З успамінаў пра Казіміра Сваяка і Засвір

ПАЗНАЁМІМ нашых чытачоў з урыўкам з успамінаў пра ксяндза Канстанціна Стаповіча (літаратурны псеўданім Казімір Сваяк). Ён служыў у Засвірскім касцёле ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя. Напісаў гэтыя ўспаміны яго брат Бярнард Стаповіч.

“З Засвірскай парафіяй звязана найбольш інтэнсіўная літаратурная і грамадская дзейнасць Кастуся ў апошнія гады ягонага жыцця. Дзеля гэтага варта звярнуць большую ўвагу на гэтую мясцовасць і на ўмовы, у якіх яму даводзілася працаваць.

Была гэта малая парафія, да якой належалі пяць невялікіх вёсак (Засвір, Коркі, Унукі, Ключаткі і Дубнікі) на паўночны ўсход ад мястэчка Свір — даўнейшай сядзібы князёў Свірскіх. Адлегласць яго ад Засвіра, напрасткі цераз возера, лічыла ўсяго тры кіламетры, але, каб абмінуць кругом канец возера, трэба было зрабіць каля васьмі кіламетраў.

Жыхары парафіі — пераважна беларусы, каталікі і жменька праваслаўных. Касцёл быў стары і знішчаны. Перад вайной была праваслаўная царква, пераробленая пасля паўстання 1863 года з кармеліцкай кляштарнай святыні. Пасля прыходу польскай улады па Першай сусветнай вайне праваслаўную царкву перарабілі на каталіцкі касцёл, і першым пробашчам быў там прызначаны Кастусь…

Калі пробашчам у Засвіры быў Кастусь, да касцёла належала ўдобная зямля, якую “напала¬віну” абрабляў стары яшчэ царкоўны “палавічнік” прозвішчам Налівайка — праваслаўнай рэлігіі. Помню, што Кастусь яго вельмі шанаваў як чалавека высокай чэснасці і справядлівасці. Нічога я не чуў пра далейшы лёс гэтага чалавека, не ведаю, ці застаўся ён пры касцельнай зямлі пасля смерці Кастуся.

Добра яшчэ памятаю, што пры кляштары быў стары вялікі сад, у якім было многа фруктовых дрэў. Навакол саду раслі старыя, некалькісотгадовыя дубы, утвараючы прыгожую палісаду ўздоўж сцежак-дарожак.

Размяшчэнне ўсёй касцельнай сядзібы было вельмі прыгожае. Да касцёла і кляштарных муроў з боку Свірскага возера падыходзіў сасновы лес, а з другога боку былі вясковыя хаты з гаспадарчымі будынкамі і гародамі. Засвірскі касцёл з прылеглымі да яго кляштарнымі мурамі знаходзіўся на невялікім узгорку, з якога рассцілаўся вельмі прыгожы краявід на недалёкае возера і навакольныя сялянскія сялібы.

У часах Першай сусветнай вайны Засвір знайшоўся ў франтавой паласе. У кляштарных мурах размяшчаўся нямецкі ваенны франтавы шпіталь. Памяць пра яго засталася вялікім ваенным магільнікам, крыжы якога знаходзіліся пад вокнамі кляштарных келляў, сярод якіх памяшчалася парафіяльная плябанія. Памёршыя ў шпіталі ці палеглыя на недалёкім фронце нямецкія салдаты спачывалі пад выраўненымі па-ваеннаму крыжамі з імем, прозвішчам, абазначэннем вайсковага чыну, даты нараджэння і смерці пахаванага.

Для Кастуся старыя, двухсотгадовыя, тоўстыя і вільготныя муры не былі карысным памяшканнем. Напэўна, гэтыя ўмовы мелі толькі прыспяшаць далейшае развіццё сухотаў, нягледзячы на тое, што кожны год па некалькі месяцаў праводзіў Кастусь у Закапаным.

Будучы ў гэтым часе вучнем віленскай беларускай гімназіі, усе летнія і святочныя канікулы я праводзіў з Кастусём у Засвіры. Хоць з тых часоў мінула ўжо больш чым паўвеку, я вельмі добра памятаю перажываныя тады здарэнні. Памятаю кожны кут у засвірскай плябаніі і ваколіцы. Памятаецца доўгі, цёмны калідор, з дзвярамі да кляштарных келляў. Ён пачынаўся ў касцельнай закрыстыі і цягнуўся да апошніх келляў. Да закрыстыі прылягалі ўваходныя сені, далей была кухня, пакой службы, сталовая, супольны пакой нашай маці і мой, а ў канцы калідора — два пакоі Кастуся і забудаваная многімі паліцамі багатая бібліятэка. Усе памяшканні былі ў сапраўднасці малымі кляштарнымі келлямі, за выключэннем сталовай, якая спаўняла тую самую ролю і ў даўнейшыя часы (кляштарны “рэфектар”).

Кляштарныя муры былі пабудаваныя ў форме падковы, абодва канцы якой упіраліся ў касцёл. Адно крыло гэтай падковы даходзіла да касцёла перад галоўным алтаром, а другое — выходзіла да галоўных дзвярэй, у так званы бабінец. У сярэдзіне гэтай падковы, акружанай мурамі кляштара, знаходзіўся агарод. Плябанія займала паўднёвае крыло кляштарнай падковы. Паўночнае і ўсходняе крыллі гэтай падковы знаходзіліся пад адзінай супольнай страхой.

Іх займаў прытулак для ваенных сірот.

…Кастусь, наогул, быў вельмі таварыскім чалавекам. Любіў, калі да яго часта прыходзілі ўсякія госці з рознымі справамі. На плябаніі амаль што¬дня можна было спаткаць не толькі людзей з мясцовай, але нават з суседніх парафій, з Шэметава і са Свіры.

А з другога боку, ён сам часта адведваў сялян. Любіў зайсці да вядомага яму гаспадара, каб проста пагутарыць пра бягучыя справы, пра тое, што дзеецца на свеце, выслухаць уважна людскія турботы і даць патрэбную раду.

Запрашаў да сябе на плябанію і любіў, калі заязджалі да яго далейшыя госці. Асабліва цаніў ён тых, што былі свядомымі беларусамі і актыўна працавалі на беларускай ніве. Некаторыя з іх гасцілі ў Засвіры месяцамі. Такім быў, напрыклад, беларускі настаўнік на прозвішча Лемеш, які, здаецца, знаходзіўся ў цяжкай матэрыяльнай сітуацыі.

Кастусь прывёз яго ў Засвір, вяртаючыся з аднаго выезду ў Вільню.

На плябаніі казаў, што прывёз для мяне настаўніка. I праўда, той на летніх канікулах даваў мне лекцыі паводле гімназіяльнай праграмы”.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

 

 



01 лiстапада 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Касцёл у Мядзеле  возера Глубелька 1-12

Пабрацімы Мядзела