі ж паселішча вялікае, мае некалькі працяглых вуліц, яны асвятляюцца па вышэйадзначаным прынцыпе. Большую асветленасць маюць тыя населеныя пункты, праз якія праходзяць дарогі абласнога і рэспубліканскага значэння.

— Вялікую ролю ў нашым жыцці адыгрываюць шляхі зносін: вуліцы, дарогі. Ці заўсёды яны падтрымліваюцца ў тых жа аграгарадках у належным стане?

— Падтрыманне ў належным стане дарог рэспубліканскага значэння — гэта клопат “ДЭУ-66”, усіх астатніх — “ДРБУ-133”, уключаючы вуліцы населеных пунктаў, якія не з’яўляюцца аграгарадкамі. А вось у аграгарадках гэтым займаецца Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка. У цэлым, па маім меркаванні, стан дарожнай сеткі здавальняючы, усе неабходныя рэгламентныя работы праводзяцца ў вызначаныя тэрміны. Не застаюцца без увагі і адпаведныя заяўкі наконт рамонту альбо абслугоўвання вуліц, якія паступаюць з сельскіх Саветаў дэпутатаў. Канечне, ёсць і праблемы. Адна з іх — старыя брукаваныя вуліцы населеных пунктаў, дзе неабходна выконваць значныя аб’ёмы па падсыпцы.

— Наша жыццё, на жаль, складаецца не толькі з прыемных момантаў, свят. Здараецца, што чалавек адыходзіць у іншы свет. І яго сваякам бывае даволі праблематычна знайсці людзей выкапаць магілу, адшукаць падыходзячы транспарт. Алег Алегавіч, куды і да каго можна звярнуцца ў такіх выпадках, каб дастойна праводзіць чалавека ў апошні шлях?

— Як мне здаецца, гэта праблема не носіць масавага характару. Традыцыйна, яшчэ з савецкіх часоў, праводзіць чалавека ў апошні шлях дапамагаюць арганізацыі і працоўныя калектывы, дзе ён рабіў. На вёсцы пры неабходнасці ніколі не застаюцца ў баку сельскія Саветы дэпутатаў, кіраўніцтва гаспадарак. Адпаведныя паслугі на платнай аснове аказвае Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка. Іншая справа, што ёсць пажаданні стварыць пры гэтым прадпрыемстве спецыялізаваную службу. Але ж яна можа быць толькі самаакупнай, што рэальна ў больш вялікім па колькасці жыхароў горадзе, чым Мядзел. Таму, калі такія праблемы ўсё ж узнікаюць у сілу нейкіх прычын, раю звяртацца ў мясцовы орган улады — сельскі ці раённы Савет дэпутатаў.

— Па шматгадовай традыцыі закуп малака ад насельніцтва курыруюць сельскія Саветы дэпутатаў. Наколькі плённа папрацавалі яны тут сёлета, як мы выглядаем у параўнанне з іншымі раёнамі сталічнай вобласці? І, нарэшце, Алег Алегавіч, якая падтрымка аказваецца тым людзям, якія жадаюць весці ўласную падсобную гаспадарку?

— Усе арганізацыйныя пытанні тут павырашаны. Кожнаму чалавеку, які мае жаданне прадаць лішкі малака дзяржаве, такая магчымасць прадастаўлена. За дзесяць месяцаў бягучага года ў насельніцтва Мядзельшчыны яго закуплена 2162 тоны альбо 2331 кілаграм ад каровы. Па валу сярод рэгіёнаў Міншчыны мы сёмыя ў сталічнай вобласці. Адзначу і наступнае: сёлета зменшылася колькасць выпадкаў, калі малако вярталася людзям назад з-за дрэннай якасці ці наяўнасці ў ім антыбіётыкаў. На працягу года вырашаліся пытанні па забеспячэнні асабістай жывёлы кармамі, абнаўленні дойнага пагалоўя. Цяпер у раёне вывучаюцца патрэбы насельніцтва ў пагалоўі буйной рагатай жывёлы, авечак і птушак з населеных пунктаў, якія ўвайшлі ў 5-кіламетровую зону свінакомплексу “Брусы” з мэтай аказання дапамогі ў яго набыцці па спецыяльных цэнах. А напрыканцы нагадаю, што кожную 2-ю і 4-ю сераду месяца праводзяць прыём грамадзян па асабістых пытаннях старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, а кожны першы і трэці панядзелак я чакаю наведвальнікаў у сваім кабінеце. Можна пры якойсці патрэбе звярнуцца да мяне і па нумары тэлефона 54-5-49.

Гутарыў

Павел ЖУКАЎ.



20 лiстапада 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ Касцёл у Мядзеле  Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела